Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4,5 мільёна. Навукоўцы падлічылі рэальную колькасьць ахвяр Галадамору ва Ўкраіне


Сотні тысяч, мільён, чатыры, сем і нават 15 мільёнаў. Колькасьць ахвяраў Галадамору 1932–1933 гадоў нярэдка выкарыстоўваюць ў якасьці палітычнага інструмэнту. Нехта іх колькасьць завышае, нехта іх заніжае. Навукоўцы ж, спасылаючыся на архіўныя дакумэнты і ўласныя падлікі, называюць сваю лічбу, а таксама прычыны, паводле якіх голад называюць штучным.

Украінская служба Радыё Свабода расказвае аб дасьледаваньні ўкраінскіх і амэрыканскіх навукоўцаў.

У ліпені 1941 году падчас наступу нямецкіх войскаў савецкая ўлада вырашыла зьнішчыць некаторыя дакумэнты з кіеўскіх архіваў. Сярод іх — статыстыку насельніцтва Украіны ў гады голаду.

Копія гэтых дадзеных ўсё ж захавалася ў Маскве, у Расейскім дзяржаўным архіве эканомікі. Пяць гадоў таму ўкраінскія навукоўцы з Інстытуту дэмаграфіі і сацыяльных дасьледаваньняў скапіявалі і прывезьлі гэтыя дакумэнты ва Ўкраіну. Разам з калегамі з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны і Ўкраінскага навуковага інстытуту Гарвардзкага ўнівэрсытэту яны апублікавалі дасьледаваньне, у якім, спасылаючыся на архіўныя дакумэнты, прыводзяць ня толькі колькасьць ахвяраў, але і прычыны, паводле якіх, як яны лічаць, голад ва Ўкраіне быў створаны штучна.

Архіўны дакумэнт з фондаў Расейскага дзяржаўнага архіву эканомікі. У ім утрымліваецца інфармацыя пра сьмяротнасьць ва Украіне паводле ўзросту і полу ў 1933 годзе. Такіх дакумэнтаў у кіеўскіх архівах няма
Архіўны дакумэнт з фондаў Расейскага дзяржаўнага архіву эканомікі. У ім утрымліваецца інфармацыя пра сьмяротнасьць ва Украіне паводле ўзросту і полу ў 1933 годзе. Такіх дакумэнтаў у кіеўскіх архівах няма

Ахвяры Галадамору

Каб даведацца колькасьць загінулых падчас голаду, навукоўцы рэканструявалі статыстыку нараджальнасьці і сьмяротнасьці ва Ўкраіне паміж 1927 і 1939 гадамі. Абапіраючыся на афіцыйную савецкую статыстыку, навукоўцы зрабілі ўласныя падлікі аб тагачаснай дэмаграфіі, прыбраўшы, па іх словах, магчымыя махінацыі савецкай улады са статыстыкай ў тыя гады.

Пасьля вызначэньня рэальнай статыстыкі ад ліку ўсіх тых, хто нарадзіўся ў гады Галадамору аднялі колькасьць тых, хто памёр сваёй сьмерцю. Навукоўцы высьветлілі, што:

  • У голад ў 1932 годзе ва Ўкраіне загінулі 250 тысяч чалавек.
  • У 1934 годзе, калі лічылася, што голад скончыўся, — 160 тысяч чалавек.
  • У 1933 году загінулі 3 мільёна 530 тысяч чалавек.
  • За гэты час з прычыны голаду не нарадзіліся каля 600 тысяч дзяцей.

Такім чынам, падлічылі навукоўцы, Украіна страціла каля 4,5 мільёнаў людзей.

Штучны голад

У сваім дасьледаваньні навукоўцы спрабуюць даказаць, што голад ва Ўкраіне быў створаны штучна.

Па-першае, пішуць навукоўцы, засухі і неўраджаі, якія можна назваць прычынамі голаду ў краіне, здараліся ва Ўкраіне і раней, але ніколі да гэтага не прыносілі столькі ахвяраў.​

Па-другое, 90 адсоткаў усіх сьмерцяў прыпадае на 1933 год. На працягу шасьці месяцаў загінулі каля 3 мільёнаў людзей. Пік сьмерцяў прыпадае на чэрвень, калі за суткі паміралі да 28 тысяч людзей. Так масава і хутка ад натуральнага голаду ня гінулі нідзе і ніколі ў сьвеце, сьцьвярджаюць навукоўцы.

Па-трэцяе, ня ўсе рэгіёны Ўкраіны пацярпелі ад голаду аднолькава. У голад 1921–1923 і 1946–1947 гадоў больш за ўсё пакутавалі жыхары ўкраінскага поўдня, дзе традыцыйна здаралася засуха і, адпаведна, неўраджай. Але ў 1933 году большасьць людзей загінулі ад голаду не на поўдні, а ў цэнтры краіны.

Навукоўцы сьцьвярджаюць: масавая сьмяротнасьць — гэта наступства жорсткіх рэпрэсій і рэквізыцыі ежы, а ня засух і неўраджаяў.

Голад па-за Ўкраінай

Навукоўцы таксама правялі разьлікі колькасьці ахвяраў голаду ў Расеі і Казахстане.

Паводле гэтых дадзеных, больш за ўсё людзей загінулі ва Ўкраіне. У Расеі загінулых трохі менш — 3 мільёны 265 тысяч. У Казахстане — 1 мільён 258 тысяч.

Але калі суаднесьці колькасьць ахвяр з колькасьцю насельніцтва краіны, стане зразумела, што сытуацыя ў Казахстане была найгоршай. Там, паводле падлікаў навукоўцаў, загінулі больш за 22 адсоткі жыхароў краіны. Ва Ўкраіне — больш за 13 адсоткаў, у Расеі — крыху больш за 3 адсоткі.

Паводле навукоўцаў, масава ад голаду ў Расеі людзі гінулі толькі ў пэўных рэгіёнах. У прыватнасьці, на Кубані, дзе каля 50 адсоткаў жыхароў складалі ўкраінцы. Шмат ахвяраў таксама сярод немцаў Паволжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG