Беларусь упершыню паўдзельнічала ў праграме, якая ацэньвае веды школьнікаў ва ўсім сьвеце.
Найвышэйшы ўзровень паказваюць азіяцкія школьнікі — з Кітаю, Сынгапуру, Макао. З эўрапейскіх краінаў найлепшыя паказьнікі ў школьнікаў Эстоніі, Фінляндыі, Ірляндыі, Польшчы. Нават расейскія школьнікі крыху абагналі беларускіх. Аднак Міністэрства адукацыі лічыць, што для першага ўдзелу краіны ў дасьледаваньні PISA «вынік годны».
Што такое PISA, дзе ўпершыню ўдзельнічалі беларускія школьнікі
Міжнародная праграма ацэнкі адукацыйных дасягненьняў навучэнцаў (Programme for International Student Assessment, PISA) — тэст, які ацэньвае ўзровень ведаў школьнікаў усяго сьвету. У апошнім дасьледаваньні бралі ўдзел 79 краінаў і рэгіёнаў. Беларускія школьнікі ўпершыню праходзілі тэст PISA ўвесну 2018 году.
У дасьледаваньні PISA-2018 у Беларусі прымалі ўдзел 236 установаў адукацыі. Зь іх:
- 136 школаў
- 27 гімназіяў
- 6 ліцэяў
- 13 установаў сярэдняй спэцыяльнай адукацыі
- 14 прафэсійна-тэхнічных навучальных установаў.
Выбірала ўстановы адукацыі выпадковым чынам арганізацыя Westat, ЗША. Удзел у тэставаньні ўзялі 5830 пятнаццацігадовых падлеткаў. Тэставаньне праводзілася ў кампутарным фармаце, на тэсты адводзілася 2 гадзіны, а 35 хвілін — на апытаньне.
Беларусь — у сярэдзіне рэйтынгу, займае 36–38 месца з 79
Паводле вынікаў дасьледаваньня, за ўменьне чытаць і разумець Беларусь атрымала 474 балы. Сярэднім усясьветным узроўнем лічыцца 454 балы. Лідэр тут Кітай — 555, у Эстоніі 523, у Польшчы 512, у Расеі 479 балаў.
У матэматыцы Беларусь набрала 472 балы, сярэдні паказьнік — 459 ( у Кітаю 591, у Эстоніі 523, у Польшчы 516, у Расеі 488).
У прыродазнаўчых навуках Беларусь мае 471 бал пры сярэднім 458. У Кітаю 590, у Эстоніі 530, у Польшчы 511, у Расеі 478.
Міністэрства адукацыі: «Для першага ўдзелу вынік годны»
Намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Кадлубай адзначыў, што для краіны гэта першы досьвед удзелу, і вынік годны.
«Расея ўдзельнічае з 2000 году, у 2018 годзе быў яе чацьверты ўдзел, а Беларусь — упершыню, і ўжо знаходзіцца ў першай палове рэйтынгу. То бок нашыя вынікі вышэйшыя за першыя вынікі Расеі», — перакананы Аляксандар Кадлубай.
Дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Юры Міксюк прызнаў, што вынікі ніжэйшыя за агульнаўсясьветныя, але яны нармальныя.
«Мы блізкія да сярэдніх краінаў. Усе школы паказалі добрыя вынікі. А ліцэі, гімназіі паказалі вынік на ўзроўні ўсясьветных лідэраў. Як пажартаваў адзін з экспэртаў, „з даху міністэрства адукацыі Сынгапуру відаць усе школы краіны“. Мы, вядома ж, ад іх адрозьніваемся.
Абавязкова зробім дэталёвы аналіз вынікаў, мы самакрытычныя. Дасьледаваньне дапаможа знайсьці хваравітыя пункты ў сыстэме адукацыі», — запэўніў дырэктар РІКВ.
Чыноўнікі паабяцалі цягам 10 дзён апублікаваць нацыянальны даклад, які падрыхтавалі арганізатары і экспэрты тэставаньня адмыслова для Беларусі. А таксама заданьні, аналягічныя тэстам PISA, вывучаць на факультатывах.
З суседзяў горшая за Беларусь толькі Ўкраіна
Дырэктар рэпэтытарскага цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт кажа, што вынікі пакуль ацэньваць складана, бо Беларусь упершыню ўдзельнічае ў гэтым дасьледаваньні. Важна сачыць за зьменамі, бо зьмены паказваюць часам больш, чым сам рэйтынг, мяркуе Лівянт.
«Так, Эстонія стабільна першая ў Эўропе. Заўважаны стабільны рост сыстэмы сярэдняй адукацыі Польшчы. Дарэчы, менавіта туды ўсё больш беларусаў едуць, каб атрымаць адукацыю. Там у сыстэму адукацыі ўкладаюцца і грошы, і інтэлект, і здаровы сэнс.
Сказаць, што ўсё надзвычай кепска, не выпадае — мы ў сярэдзіне табліцы.
Але мы горшыя за ўсіх нашых суседзяў. Горшая за Беларусь толькі Ўкраіна. У Расеі ў сярэднім рэйтынгі вышэйшыя за нашы», — прыводзіць прыклады рэпэтытар.
Лідэры — Кітай, Сынгапур, Макао. І Масква, а не ўся Расея
Цікава, што першыя радкі рэйтынгу займае так званая «кітайская Азія». Да прыкладу, у матэматыцы — Кітай, Сынгапур, Макао, Ганконг, Тайвань, Японія, Карэя. Толькі потым Эстонія, Галяндыя, Польшча, Швайцарыя. Кітай, Сынгапур, Макао — на першым месцы і ў чытаньні, і ў прыродазнаўчых навуках, — заўважае Яўген Лівянт.
«А сыстэма адукацыі ў азіяцкіх краінах наагул не „заточаная“ на тэсты, і тым ня менш, яны займаюць першыя месцы. Узровень Масквы — сярод лідэраў у сьвеце, бо сталіцу Расеі разглядалі асобна», — кажа ён.
Як паведамляе расейская Фэдэральная служба нагляду ў сфэры адукацыі і навукі, у дасьледаваньні бралі ўдзел больш за 7 тысяч вучняў са 151 школы Масквы, адабраныя мэтадам выпадковай выбаркі. Уменьнем працаваць з інфармацыяй 15-гадовых масквічоў апярэджваюць толькі школьнікі з Сынгапуру і чатырох кітайскіх правінцыяў (Пэкін, Шанхай, Цзянсу і Гуандун). У матэматыцы Масква на пятым месцы ў сьвеце.
Найгоршыя паказьнікі рэйтынгу — у Косава, Дамініканскай Рэспублікі, Філіпінаў, Лібану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замяніць кароўнікі на каворкінгі? Чаму ІТ цягне беларускую эканоміку, а каровы — не, і што з гэтым рабіць