Лукашэнка пра братоў Карычаў: «Яны будуюць цэнтар Менску»

Драгамір Карыч (зьлева) і тагачасны прэм'ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцьці гандлёвага цэнтру Dana Mall у Менску, 27 студзеня 2017

Аляксандар Лукашэнка 3 сьнежня падчас афіцыйнага візыту ў Сэрбію правёў перамовы з прэзыдэнтам гэтай краіны Аляксандрам Вучычам. Адказваючы на пытаньні журналістаў пасьля сустрэчы, Лукашэнка падкрэсьліў, што сэрбскія кампаніі ў Беларусі маюць пляцоўку «ў цэнтры Эўропы». У якасьці прыкладу пасьпяховага супрацоўніцтва ён прывёў братоў-бізнэсоўцаў Карычаў.

«Яны прыехалі, калі ў вас былі няпростыя часы, і ім было ня проста. Папрасілі. Я кажу: "Для сэрбаў — калі ласка!" Гэта адна з найбольш пасьпяховых і, напэўна, найбольш багатых фірмаў нашай плянэты, якая стварае цуды, цудоўныя ўзоры ў будаўнічай галіне.

Мы даручылі ім стварыць самую прасунутую зону, можа быць, і ў Эўропе, самую сучасную — Менск-Мір, дзе будзе пабудаваны і фінансавы цэнтар, і офісныя памяшканьні. І туды прыйшлі ўжо і з Блізкага Ўсходу, і з Эўропы інвэстары і гатовыя зь імі супрацоўнічаць. Яны будуюць цэнтар Менску, фактычна. І ў нас, па-мойму, 10 ці 12 такіх сэрбскіх кампаній, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На месцы высечанага сквэру ў Менску будзе гараж-стаянка. Фота

У Беларусі дзейнічае кампанія Dana Holdings, падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам-братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, якія асабіста знаёмыя з Лукашэнкам. Dana Holdings выступае заказчыкам найбуйнейшых будаўнічых праектаў у Менску, зацьверджаных асабіста кіраўніком дзяржавы.

Драгамір Карыч — дэпутат сэрбскага парлямэнту, дзе ўзначальвае групу па супрацы зь Беларусьсю. Падчас парлямэнцкіх выбараў 2016 і 2019 году ў Беларусі Драгамір Карыч у якасьці назіральніка хваліў выбарчыя кампаніі ў дзяржаўных мэдыях і казаў пра іх адпаведнасьць эўрапейскім дэмакратычным стандартам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі памерла ўдава Мілошавіча, былога прэзыдэнта Югаславіі

Заходняя прэса называла Карычаў асабістымі банкірамі сям’і сэрбскага лідэра Слабадана Мілошавіча, якога Гаагскі трыбунал судзіў за ваенныя злачынствы ў Косаве.