Аляксандар Лукашэнка 3 сьнежня працягнуў афіцыйны візыт у Сэрбію, правёў перамовы з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам.
Паводле БелТА, Лукашэнка казаў Вучычу наступнае.
- «Няважна, што ў нас некалькі зьнізіўся таваразварот. Мы з вамі разьбярэмся, чаму ўрады не разгортваюцца як сьлед» (таваразварот упаў удвая з 2017 да 2019 году: да 121 млн даляраў за студзень-кастрычнік. — РС).
- «Мы яшчэ паваюем за нашыя стасункі».
Вучыч адказаў Лукашэнку:
- «Я ніколі не забуду ваш візыт у 1999 годзе. Вы прыехалі, каб паказаць, наколькі любіце сэрбскі народ і краіну» (Вучыч тады быў міністрам інфармацыі, пры ім у СМІ была жорсткая цэнзура, вялася нацыяналістычная прапаганда, шальмаваньне этнічных меншасьцяў; пазьней ён раскайваўся. — РС).
Лукашэнка растлумачыў той візыт у 1999-м і цяперашнюю паездку:
- «Тады ніхто ня думаў пра тое, што мы робім нейкі гераічны ўчынак: мы ехалі да сваіх братоў, сяброў. Калі-небудзь я ў дэталях раскажу, што гэтаму папярэднічала, што было потым, але так склалася, што мы не маглі кінуць у бядзе блізкіх нам людзей».
- «Так, мы не гіганцкая імпэрыя, але мы вашыя людзі, а вы — нашыя».
- «Тады былі няпростыя часы. Сёньня таксама часы складаныя».
- «Зь віны адной з імпэрыяў ідзе гандлёвая вайна, іншыя дужаюцца ў Сырыі. Ад гэтага пакутуеце і вы, бо вялізная плынь, сотні тысячаў уцекачоў хлынулі сюды». (Сэрбія прыняла 26 500 уцекачоў і мігрантаў з-за межаў, пры гэтым налічваюцца 199 600 унутраных мігрантаў у межах былой Югаславіі. — РС).
- «Пачалі ўжо сур'ёзна дзейкаць аб новым усясьветным эканамічным крызісе. Нам гэтага ня трэба. Мы, на жаль, удзельнікі ўсяго гэтага, але віна ня ў нас».
Затым Лукашэнка растлумачыў эканамічныя стасункі з Сэрбіяй і неназванымі «імпэрыямі»:
- «Асаблівасьць нашых стасункаў у тым, што мы ніколі ня ставілі адзін перад адным папярэдніх умоваў. Мы сябры, мы проста родныя людзі».
- «Многія малыя, сярэднія дзяржавы — я гэта за сваё доўгае прэзыдэнцкае жыцьцё бачыў неаднойчы — заўсёды арыентуюцца на гэтыя гіганцкія і багатыя дзяржавы, бо яны валодаюць тымі рэсурсамі, якіх бракуе ў нас. Але мы не павінны забываць пра тое, што якія-хаця імпэрыі і буйныя дзяржавы ніколі з намі ня будуць супрацоўнічаць без папярэдніх умоваў, яны абавязкова нешта папросяць наўзамен, нават яшчэ нічога для цябе не зрабіўшы».
Вучыч, паводле БелТА, заявіў, што некалі «Сэрбія саромелася сяброўства зь Беларусьсю». Гэтая фраза даецца ў пераказе, наўпроставыя цытаты такая:
- «Сэрбія заўсёды будзе вашым шчырым сябрам, мы ганарымся нашым сяброўствам. Былі часы, калі некаторыя баяліся сказаць, наколькі мы цэнім і любім беларускі народ. Сёньня мы ўсюды кажам пра гэта з гонарам і хочам, каб вы прыяжджалі сюды як мага часьцей».
- «Я ўчора і сёньня ўжо многаму навучыўся ў прэзыдэнта Лукашэнкі, у тым ліку пытаньням абароны, бясьпекі».
- «Я размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам аб сыстэме бясьпекі, абароннай прамысловасьці».
Пазьней Вучыч растлумачыў, што зьбіраецца не закупляць зброю, а рэфармаваць войска і якраз прыпыніць закупкі зброі, «па-новаму разьвіваць сыстэму абароны і стаць значна мацнейшымі, чым сёньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра нераспаўсюджваньне якой зброі дарадца Трампа размаўляў з ЛукашэнкамЛукашэнка ж заявіў, што з павагай ставіцца да імкненьня Сэрбіі далучыцца да Эўразьвязу, і напомніў, што Беларусь — «шчыры сябра ў Эўразійскім эканамічным саюзе», а таксама згадаў, што Эўразьвяз называў пагадненьне аб свабодным гандлі між Сэрбіяй і ЭАЭС супярэчным імкненьню далучыцца да ЭЗ:
- «У той жа час мы з павагай ставімся да імкненьня вашай краіны далучыцца да Эўрапейскага зьвязу і жадаем вам годна прайсьці гэты шлях. Дай бог, каб у вас атрымалася тое, чаго вы хочаце».
- «Вы разумныя, таленавітыя людзі. Вы зможаце ўсё ўзважыць. Калі вам будзе выгадна пры ўльтыматуме супрацоўнічаць з Эўрапейскім Зьвязам, вы будзеце супрацоўнічаць зь ім. Калі вам акажацца больш выгадна мець справу з Эўразійскім эканамічным саюзам, вы будзеце супрацоўнічаць зь ім».
- «Але, на жаль, у вас, як і ў нас, лёс ляцець на двух крылах. У вас, нікуды ад гэтага не падзецца, мусяць быць добрыя стасункі перш за ўсё з суседзямі, якія б яны ні былі».
- «У гэтым бурным сьвеце трэба быць спрытным, хуткім, арыентавацца, каб выжыць у барацьбе гігантаў».
Акрамя таго, Лукашэнка заявіў пра нязьменную пазыцыю наконт тэрытарыяльнай цэласнасьці Сэрбіі. Верагодна, ідзецца пра адмову Менску прызнаваць незалежнасьць Косава, абвешчаную ў 2008 годзе. Бялград па-ранейшаму лічыць Косава часткаю Сэрбіі. Незалежнасьць Косава цяпер прызнае толькі палова дзяржаваў — чальцоў ААН. Лукашэнка дадаў:
- «Калі мы ў чымсьці можам вам дапамагчы, вы скажыце — мы абавязкова гэта зробім. У сваю чаргу мы разьлічваем на падтрымку з боку нашых сэрбскіх сяброў у прынцыповых для нас пытаньнях».