Улады Сэрбіі пачалі расьсьледаваньне магчымай вярбоўкі супрацоўнікам расейскіх спэцслужбаў высокапастаўленага чыноўніка. Прэзыдэнт краіны Аляксандр Вучыч даручыў Агенцтву ваеннай бясьпекі праверыць адпаведны відэазапіс, які быў апублікавана ў youtube некалькі дзён таму, на якім меркаваны расейскі выведнік перадае грошы сэрбскаму агенту.
Спэцслужбы краіны ўжо пацьвердзілі сапраўднасьць запісу, перадае Радыё і тэлебачаньне Сэрбіі. Па дадзеных журналіста Хрыста Грозьдзева, які супрацоўнічае з расьсьледавальнай групай Bellingcat , на відэа — намесьнік ваеннага аташэ ў Бялградзе, супрацоўнік расейскай ваеннай выведкі Георгій Клебан перадае грошы свайму агенту ў Бялградзе. Гэты чалавек, як мяркуецца, зьяўляецца афіцэрам сэрбскай выведкі. Ягоны твар на відэа размыты.
Сёньня прэзыдэнт Сэрбіі, як чакаецца, абмяркуе сытуацыю зь кіраўніцтвам выведкі, контрвыведкі, а таксама Генштабу ўзброеных сілаў краіны. Пасьля гэтага будуць апублікаваныя больш падрабязныя зьвесткі, заявіў міністар абароны Аляксандр Вулін. Ён назваў сытуацыю сур’ёзнай і адзначыў, што бачыць за гэтым спробу перашкодзіць таму, каб Сэрбія заставалася нэўтральнай у ваенных адносінах краінай.
Паміж Масквой і Бялградам склаліся трывалыя палітычныя і эканамічныя сувязі. Крэмль таксама падтрымлівае Сэрбію ў адмове прызнаць незалежнасьць Косава, а на ўзбраеньні сэрбскай арміі знаходзіцца расейская тэхніка. У пасольстве Расеі ў Бялградзе інфармацыю пра магчымую вярбоўку высокапастаўленага сэрбскага чыноўніка пакуль не камэнтавалі.