Сьледчае ўпраўленьне КДБ завяршыла папярэдняе расьсьледаваньне крымінальнай справы па шматлікіх фактах атрыманьня і даваньня хабару ў ходзе паставак у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, кампутарнай тэхнікі і праграмнага забесьпячэньня, паведаміла прэс-служба КДБ.
Адным з абвінавачаных у гэтай справе — былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Уцюрын. Яго абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў агульнай суме ня менш за 190 000 даляраў ЗША і ў падбухторваньні да даваньня хабару.
Разам фігурантаў крымінальнай справы шаснаццаць, 8 зь іх — службовыя асобы дзяржаўных органаў і банкаўскіх установаў, яшчэ 8 — прадстаўнікі камэрцыйных структураў. Ім выстаўлена абвінавачаньне паводле арт. 430 і 431 (атрыманьне і даваньне хабару) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнка прызначае на высокія пасады людзей з кампраматам. Тэзісы палітолягаУсяго ў межах крымінальнай справы толькі ў хабарнікаў сканфіскавана больш за 1 650 000 даляраў ЗША (у тым ліку ў аблігацыях), 62 000 эўраў, больш за 1 кг золата.
Чыноўнікі бралі хабар за заключэньне дамоваў на пастаўкі Wi-Fi-роўтэраў для абанэнтаў і маршрутызатараў для вузлоў сувязі «Белтэлекаму», працы з банкаўскімі сыстэмамі, закупку ліцэнзіяў і іншае.
Хто фігуруе ў справе
Акрамя Ўцюрына, у атрыманьні хабару абвінавачваюцца:
- Фелікс Касьпяровіч, старшыня праўленьня ААТ «Беларускі міжбанкавы разьліковы цэнтар».
- Андрэй Падгорны, намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгіяў Нацыянальнага банку (Касьпяровіча і Падгорнага абвінавачваюць у сумесным атрыманьні хабару на суму ня менш за 868 750 даляраў ЗША).
- Ігар Кудасаў, начальнік Галоўнага ўпраўленьня плацежнай сыстэмы і лічбавых тэхналёгіяў Нацыянальнага банку, абвінавачваецца ў атрыманьні хабару агулам ня менш чым на 30 000 даляраў.
- Юры Зданевіч, дырэктар РУП «Інфармацыйна-вылічальны цэнтар Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусі», у атрыманьні хабару агулам на 82 500 даляраў.
- Аляксей Мілаванаў, начальнік упраўленьня інфармацыйнай бясьпекі Дэпартамэнту бясьпекі ААТ «АСБ „Беларусбанк“», у атрыманьні хабару агулам у 27 000 даляраў.
- Сяргей Сівадзедаў, генэральны дырэктар РУП «Белтэлекам», у атрыманьні хабару ў суме ня менш за 470 000 даляраў ЗША і 15 000 эўраў.
- Юры Панамароў, выканаўчы дырэктар ААТ «Банк БелВЭБ», у атрыманьні хабару ў агульнай суме 13 000 даляраў, а таксама атрыманьні выгады маёмаснага характару на суму 1 000 фунтаў стэрлінгаў.
У даваньні хабару абвінавачваюцца:
- Уладзімер Жылін, фактычны кіраўнік ТАА «Мабільны сэрвіс», у даваньні хабару на суму ня менш як 900 250 даляраў.
- Сяргей Пакрышка, суўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў ТАА «Солідэкс ПІ» і ТАА «Солідэкс» (Менск), у даваньні хабару на суму ня менш за 195 000 даляраў ЗША.
- Міхаіл Прыгара, прадстаўнік ЗІУП «АМТ-Груп Інтэрнэшнл», у даваньні хабару агулам на 285 000 даляраў.
- Сяргей Шаркоў, грамадзянін Латвіі, суўладальнік СТАА «ДПА», у даваньні хабару на суму ня менш як 53 000 даляраў.
- Аляксандар Край, прадстаўнік ТАА «Мабільны сэрвіс», у даваньні хабару на суму 13 000 даляраў і даваньні выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў,
- Віталій Гарбачоў і Ўладзімір Казанцаў, прадстаўнікі кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Тэлекам», грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, абодва — у даваньні хабару на суму ня менш як 190 000 даляраў.
- Уладзімер Томчанка, дырэктар ТАА «ТТ-Сувязьком» (Менск), у даваньні хабару на суму ня менш за 9 000 даляраў.
Як разгортваліся падзеі
Інфармацыя пра затрыманне дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі, былога начальніка службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі Андрэя Ўцюрына, зьявілася ў СМІ і тэлеграм-каналах 29 красавіка.
Пра тое, што кіраўнік Беларусі звольніў палкоўніка Андрэя Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі «за правіны, якія дыскрэдытуюць званьне вайскоўца», стала вядома ўвечары 30 красавіка. А адпаведны ўказ датаваны 24 красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ: Андрэй Уцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ад расейскай кампанііРасейскія мэдыя сьцьвярджалі са спасылкай на «абазнаныя крыніцы», што Ўцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «зьлівы» інфармацыі расейскім спэцслужбам. У КДБ Беларусі не камэнтавалі гэтай інфармацыі.
4 траўня КДБ Беларусі паведаміў, што Ўцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ў 148,6 тысячы даляраў ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры за садзеяньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Беларусі. Яму выстаўлена абвінавачаньне ў атрыманьні хабару (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Пазьней Лукашэнка заявіў, што Ўцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцюрына прызначылі ў Раду Бясьпекі, нягледзячы на падазрэньні Лукашэнкі і праваахоўнікаўХто такі Ўцюрын
Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расеі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі, ад 2007 — ейны кіраўнік. Займаў гэтую пасаду цягам 7 гадоў — даўжэй за ўсіх іншых кіраўнікоў. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме».
У 2010 годзе казаў, што на загад Аляксандра Лукашэнкі займаўся дастаўкай у Менск уцеклага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Палкоўнік Андрэй Уцюрын быў прызначаны намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі ў 2014 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў новага намесьніка сакратара Савету бясьпекі замест арыштаванага Ўцюрына