Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў 29 лістапада закон аб зьменах вайсковых званьняў і прывядзеньня іх да стандартаў NATO, паведамляе «Укрінформ». Схемы замены званьняў публікаваў 112.ua.
Цяпер ва ўкраінскім войску шарагоўцы будуць звацца ня словам «рядовий», а словам «солдат». Замест «єфрейтор» будуць ужываць «старший солдат», замест «старшина» — «головний сержант», замест «прапорщик» — «штаб-сержант», замест «старший прапрорщик» — «старший майстер-сержант», а званьне «молодший сержант» зьнікае зусім. У карабельных войсках «мічман» будзе замененае на «штаб-старшина».
Цяперашні закон нагадвае прапанову, якую агучваў мінулы прэзыдэнт Пятро Парашэнка. Ён казаў аб дыскусіі вакол «ініцыятывы адысьці ад савецкай арміі». Але ён згадваў прапанову замяніць «малодшага лейтэнанта» на «харужнага» і ўвесьці званьне «брыгаднага генэрала» — такія прапановы не былі рэалізаваныя.
У беларускім войску тым часам захоўваюцца званьні «радавы», «яфрэйтар», «старшыня», «мічман» і іншыя, падобныя да ранейшых украінскіх.
Ініцыятары законапраекту казалі, што канчатковае ўхваленьне закону дазволіць «удасканаліць парадак выкананьня вайсковага абавязку грамадзянамі Ўкраіны, рэалізаваць увядзеньне новых вайсковых званьняў сяржанцкага і старшынскага складу Ўзброеных сіл Украіны», забясьпечыць іх адпаведнасьць стандартам NATO і спрыяць пераходу ўкраінскага войска на прафэсійную аснову паводле заходнеэўрапейскага ўзору.
У 2017 годзе ўкраінскае войска перайшло на новую форму, якая была спраектаваная з улікам вайсковых традыцый розных часоў гісторыі Ўкраіны і найперш — часоў УНР, а пачынаючы з 2014-га, украінскія вайсковыя падразьдзяленьні атрымалі новыя, дэкамунізаваныя, баявыя сьцягі і назвы. У 2018-м ва Ўкраіне замянілі вайсковае вітаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест «Здрастуйте, товариші» — «Слава Україні». Парашэнка падпісаў закон пра вайсковае вітаньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як і хто распрацоўваў беларускую вайсковую тэрміналёгію? (+слоўнічак)