У Гомелі прайшло праваабарончае ток-шоў «Закон аб адтэрміноўках: пагрозы і выклікі». Што казалі экспэрты пра тое, як паўплывае колькасьць салдатаў на якасьць войска? Як можна будзе легальна (і не) «адкасіць»? Ці закрыюць мяжу для прызыўнікоў?
На пытаньні адказвалі кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў, аналітык праекту Зьміцер Міцкевіч і праваабаронца Леанід Судаленка.
1. «Мы можам чакаць павелічэньня міграцыі і карупцыі»
Экспэрты прагназуюць, што масавых пратэстаў супраць закону аб адтэрміноўках у Беларусі ня будзе. Хутчэй за ўсё, маладыя людзі, якія не захочуць служыць, будуць вырашаць свае праблемы «у індывідуальным парадку».
«Мы можам чакаць павелічэньне міграцыі — будуць выяжджаць на навучаньне ў іншыя краіны. Не лепшае рэнамэ беларускіх ВНУ гэтаму спрыяе. Мы можам чакаць, што падвысіцца ўзровень карупцыі — бо беларускае войска мае не самае лепшае фінансавае забесьпячэньне. Гэта той выпадак, калі попыт будзе сутыкацца з прапановай», — лічыць Зьміцер Міцкевіч.
Яшчэ адным «цалкам лягічным» разьвіцьцём падзей аналітык назваў паніжэньне ўзроўню паступленьня ў сярэднія навучальныя ўстановы.
У выніку закон спарадзіць сацыяльную напружанасьць. Лепшыя кадры зьедуць за мяжу.
2. «4 тысячы крымінальных спраў па „ўхілістах“ — гэта ўжо не юрыдычная, а палітычная праблема»
Андрэй Паротнікаў зазначыў, што патрэба ў «законе Раўкова» узьнікла і праз пагаршэньне дэмаграфічнай сытуацыі, і праз вайну ва Ўкраіне, якая паказала, што важная не толькі якасьць, але і колькасьць войска.
Паводле экспэрта, раней прызывалася ў сярэднім 9-10 тысяч маладых людзей. У леташні восеньскі прызыў «у боты» пайшлі каля 13 тысяч, і «плян не быў выкананы». Патрэбу ў дадатковых вайскоўцах кантрактнікамі не вырашыць, бо «кантрактнік каштуе дзяржаве як мінімум у два разы даражэй за салдата тэрміновай службы».
Сёлета ў беларускіх судах разглядаліся позвы Міністэрства абароны да мясцовых уладаў за прызыў хворых юнакоў на вайсковую службу.
Міністэрства абароны выйграла суды. Улічваючы сумы, якія спагналі вайскоўцы з мясцовых уладаў, салдат тэрміновай службы «каштуе» дзяржаве каля 260 даляраў на месяц.
Андрэй Паротнікаў падкрэсьліў, што дзяржава неахвотна дзеліцца зьвесткамі пра рэальную колькасьць «ухілістаў». Афіцыйна гучалі лічбы ў 4 тысячы «ухілістаў» па краіне. Новы закон узмацняе адказнасьць для тых, хто «косіць» ад войска. Але як гэта будзе рэалізавана на практыцы?
«4 тысячы крымінальных спраў — гэта ўжо не юрыдычная, а палітычная праблема», — выказаўся кіраўнік праекту.
3. «Варта чакаць падаўжэньня тэрміну службы і падвышэньня прызыўнога ўзросту»
Андрэй Паротнікаў мяркуе, што на законе аб адтэрміноўках Міністэрства абароны не спыніцца.
«Варта чакаць, што будуць падоўжаны тэрміны службы. Напрыклад, скасуюць норму ў 12 месяцаў для тых, хто адвучыўся ў ВНУ, альбо падвысяць узрост прызыву на вайсковую службу да 28, ці 32 гадоў. Гучаць такія прыватныя ідэі, што нават да 48 гадоў», — зазначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не студэнт, а салдат. Гісторыі хлапцоў, жыцьцё якіх памяняў закон аб адтэрміноўках
4. «Мы ня маем зьнешніх гарантыяў бясьпекі»
Паводле Андрэя Паротнікава, Беларусь ня мае зьнешніх гарантый бясьпекі.
«Як паказала вайна ва Ўкраіне, тыя гарантыі, якія былі падпісаны Расеяй, не вартыя нават той паперы, на якой яны былі выкладзеныя. З іншага боку — у нас няма такіх інструмэнтаў, якія дазваляюць бараніцца, як культурныя адрозьненьні, моўны фактар і іншыя. Застаюцца толькі жорсткія адміністрацыйныя мэтады, якія зьвязаныя з выкарыстаньнем сілавога фактару. Таму і нарошчваецца колькасны склад памежных войскаў», — выказаўся экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці было б Беларусі бясьпечней у NATO? Адказы двух экспэртаў
5. «Закон сьведчыць пра сур’ёзны разрыў паміж грамадзтвам і ўладамі»
Паротнікаў мяркуе, што закон аб адтэрміноўках «сьведчыць пра сур’ёзны разрыў паміж грамадзтвам і ўладамі». Улады па-ранейшаму праводзяць палітыку, калі вострыя пытаньні, якія тычацца тысяч людзей, вырашаюцца без удзелу гэтых людзей, без уліку іх меркаваньня.
Гэта вядзе да напружанасьці, і «створыць больш праблемаў, чым вырашыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служыць Радзіме ці служыць рэжыму? Улада і грамадзтва па-рознаму ўяўляюць службу ў войску
6. «Лісты бацькам на працу не дапамогуць»
Улады змагаюцца з «ухілістамі» рознымі мэтадамі. Напрыклад, раённыя газэты публікуюць сьпісы тых, хто не пайшоў служыць. У Мазыры пасьля публікацыі такога сьпісу тата сам прывёў сына ў ваенкамат. Супрацоўнік ваеннага камісарыяту Гомельскай вобласьці прапануе пісаць лісты на працу бацькам «ухілістаў».
«Гэта яркая дэманстрацыя бездапаможнасьці ваенкаматаў. Калі ўсё, што яны могуць зрабіць, гэта пісаць кляўзы на працу бацькам паўналетняга чалавека, які іх ігнаруе — гэта будзе толькі дыскрэдытаваць уладу», — пракамэнтаваў Андрэй Паротнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сын у турме сядзіць, якая армія?» Рэчыцкі ваенкамат апублікаваў імёны і адрасы «ўхілістаў» у раённай газэце
7. «Цяпер не ваенны час, каб забіраць у войска ўсіх»
Праваабаронца Леанід Судаленка мае чатырох сыноў. Два з іх ужо адслужылі ў войску, адзін «аддае доўг Радзіме» цяпер. Праваабаронца не лічыць закон аб адтэрміноўках неабходным у дадзены момант.
«Цяпер у нас не ваенны час, каб забіраць у войска ўсіх і празьмерна ўмешвацца ў жыцьцё маладых людзей, у тым ліку парушаць іх права атрымаць вышэйшую адукацыю», — выказаўся Леанід Судаленка.
Ён мяркуе, што ў Беларусі насьпеў час пераходзіць да прафэсійнага войска.
«Мае сыны, якія адслужылі, кажуць, што год ці паўтары ў войску — страчаны час. Іх не вучылі там добра страляць ці бегаць, ці атрымаць патрэбную прафэсію. Прыбіраць, мыць посуд, падмятаць лісьце і «разганяць» лужыны — такія былі работы, каб толькі салдат быў увесь час нечым заняты», — зазначыў праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас чакае вайна», калі 8 сьнежня ня стане незалежнай Беларусі, — дэпутатка Анісім«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць
24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.
Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.