Сям’я Дудкіных, якая 15 гадоў таму пераехала на Кіпр сутыкнулася з праблемай, іх сыну Даніле ў Беларусі ня хочуць выдаваць пашпарт сэрыі РР. Спачатку просяць адслужыць у войску, піша Tut.by.
У абодвух бацькоў Данілы беларускія пашпарты, ягоны тата 15 гадоў таму атрымаў працу на Кіпры, куды сям’я пераехала, але і мама, і тата засталіся прапісаныя ў Беларусі. Сёлета сям’я прыехала на радзіму і высьветлілася, што іх сына шукае ваенкамат.
На радзіме Данілу тэрмінова прыйшлося прайсьці мэдкамісію і яго паставілі на вайсковы ўлік. Адзінае выйсьце зьняцца з уліку – атрымаць пашпарт сэрыі РР. Але такі пашпарт Данілу не выдалі, бо «ён годны да службы і стаіць на вайсковым уліку».
«Пакуль малады чалавек не пройдзе мерапрыемствы прызыву, па законе ваенкамат не можа даць яму дазвол на атрыманьне пашпарта сэрыі РР. Гэта ж тычыцца і сытуацый, калі хлопцы карыстаюцца адтэрміноўкай. Напрыклад, калі пасьля школы Даніла паступіць у каледж ці ўнівэрсытэт. Тады яму трэба будзе прадставіць у ваенкамат даведку, дзе напісана, што ён навучаецца вочна, – і атрымаць адтэрміноўку. Пакуль дзейнічае адтэрміноўка, у чалавека застаюцца нявыкананыя абавязацельствы перад краінай», – патлумачыў Андрэй Мурашоў, кансультант 1-га ўпраўленьня галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Генштаба Беларусі.
Паводле словаў спэцыяліста, нават калі хлопец атрымае грамадзянства Кіпра, ён усё адно мусіць адслужыць у Беларусі.