Суд Фрунзэнскага раёну Менску прызнаў вінаватай у атрыманьні хабару і махлярстве начальніцу ўпраўленьня фармацэўтычнай інспэкцыі і арганізацыі лекавага забесьпячэньня Міністэрства аховы здароўя Людмілу Равуцкую, піша Tut.by.
Людміле Равуцкай прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі (мінус час, што яна была пад вартай — а затрымалі яе ў мінулым верасьні). Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.
Сама Равуцкая ад моманту затрыманьня настойвала, што ня брала хабару, а толькі прымала ў падарунак віно, кветкі, цукеркі і прадукты харчаваньня, бо нібыта лічыла, што так яе віншуюць са сьвятамі.
Сьледчыя ж кажуць, што за рэгістрацыю і перарэгістрацыю лекаў, а таксама выдачу ліцэнзіяў яна незаконна атрымала 48 500 рублёў (якія ўжо пералічыла дзяржаве). У ліку рэчаў, здабытых злачынным шляхам, называлі і вэнтылятар, і офісны фатэль, і iPhone.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заўсёды заходзіла з працягнутай рукой», — сьведка назвала сумы хабару, які нібыта заносіла чыноўніцы МінздароўяЗатрыманьне Равуцкай адбылася ў часе скандалу з вакцынай «Эўпэнта», пасьля іньекцыі якой памерлі двое дзяцей. Працэдура закупак вакцыны выклікала пытаньні, а Равуцкая расказвала пра «надзвычайную сытуацыю», празь якую давялося выкарыстоўваць карэйскую вакцыну. Але выявілася, што затрыманьне не было зьвязанае з вакцынай «Эўпэнта», якую пазьней працягвалі выкарыстоўваць і зарэгістравалі афіцыйна.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.