Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд былога галоўнага архітэктара Менску Лучыновіча адклалі празь ягоную хваробу


Павал Лучыновіч, архіўнае фота
Павал Лучыновіч, архіўнае фота

У Заводзскім судзе Менску пачаўся суд у справе былога галоўнага архітэктара Менску Паўла Лучыновіча і прадпрымальніцы Ноны Грышынай.

Паводле сьледзтва, Нона Грышына ў сакавіку 2019 году дала Паўлу Лучыновічу 4 тысячы даляраў хабар. У судзе прадпрымальніца Грышына сядзіць у жалезнай клетцы, а вось Лучыновіча побач зь ёй на лаве падсудных няма.

Павал Лучыновіч з 2 верасьня знаходзіцца ў 5-й клінічнай лякарні, у аддзяленьні гнойнай хірургіі, куды яго прывезьлі з «Валадаркі». У падсуднага паралізаваныя ногі; паводле мэдыкаў, пасьля складанай апэрацыі на хрыбетніку яго чакае шматмесячная рэабілітацыя.

Абаронцы Лучыновіча Чалей і Грабоўская хадайнічалі пра перанос працэсу да часу ягонага выздараўленьня. Адвакаты спасылаліся на тое, што да хваробы ён не пасьпеў азнаёміцца з матэрыяламі справы, да таго ж заявіў пра намер даць паказаньні ў справе пасьля допыту Грышынай.

«Справы Лучыновіча і Грышынай неразрыўныя», — даводзілі адвакаты, калі судзьдзя запыталася пра магчымасьць разглядзець справу Новы Грышынай асобна і пачаць суд над ёй ужо сёньня. Дзяржаўны абвінаваўца Сакалова была на гэта згодная. Адвакат Грышынай таксама даводзіў, што справы падзяляць нельга.

У выніку судзьдзя Жанна Хвайніцкая прыняла рашэньне вядзеньне справы Лучыновіча прыпыніць да ягонай папраўкі, а справу Ноны Грышынай разглядаць асобна, і пачала працэс.

Справа Паўла Лучыновіча і Ноны Грышынай налічвае 22 тамы. У справе фігуруе хабар на больш як 8 тысяч рублёў. Былы старшыня Камітэту архітэктуры і градабудаўніцтва Менгарвыканкаму абвінавачаны паводле 1 і 2 частак 430-га артыкулу (атрыманьне хабару). Лучыновічу пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. Ягоная пазыцыя да абвінавачаньня невядомая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG