Што будзе зь «Лебядзіным». Як унікальны менскі заказьнік зьмяншаюць дзеля дарагіх дамоў і рэстарана. МАПА

Сажалка ў «Лебядзіным»

За апошнія гады ад тэрыторыі заказьніка «Лебядзіны» каля Менску адрэзалі пад будаўніцтва 8 га зямлі. Свабода прасачыла, як мяняліся межы «Лебядзінага» і як заказьнік атачае забудова.

Рэспубліканскіх біялягічных заказьнікаў у Менскім раёне два. Адзін — «Сьціклева», на паўднёвым усходзе сталіцы. Другі — «Лебядзіны», на паўночным усходзе. Хоць ён цалкам у межах гораду, але заўсёды адзначаўся вялізнай біялягічнай разнастайнасьцю. Арнітолягі заўважалі тут вельмі рэдкія віды птушак, а менчукі лёгка дабіраліся сюды на гарадзкім транспарце.

Цяпер «Лебядзіны» знакаміты скандальнай будоўляй і шыкоўным рэстаранам.

Разьбіраемся, як гэта стала магчымым.

Як мянялі межы «Лебядзінага»

У 2007 годзе плошча рэспубліканскага біялягічнага заказьніка «Лебядзіны» складала 51,5235 га. Пра гэта сьведчыць пастанова Савету міністраў Беларусі. У красавіку 2015 году, па дадзеных Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі, плошча «Лебядзінага» складае ўжо 43,49 га. То бок за гэты час плошча скарацілася на 8,0335 га.

5 сьнежня 2018 году прэзыдэнт выдае ўказ, паводле якога зь ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны заказьніка ў межах праспэкту Пераможцаў і вуліцы Ратамскай выключылі ўчастак плошчай 1,57 гектара і ўключылі яго ў склад ляндшафтна-рэкрэацыйнай падзоны. Юрыдычна гэта азначае, што тэрыторыя пераведзена з зоны зь нізкай рэкрэацыйнай нагрузкай — у зону з высокай рэкрэацыйнай нагрузкай.

Гэтым жа прэзыдэнцкім указам 0,13 га тэрыторыі заказьніка, якая лічылася пад асаблівай аховай, перавялі ў разрад прыроднай ляндшафтна-рэкрэацыйнай тэрыторыі зь нізкай рэкрэацыйнай нагрузкай.

На практыцы ўсе гэтыя зьмены азначаюць, што названую «зялёную» тэрыторыю раней нельга было забудоўваць — а цяпер можна.

Зьмены, пра якія тут гаворка, фактычна ўзаконілі будаўніцтва кампаніяй «Тапас» рэстарана каля заказьніка «Лебядзіны» на тэрыторыі, што раней лічылася буфэрнай паміж заказьнікам і жылым комплексам «Алімпік Парк», які таксама ўзводзіцца «Тапасам». Уладальнік кампаніі «Тапас» — форвард хакейнай каманды прэзыдэнта Павал Белы.

«Лебядзіны» яшчэ будуць перакройваць

Паводле праекту ўказу прэзыдэнта, які апублікаваны ў Telegram-канале #МотолькоПомоги, плянуецца выключыць 25,5 га зямлі (у межах: Ціміразева — МКАД — праспэкт Пераможцаў — «Лебядзіны») зь ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны прыродных (леса- і лугапаркавых) тэрыторый паміж МКАД і заказьнікам «Лебядзіны» і ўключыць гэты ўчастак у зону жылой зьмяшанай забудовы.

На ўчастку плянуюць пабудаваць жытло, культурна-забаўляльны комплекс і парк.

Кампанія «Тапас» згодна з прэзыдэнцкім указам ад 2014 году будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-парк» побач з заказьнікам (у межах праспэкту Пераможцаў, вуліц Браслаўскай і Ціміразева).

«Гэтая тэрыторыя забясьпечвае гідралягічнае папаўненьне вадаёма»

Прадстаўнік навукова-практычнага цэнтру біярэсурсаў Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Усьцін сказаў карэспандэнту Свабоды: з інфармацыі ў інтэрнэце бачна, што «на прылеглай да заказьніка тэрыторыі, практычна ўпрытык да яго мяжы» плянуецца вывесьці 25,5 га зь ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў зону жыльлёвай зьмяшанай забудовы.

А якраз гэтая тэрыторыя мае ключавое значэньне для структуры заказьніка.

«Гэтая тэрыторыя засталася адной зь нямногіх, якая забясьпечвае натуральнае гідралягічнае папаўненьне воднага абʼекта ў заказьніку. Мы бачылі ў інтэрнэце контуры тэрыторыі, якую мяркуюць вывесьці з адной зоны ў другую. У межы гэтага контуру трапляе амаль увесь кавалак тарфянога залежу, які на гэты момант выконвае ролю рэгулятара. Адзін час гэты залеж назапашвае ваду, а ў іншы час, калі няма дажджоў, ён гэтую ваду аддае вадаёму», — сказаў Уладзімер Усьцін.


Будаўніцтва забаўляльнага комплексу і жыльля на гэтай тэрыторыі, паводле Ўладзімера Усьціна, будзе мець «вельмі вялікі ўплыў» на заказьнік.

Старшыня грамадзкай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што ўчастак, які плянуюць забраць пад новае будаўніцтва, шчыльна прылягае да заказьніка «Лебядзіны».

«Вырашылі поўнасьцю акружыць заказьнік будынкамі, што, канечне ж, дрэнна, бо яшчэ больш вырастае антрапагеннае ўзьдзеяньне на тэрыторыю. На тым кавалку цяпер кампэнсацыйныя пасадкі растуць. Здаецца, усе прыняліся і праз год дзесяць маглі б стаць паўнавартасным паркам», — сказаў Канстанцін Чыкалаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэстаран каля «Лебядзінага» здалі ў эксплюатацыю. Хто будзе яго гаспадаром?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку побач з Сафійскім саборам разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гісторыкі абураюцца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шыкоўны комплекс каля стадыёну «Дынама» можа належаць сямʼі Бакіева