Дасьледнік тэмы паўстаньня 1863–1864 гадоў Язэп Янушкевіч у сваёй апошняй кнізе «І першым паказаўся Каліноўскі» публікуе малавядомыя зьвесткі пра тое, як салдаты царскага гарнізону ў Вільні зьдзекаваліся з расстраляных і павешаных герояў антырасейскага супраціву.
Гульня на касьцях: «руская народная забава»
Адным з самых абуральных эпізодаў — пляцоўка для крыкету, абсталяваная на тагачаснай Замкавай гары (пазьней перайменаванай у Гедзімінаву) проста паверх сьвежых магілаў. Дакумэнтальнае сьведчаньне гэтаму ёсьць у пляне абʼектаў фартэцыі, а таксама на рэдкіх фатаздымках таго часу. Ад сярэдзіны 1863-га і да сакавіка 1864-га ў Вільні пакаралі сьмерцю 21 паўстанца, уключна зь іхнымі лідэрамі Кастусём Каліноўскім і Зыгмунтам Серакоўскім.
Як кажа аўтар, у пачатку ХІХ стагодзьдзя крыкет пачаў трыюмфальнае шэсьце з Ангельшчыны па ўсім сьвеце. Паступова дабралася забава і да Расеі, дзе падавалася як «руская народная гульня» лапта. Высокія дзяржаўныя і армейскія чыны з задавальненьнем адбівалі мячыкі спэцыяльнымі дошкамі, дэманструючы спрыт і рэакцыю.
Самая жудасная пляцоўка для «лапты» ў 1864 годзе была разьбіта на Замкавай гары — проста на месцы брацкага пахаваньня, сьцьвярджае Язэп Янушкевіч.
«Усё адзначана на плянах: дзе стаяў дом тэлеграфіста, дзе трымалі зброю, дзе была парахаўніца. І таксама поле для крыкету — у белых фуражках расейскія афіцэры ганялі роўна па тым месцы, дзе ня так даўно знайшлі парэшткі паплечнікаў Каліноўскага. Сыходзячы са структуры ляндшафту, гэта мне пацьвердзіў і літоўскі археоляг Валдас Сьцяпанайціс, які непасрэдна займаўся раскопкамі: ямы зь нябожчыкамі ўтрамбавалі і зрабілі поле для крыкету».
У пачатку 2017 году, працуючы поруч з будаўнікамі над ліквідацыяй наступстваў апоўзьню, археолягі Нацыянальнага музэю Літвы натыкнуліся на парэшткі 21 асобы, закапаныя непадалёк адзін аднаго. Паводле візуальных прыкметаў — расстраляныя і павешаныя, што пазьней пацьвердзіла і прафэсійная экспэртыза.
Your browser doesn’t support HTML5
Калі забітых ідэнтыфікавалі (за выключэньнем аднаго — ксяндза Станіслава Ішоры, яго пошукі працягваюцца), пазіраючы на ганебнае поле для крыкету, Язэп Янушкевіч напісаў паэму «Заўтра» — пра кожнага з тых, каго заўтра павядуць на эшафот ці на расстрэльны пляц.
Зьдзек з пахаваньняў: «каб гідзіліся і не чапалі»
Згодна з дакумэнтальнымі сьведчаньнямі, спачатку паўстанцаў скідвалі ў ямы побач зь месцам экзэкуцыі на Лукіскай плошчы. Аднак пасьля павешаньня Кастуся Каліноўскага, які быў апошнім асуджаным на сьмерць у Вільні, расейскія ўлады вырашылі схаваць іх у непрыступнай фартэцыі на Замкавай гары.
Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў небеспадстаўна асьцерагаўся, што парэшткі ворагаў Расейскай імпэрыі выкрадуць і пачнуць ушаноўваць як герояў. Каб аддаць целы родным, размова нават не вялася. І гэта яшчэ адна праява антыгуманнага стаўленьня да паўстанцаў, перакананы Язэп Янушкевіч.
«Такія прыклады ў тагачаснай гісторыі ўжо былі: калі ў 1839 годзе расейцы забілі Сымона Канарскага (дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху ў Польшчы, Беларусі і Літве 1830–1831 гадоў. — РС), крыж зь яго магілы на віленскіх Росах разабралі на трэсачкі як тую ерусалімскую рэліквію. Дзень і ноч туды шлі ягоныя староньнікі, зьнічы палалі, вяночкі ляжалі. Зразумела, акупанты пасьля таго зрабілі выснову: больш такога падарунку вам ня будзе. І схавалі паўстанцаў на Замкавай гары».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТАПаказальна і тое, як расейцы ставіліся да паўстанцаў пасьля іх сьмерці. Не паклапаціліся нават, каб разьвязаць рукі ці зьняць пятлю з шыі. Целы проста скідвалі ў дол, там зьверху аблівалі вапнай. Зрэшты, удакладняе Язэп Янушкевіч, часьцяком у ход шлі і іншыя прадукты жыцьцядзейнасьці — экскрэмэнты.
Каб пасьмяротна абразіць публічна расстралянага камандзера аддзелу інсургентаў у Рагачоўскім павеце Тамаша Грыневіча, карнікі прымушалі сваякоў пэрыядычна заліваць ягоную магілу фэкаліямі расейскіх салдатаў. Пазьней вобраз героя невыпадкова стаў прататыпам Усяслава Грынкевіча ў творы Ўладзімера Караткевіча «Леаніды ня вернуцца да Зямлі» — гэта ягоны продак па мацярынскай лініі.
«Калі я ў свой час зьбіраў успаміны пра Караткевіча, ягоны рагачоўскі дзядзька Ігар Васілевіч пераказваў тое, што перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне: сваякоў Тамаша пад пагрозай сьмерці прымушалі цягаць гаўно на магілу. Там стаяў гарнізон, маскальскія прыбіральні былі перапоўненыя. Дык людзі плакалі горкімі сьлязьмі, а што зробіш, забʼюць бязь лішніх словаў. Гэта была абраза — каб гідзіліся, не чапалі».
Выкраданьне парэшткаў: «пахаваць па-чалавечы»
Язэп Янушкевіч цалкам дапускае, што недалічанае на Замкавай гары цела ксяндза Станіслава Ішоры, якога першага пакаралі сьмерцю ў Вільні, маглі таемна выкапаць прыхаджане. Паводле некаторых зьвестак, ягоныя парэшткі былі схаваныя ў касьцёле Сьвятога Якуба. Пасьля гэтага «ўлік ворагаў імпэрыі» стаў жорсткім, хоць месьцічы і намагаліся годна перапахаваць сваіх землякоў.
«Колькі было выпадкаў, калі расстралялі, павесілі, там жа засыпалі, а ўначы людзі або выкрадалі целы, або выкуплялі ў аховы, — кажа Язэп Янушкевіч. — Капліцы ўзводзілі за ноч! Згодна з царскімі законамі не дазвалялася нічога будаваць каталіцкага. Але калі „незаўважна“ тая ж каплічка паўставала, дык звычайна і не бурылі. У выпадку зь Вільняй было цяжэй: гарнізон хаваўся за тоўстымі сьценамі на вяршыні гары, незаўважна падступіцца туды было немагчыма».
Магілы забітых герояў былі ўшанаваныя толькі падчас Першай усясьветнай вайны, калі на Замкавай гары атабарыліся германцы. Тады віленчукі адзначылі крыжам прыкладнае месца масавага пахаваньня. Але ад 1940 году, калі ў выніку савецка-нямецкай змовы Літву аддалі бальшавікам, апошні спачын паўстанцаў зноў быў зруйнаваны, забыты і занядбаны.
Вярнуцца да трагічных падзеяў дапамог прыродны фактар — сэрыя апоўзьняў у 2016 годзе. У выніку грунтоўных археалягічных раскопак справядлівасьць была адноўленая. 22 лістапада адбылося афіцыйнае перапахаваньне паўстанцаў у пантэоне герояў на могілках Росы — з ганаровай вартай, салютаваньнем і паважнай беларускай грамадой пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Партрэты паўстаньня: запоўніць белыя плямы
Язэп Янушкевіч у сваіх апошніх кнігах «І першым паказаўся Каліноўскі» і «Партрэты паўстаньня» ня толькі зрабіў экскурс у падзеі 1863–1864 гадоў, багата аздоблены архіўнымі матэрыяламі і фатаздымкамі, але і сыстэматызаваў зьвесткі пра герояў, чые біяграфіі мелі безьліч белых плямаў.
Паводле месца нараджэньня 14 паўстанцаў паходзілі з этнічнай тэрыторыі Беларусі, 4 — з Польшчы, па адным з Украіны і Літвы (месца нараджэньня аднаго дакладна ня вызначана).
Адзіны, чые парэшткі цягам 2017–2019 гадоў ня знойдзеныя на гары Гедзіміна, — вікарны ксёндз Станіслаў Ішора. Ня выключана, што парэшткі выкапалі браты-дамініканцы і перапахавалі ў віленскім касьцёле Сьвятога Якуба, дзе ў памяць пра сьвятара 4 чэрвеня 1933 году была асьвечана мэмарыяльная дошка. Ішора стаў першай ахвярай Мураўёва-«вешальніка» пасьля прызначэньня таго ў Вільню генэрал-губэрнатарам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У капліцы на Росах, дзе пахавалі Каліноўскага, зьявілася беларуская мова. ФАТАФАКТВось яны, героі антырасейскага супраціву, якія ахвяравалі жыцьцямі дзеля свабоды свайго краю.
- Станіслаў Ішора (25 гадоў). Нарадзіўся ў Вільні 12.04.1838. Вучыўся ў гарадзкой гімназіі. Напачатку 1860-х вікарны ксёндз у Жалудку Лідзкага павету (радзіма паўстанцкага генэрала Валярʼяна Ўрублеўскага). 27 студзеня 1863-га зачытаў маніфэст Часовага ўраду Літвы і Беларусі пра пачатак паўстаньня і абвясьціў «мужыкам, каб не хадзілі на паншчыну». 22.05/04.06.1863, праз тыдзень пасьля прыезду ў Вільню Міхаіла Мураўёва, Станіслаў Ішора расстраляны на Лукішках. Гэта было першае пакараньне сьмерцю ў Вільні.
- Раймунд Зямацкі (53 гады). Нарадзіўся ў Дахнáх пад Крэвам 19.09.1810. Ахрышчаны ў мястэчку Лоску (цяпер Валожынскі раён). Удзельнік паўстаньня 1830–1831 гадоў, цудам выжыў у Ашмянскай разьні, зладжанай расейскімі акупантамі ў красавіку 1831. Пробашч Ваверскага касьцёлу на Лідчыне. Расстраляны 24.05/06.06.1863 у Вільні за абвяшчэньне маніфэсту Нацыянальнага ўраду. 23 ліпеня 1923 году ў віленскім касьцёле сьвятога Рафала асьвячана мэмарыяльная дошка ў памяць сьвятара.
- Альбэрт Лясковіч (23 гады). Нарадзіўся на Лідчыне 15.04.1840 у маёнтку Голдаве Лідзкага павету. Скончыў Віленскі шляхотны інстытут. Доказамі палічылі замоўленыя ім у шаўца боты з халявамі, што мусіла сьведчыць пра рыхтаваньне да ўступленьня ў паўстанцкія шэрагі, а таксама «заклікі да паўстаньня сярод сялянаў». Расстраляны ў адзін дзень з ксяндзом Зямацкім -- 24.05/6.06.1863. Абодвух пасьля экзэкуцыі ўкінулі ў магілы, папярэдне выкапаныя перад слупамі, да якіх асуджаныя былі прывязаныя. Целы засыпалі зямлёй, магілы выраўнялі.
- Баляслаў Колышка (25 гадоў). Нарадзіўся ў фальварку Карманішкі Лідзкага павету 26.07.1837. З хатняй адукацыяй здолеў стаць студэнтам Маскоўскага унівэрсытэту, дзе ў той час дзейнічаў польска-расейскі гурток. Падчас паўстаньня камандзер аддзелу касінераў ў Ковенскім павеце. Павешаны ў Вільні 28.05/09.06.1863. 18 жніўня 2013 году ў Бутрыманскім касьцёле, дзе хрысьцілі Баляслава, устаноўлена мэмарыяльная дошка. Наагул сям’я дала чатырох паўстанцаў: Баляслава-Каятана, Уладзіслава, Фэлікса-Гэнрыка, Яна-Вінцэнта.
- Юльян Лясьнеўскі (31 год). Паходзіў зь Любліншчыны (шляхціч Люблінскай губэрні). Падчас паўстаньня аканом у маёнтку графа Грабоўскага Вялікім Мажэйкаве (Лідзкі павет). Расстраляны на загад расейскіх уладаў 10/22 чэрвеня 1863 году «за закліканьне сялянаў да мяцяжу».
- Зыгмунт Серакоўскі (36 гадоў). Нарадзіўся 30.05.1826 у сяле Лісаве Луцкага павету на Валыні. Вучыўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце, адкуль за рэвалюцыйныя погляды быў высланы шараговым у Арэнбурскі корпус, дзе пасябраваў з гэткім самым ссыльным Тарасам Шаўчэнкам. Скончыў Акадэмію генэральнага штабу ў Пецярбургу. Варшаўскі Паўстанцкі камітэт прызначыў яго вайсковым начальнікам паўстаньня ў Літве. 25-27.04/07-09.05.1863 ягоныя касінеры разьбітыя пад Біржамі. Параненым трапіў у палон. Павешаны 15/27.06.1863.
- Аляксандар Раўкоўскі (27 гадоў),
- Язэп Раўкоўскі (36 гадоў). Браты-шляхцічы Ашмянскага павету. Абодва зараблялі на жыцьцё рамесьніцкай дзейнасьцю. Нават без суду, толькі на моцы вайсковай канфірмацыі, атрымалі вырак павешаньня як падазраваныя ў выкананьні прысудаў Паўстанцкага камітэту ў Літве над здраднікамі і згоднікамі. Павешаныя 07/19.08.1863.
- Кароль Сіповіч (19 гадоў). Вілянчук. Хоць і належаў да рэвалюцыйнай арганізацыі паўстаньня на Літве, акупанцкія ўлады бяздоказна палічылі яго датычным да замаху на віленскага маршалка Дамейку. Павешаны ў Вільні 07/19.08.1863. Наймаладзейшы сярод 20 паўстанцаў, чые парэшткі адшуканыя.
- Язэп Яблонскі (20 гадоў). Нарадзіўся ў Ломжы (Польшча). За прыналежнасьць да Нацыянальнай паліцыі і магчымы ўдзел у замаху на маршалка Дамейку павешаны ў Вільні 07/19.08.1863.
- Генрык Макавецкі (27 гадоў). Паходзіў з Магілёўскай губэрні. Падчас паўстаньня жыў у Вільні, харужы корпусу лясьнічых. Абвінавачаны ў «дзяржаўнай здрадзе», расстраляны ў Вільні 17/29.08.1863. Ягоны брат Аркадзь-Антось, шляхціч Чэрыкаўскага павету, асуджаны на пазбаўленьне правоў стану, канфіскацыю маёмасьці і ссылку на жыхарства ў Табольскую губэрню.
- Ян Бянькоўскі (26 гадоў). Паходзіў з Варшавы. Загадам Варшаўскага паўстанцкага камітэту пасланы ў Вільню з мэтай зьдзейсьніць прысуд над віленскім маршалкам Дамейкам за складаньне апошнім вернападданіцкіх адрасоў расейскаму цару Аляксандру ІІ. Як кінжальнік павешаны ў Вільні 28.08/09.09.1863.
- Ян Марчэўскі (24 гады). Паходзіў з Каралеўства Польскага, фэльчар. На падставе канфірмацыі вайскавода Віленскай вайсковай акругі павешаны ў Вільні 28.08./09.09.1863 «за служэньне Польскаму рэвалюцыйнаму камітэту ў якасьці шпега і паліцыянта ў горадзе Вільні з мэтай учыненьня забойстваў».
- Эдвард Чаплінскі (дата нараджэньня невядомая). Вучань аптэкара з Панявескага павету. Падазраваны ў тым, што разам зь Янам Бянькоўскім і Янам Марчэўскім рыхтаваў замах на маршалка Дамейку. Пасьля цяжкага катаваньня амаль у непрытомным стане павешаны 28.08/09.09.1863.
- Уладзіслаў Нікаляй (26 гадоў). Паходзіў зь лютаранскай шляхты Віленскай губэрні. Падпаручнік Нараўскага пяхотнага палка. Расстраляны 13/25.09.1863. З роду Нікаляй, шляхцічаў Віленскай губерні, у Сыбір як «палітычна нядобранадзейныя» былі высланыя Багуслаў, Людамір, Станіслаў.
- Казімер Сычук (36 гадоў). Нарадзіўся ў Вільні. Служыў кананірам Віленскай абарончай артылерыі. На заключэнне Аўдытарыяту прысудам вайскавода Віленскай вайсковай акругі расстраляны 10/22.12.1863 «за дэзэртырства, далучэньне да банды мяцежнікаў і ўдзел зь імі супраць войскаў, а пасьля палону — за ілжывае паведамленьне пра сваю станавую прыналежнасьць».
- Мечыслаў Дарманоўскі (27 гадоў). Нарадзіўся ў Варшаве, прускі падданы. Чалец Варшаўскай паўстанцкай паліцыі, з сакавіка 1863 году выконваў абавязкі камісара Віленскай губерні (псэўданім Людвік Сухадольскі). На падставе канфірмацыі вайскавода Віленскай вайсковай акругі павешаны 21.12.1863/02.01.1864 за тое, што «пасьля прыбыцьця ў Вільню з Варшавы, з тамтэйшага Рэвалюцыйнага камітэту, асабіста распараджаўся кіраваньнем рэвалюцыйнай арганізацыі, а таксама браў на сябе выкананьне найважнейшых даручэньняў».
- Ігнат Здановіч (22 гады). Сын Аляксандра, гісторыка і пісьменьніка з Ігуменшчыны, і Эміліі Пясэччанкі, роднай сястры філямата Казімера Пясэцкага. Нарадзіўся 01/13.01.1841 у Вільні. Скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт са ступеньню кандыдата матэматычных навук. Падчас паўстаньня выконваў абавязкі «скарбніка», пэўны час начальнік паўстанцкай Вільні, адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Кастуся Каліноўскага. Арыштаваны 26.09.1863. Катаваны ў сьледчай камісіі, трымаўся «з рэдкай упартасьцю». Павешаны 21.12.1863/02.01.1864.
- Цітус Далеўскі (23 гады). Нарадзіўся 1/13.05.1840 у фальварку Кункулка Лідзкага павету. Вучыўся ў віленскай гімназіі, унівэрсытэтах Масквы і Пецярбурга, удзельнічаў у таемным студэнцкім руху. Сябра віленскай паўстанцкай арганізацыі, адзін з найбліжэйшых памочнікаў Каліноўскага. На падставе канфірмацыі вайскавода Віленскай вайсковай акругі расстраляны 30/12.1863/11.01.1864 за прыналежнасьць да рэвалюцыйнай арганізацыі ў Літве ў якасьці экспэдытара і сакратара пры ўпаўнаважаным камісары, а таксама за непасрэдны ўдзел у распараджэньнях арганізацыі, што мелі мэтай абуджэньне ўжо згаслага мяцяжу.
- Якуб Чэхан (прыкладна 40 гадоў, дакладная дата і месца нараджэньня невядомыя). Як шараговец унутранай варты Віленскага батальёну на падставе канфірмацыі вайскавода Віленскай вайсковай акругі і прысуду Аўдытарыяту ад 30 сьнежня 1863 году расстраляны ў Вільні 13/25.01.1864 «за дэзэртырства, уступленьне ў шэрагі мяцежнікаў, знаходжаньне ў іхнай бандзе і збройнае выступленьне супраць войскаў».
- Кастусь Каліноўскі (Канстанцін-Вінцэнт, 26 гадоў). Сын безьзямельнага шляхціча, уладальніка майстэрні льняных вырабаў Сымона Каліноўскага і Веранікі з Рыбінскіх. Нарадзiўся 21.01/02.02. 1838 у Мастаўлянах Горадзенскага павету. Павешаны расейскімі ўладамі 10/22.03.1864 за тое, што «быў сябрам рэвалюцыйнай арганізацыі і самастойным кіраўніком паўстаньня ва ўсім Літоўскім Краі». У народзе Кастуся называлі «апошнім каралём Літвы». Гэта была апошняя экзэкуцыя, учыненая расейскімі акупантамі ў Вільні.