Драўляную фігуру Вітаўта Вялікага зноўку ўсталявалі на пляцоўцы паміж Старым і Новым замкамі ў Горадні. Два месяцы таму яе забіралі на рэканструкцыю.
Тады скульптуру прыбралі, бо яна моцна нахілілася і магла ўпасьці на мінакоў. Яе аснова падгніла. Скульптуру высушылі, пачысьцілі, апрацавалі ад шкоднікаў і вярнулі на ранейшае месца. Аднаўленьнем займаўся вядомы горадзенскі скульптар Мікалай Скляр.
Драўляную скульптуру князя Вітаўта Вялікага падарыў Горадні Літоўскі фонд культуры ў 1990-я гады. Яна стала адным з сымбаляў гораду, адсюль пачынаюцца гарадзкія экскурсіі.
Вялікі князь літоўскі Вітаўт быў таксама горадзенскім князем, адным з гаспадароў горадзенскага Старога замка. Пры ім, у 1391 годзе, Горадня атрымала частковае самакіраваньне паводле Магдэбургскага права (поўнае — праз больш як стагодзьдзе).