У менскім Сьвята-Елісавецінскім манастыры і ў яго царкоўных крамках зьбіраюць подпісы пад зваротам да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з просьбай ініцыяваць закон «аб забароне прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасэксуалізму і іншых полавых вычварэньняў непаўналетнім» і ўвесьці адказнасьць за гэтыя дзеяньні ў Крымінальны кодэкс.
Як гаворыцца ў звароце, полавыя вычварэньні асабліва актыўна пашыраюцца «ў заходнім сьвеце дзяржаўнымі і наддзяржаўнымі структурамі ў рамках прапаганды каштоўнасьцяў ЛГБТ-супольнасьці і публічнай дэманстрацыі іх ладу жыцьця, сымбаляў і атрыбутыкі».
«Ідэалёгія ўкараненьня нетрадыцыйных сэксуальных адносін, грунтуючыся на антыхрысьціянскай гендэрнай тэорыі, распаўсюджваецца па ўсіх краінах сьвету праз глябальныя структуры», — лічаць аўтары звароту.
Паводле звароту, гэтая ідэалёгія супярэчыць канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, «у якой гаворыцца пра тое, што абарона традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў зьяўляецца адным з ключавых пытаньняў нацыянальнай бясьпекі».
«Гэтая прапаганда нарастае з кожным годам»
Аўтары звароту патрабуюць заканадаўча забараніць прапаганду каштоўнасьцяў ЛГБТ.
«Гэтая прапаганда нарастае з кожным годам, яна накіраваная на зьніжэньне нараджальнасьці, разбурэньне традыцыйнай сям’і, і галоўная яе цэль — гэта нашы дзеці і моладзь, наша будучыня. Яна маскіруецца пад праграмы па гендэрнай роўнасьці, не-дыскрымінацыі і прафіляктыцы ВІЧ, укараняецца ў сыстэмы сацыяльнай абароны, адукацыі і аховы здароўя, мэтанакіравана праводзіцца ў найбуйнейшых СМІ».
Аўтары звароту патрабуюць прыняць закон зь юрыдычнай адказнасьцю за яго парушэньне, а таксама надведамасную нацыянальную праграму па захаваньні традыцыйных каштоўнасьцяў. Паводле сайту манастыра, у Расеі адпаведныя зьмены заканадаўства былі прынятыя яшчэ ў 2013 годзе.
«Мы не павінны загінуць, як Садом і Гамора, — кажа ў відэазакліку да збору подпісаў, зьмешчаным на сайце, духоўнік манастыра протаярэй Андрэй. — Мы павінны вызначыць, з кім мы, на чыім мы баку».
Арганізатары збору подпісаў кажуць, што працягваюць ініцыятыву 7 тысяч грамадзян Беларусі, якія накіравалі Лукашэнку аналягічныя лісты ў чэрвені 2018 году.
«Прыватных ініцыятыў у гэтым кірунку не павінна быць»
Прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што збор подпісаў «не зьяўляецца ініцыятывай Сьвята-Елісавецінскага манастыра».
«Гэта ініцыятыва, да якой далучыўся Сьвята-Елісавецінскі манастыр. Гэтая ініцыятыва пачала быць з намаганьняў пэўнага кола пралайфэрскага руху. Гэты рух цяжка ідэнтыфікаваць па рэлігійнай прыналежнасьці, там ёсьць каталікі, пратэстанты і праваслаўныя. Але праваслаўная царква афіцыйна не абвяшчала ніякай кампаніі па зборы подпісаў», — сказаў Сяргей Лепін.
Відэазварот і заклік духоўніка манастыра Сяргей Лепін назваў «асабістай ініцыятывай».
«Я лічу, што прыватных ініцыятыў у гэтым кірунку не павінна быць», — сказаў Сяргей Лепін.
«Ініцыятыва паходзіла ад вернікаў-каталікоў»
Два месяцы таму каталіцкі касьцёл абвясьціў пра агульнанацыянальны збор подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі ў абарону традыцыйнай сям’і і за прыняцьце закону супраць прапаганды аднаполых адносін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ініцыятыва Кандрусевіча». Навошта каталікі зьбіраюць подпісы за закон супраць прапаганды аднаполых адносінЭкспэртная рада па пытаньнях жыцьця і сям’і пры Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловым зваротам, у якім адзначаецца, што ў Беларусі ўсё актыўней праяўляюцца тэндэнцыі непавагі да духоўных каштоўнасьцяў інстытуту сям’і.
І вінаватыя ў гэтых «тэндэнцыях непавагі» СМІ і сацыяльныя сеткі.
Сябра камісіі Іван Пузанаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч блаславіў гэтую ініцыятыву, але паходзіла яна ад вернікаў.
«Збор подпісаў працягваецца, і праваслаўная царква падхапіла гэтую справу. У нас ёсьць мэта сабраць 50 тысяч подпісаў. І калі да 1 сьнежня мы гэтыя 50 тысяч зьбяром, накіруем у Адміністрацыю. Гэта збор подпісаў за традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці», — сказаў Іван Пузанаў.
«Гэтыя зборы подпісаў ідуць па расейскім сцэнары»
ЛГБТ-актывіст з Маладэчна, дыякан Грэцкай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Амэрыкі і Канады Валянцін Цішко сказаў карэспандэнту Свабоды, што гэтыя зборы подпісаў «ідуць па расейскім сцэнары».
«85% — гэта „рускамірцы“, у іх у галовах ня ведаю што робіцца, і для іх прапагандай зьяўляецца ўсё. Бо калі мы гаворым пра абарону правоў чалавека, то гэта ня можа быць прапагандай, гэта абарона правоў чалавека. Калі мы гаворым аб праве на ўласнае жыцьцё і яго недатыкальнасьць, то гэта зноў не прапаганда. Па сутнасьці, увесь іх збор подпісаў — гэта прапаганда нецярпімасьці і гвалту. Яны проста пераблыталі паняцьці. Дай ім волю, яны б тут наставілі помнікаў Сталіну і ўсім астатнім», — сказаў Валянцін Цішко.
Ён спадзяецца, што дзяржаўныя органы ня пойдуць на распрацоўку такога «антынароднага» законапраекту.
«Складаецца ўражаньне, што гэта найвялікшая праблема царквы і касьцёла. І што гомасэксуалы запаланілі ўвесь сьвет, як кібаргі. Гэта проста цырк, фарс і проста адпрацоўка нечых грантаў і грошай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вернік і гей». Беларускі каталік тлумачыць кліру, чаму ў гэтым няма супярэчнасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яму далі 24 гадзіны на зборы». Ці вернецца «бацюшка са свастыкай» у царкву ў Гатаве