У Швэцыі апэляцыйны суд акругі Свэа адхіліў скаргу расейскага газавага манапаліста «Газпром» на адно з рашэньняў Стакгольмскага арбітражу па спрэчцы з украінскай кампаніяй «Нафтогаз».
Рашэньне апэляцыйнага суду абскарджаньню не падлягае.
Гаворка ідзе пра рашэньне арбітражу, прынятае у 2017 годзе, згодна зь якім «Нафтогаз» не павінен прытрымлівацца прынцыпу «бяры або плаці» пры пастаўках газу з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі трох прадстаўнікоў газавай кампаніі, якія заключылі дамову з РасеяйАпэляцыйны суд цяпер разглядае яшчэ два спрэчкі паміж кампаніямі. У прыватнасьці, у лютым 2018 году Стакгольмскі арбітраж абавязаў «Газпром» выплаціць кампэнсацыю «Нафтогазу» ў памеры каля 2,56 мільярдаў долараў за недапастаўкі газу па транзітнай дамове.
Украіна і Расея цяпер вядуць перамовы пра новы кантракт на транзіт газу — дзейны кантракт заканчваецца 31 сьнежня. Паводле выканаўчага дырэктару кампаніі «Нафтогаз» Юрыя Вітрэнкі, крайні тэрмін заключэньня новага дагавору — 13 сьнежня.
«Газпром» прапанаваў заключыць часовае пагадненьне на год, пры ўмове, што ўкраінскі бок адкліча ўсе пазовы з судоў. У Кіеве далі зразумець, што ня згодныя на гэтую ўмову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даччыная кампанія расейскага «Газпрому» пацьвердзіла арышт акцый на пазоў украінскага «Нафтогазу»Чакаецца, што газавая тэма будзе абмяркоўвацца на саміце ў «нармандскім фармаце» 9 сьнежня ў Парыжы, дзе ўпершыню адбудзецца асабістая сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Ўладзіміра Пуціна і Ўладзіміра Зяленскага. На гэтым тыдні яны абмяркоўвалі транзіт і пастаўкі газу па тэлефоне.