Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы затрымалі трох прадстаўнікоў газавай кампаніі, якія заключылі дамову з Расеяй


Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы раніцай 26 лістапада затрымала трох былых топ-мэнэджэраў кампаніі EuRoPol GAZ, сумеснага прадпрыемства расейскага «Газпрому» і польскай кампаніі PGNiG, якая валодае польскім участкам газаправоду «Ямал-Эўропа».

Усіх затрыманых вінавацяць у нанясеньні кампаніі матэрыяльнай шкоды ў асабліва буйных памерах: 848 мільёнаў злотых (прыблізна 223 мільёны даляраў). Паводле сьледзтва, шкоду нанесьлі пагадненьні аб куплі газу, якія былі падпісаныя 27 студзеня 2010 году ў Маскве паміж EuRoPol GAZ, «Газпром экспартам» і PGNiG. Гэты кантракт, які агаворваў умовы паставак расейскага газу ў Польшчу, як сьцьвярджаюць сьледчыя, быў заключаны на нявыгадных для EuRoPol GAZ умовах.

У дагаворы польскі бок абавязаўся адмовіцца ад падтрымкі пазову супраць «Газпром экспарту», які быў накіраваны ў Міжнародны камэрцыйны арбітражны суд, і падпісаўся пад абавязаньнямі па транспарціроўцы «газпромаўскага» газу з 1 студзеня 2006 году па 31 сьнежня 2009 году. Пагадненьне таксама ўтрымлівала сумесную заяву EuRoPol GAZ і «Газпром экспарту» аб адсутнасьці узаемных прэтэнзій за пэрыяд ад 1 студзеня 2006 году да 31 сьнежня 2009 году.

Калі абвінавачваньні будуць даказаныя, то ўсім былым топ-мэнэджэрам кампаніі пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Абвінавачаньні па гэтай справе ўжо прад’яўленыя былой намесьніцы міністра эканомікі Польшчы Гражыне Генцлеўскай. Паводле вэрсіі сьледзтва, яна ўнесла ва ўрадавую дакумэнтацыю ілжывую інфармацыю аб станоўчай ацэнцы дагавору паміж Расеяй і Польшчай пра транзіт газу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG