Даччыная кампанія расейскай кампаніі «Газпром» South Stream Transport B. V., якая будуе афшорную частку газаправоду «Турэцкі паток», 25 кастрычніка пацьвердзіла, што акруговы суд Амстэрдаму арыштаваў акцыі кампаніі пасьля пазову, які падала ўкраінская кампанія «Нафтогаз».
Кампанія сьцьвярджае, што арышт акцый не паўплывае на будаўніцтва або эксплюатацыю газаправода. «Акцыі застаюцца ўласнасцю ТАА "Газпром трансгаз Краснодар". Цяпер мы рыхтуемся да першай пастаўкі газу па газаправоднай сыстэме "Турэцкі паток", заплянаванай на канец 2019 году», — гаворыцца ў паведамленьні, якое апублікавалі расейскія інфармацыйныя агенцтвы.
«Нафтогаз» спрабуе атрымаць з кампаніі «Газпром» 2,56 мільярда долараў паводле пастановы Стакгольмскага арбітражу. «Газпром» адмаўляецца выплачваць гэтую запазычанасьць.
Сутнасьць канфлікту
Украінска-расейская газавая справа, распачатая ў 2014 годзе на заяву кампаніі «Нафтогаз України», стала найбуйнейшаю справаю ў гісторыі Стакгольмскага арбітражу — сумарны аб’ём узаемных патрабаваньняў «Газпрому» ды «Нафтогазу» дасягнуў 125 мільярдаў даляраў. Але ў поўным аб’ёме суд не падтрымаў ніводзін з бакоў.
Летась у траўні і сьнежні Стакгольмскі арбітраж абавязаў Украіну аплаціць газ, пастаўлены Расеяю ў 2014-2015 гадах. Але пры гэтым яго цана, паводле рашэньня суду, мусіла прывязвацца не да кошту нафты (як гэта было прадугледжана кантрактам ад 2009 году), а да цэнаў эўрапейскага газавага хабу. Апроч таго, арбітраж скасаваў забарону на рээкспарт газу і прынцып «бяры або плаці» (да канца 2019 году Ўкраіна мусіла купляць 52 мільярды кубамэтраў газу за год, незалежна ад патрэб).
Сёлета ў лютым Стакгольмскі арбітраж паставіў кропку ўжо ў справе пра транзытны кантракт. Паводле яго, «Газпром» мусіў быў кампэнсаваць страты «Нафтогазу України» за недапастаўку закантрактаваных аб’ёмаў прыроднага газу для транзыту.
«„Газпром“ цалкам прайграў. Але галоўнае, што ён прайграў ня тыя 2,5 мільярды даляраў, якія ён мусіць нам сплаціць, але і, згодна з рашэньнем арбітражу, яшчэ да канца 2019 году мае сплочваць, зыходзячы з таго, што ён транспартуе 110 мільярдаў кубамэтраў на год, як прапісана ў кантракце. Таму насамрэч страты „Газпрому“ тут дастаткова істотныя. Апроч таго, ён значна цярпіць ад гэтага рашэньня з пункту гледжаньня пазыцый у Эўропе, таму што арбітраж прызнаў, што да Ўкраіны мусяць выкарыстоўвацца правілы эўрапейскага рынку, а гэта значна зьмяншае магчымасьці „Газпрому“ ў маніпуляцыях», — казаў дырэктар кіеўскага Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі Аляксандар Харчанка.