З ініцыятывы ўкраінскага боку вечарам 25 лістапада прайшла тэлефонная размова кіраўнікоў Украіны і Расеі Ўладзіміра Зяленскага і Ўладзіміра Пуціна.
Паводле Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, Зяленскі «падкрэсьліў важнасьць нядаўняга вяртаньня ўкраінскіх караблёў Расеяй». Тыдзень таму Расея перадала Ўкраіне тры караблі, захопленыя ў лістападзе 2018 году ў Керчанскай пратоцы. Але ўкраінцы недалічыліся на караблях шмат якога абсталяваньня і зброі — «паздымалі нават пляфоны, разэткі і ўнітазы».
Зяленскі ў тэлефанаваньні «падкрэсьліў неабходнасьць вяртаньня ўсёй зброі, тэхнікі і дакумэнтацыі на борт гэтых судоў», адзначае ягоны Офіс. У час тэлефанаваньня абмеркавалі таксама «пытаньне газавых перамоваў у трохбаковым фармаце Украіна-Расея-Эўразьвяз».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паздымалі нават пляфоны, разэткі і ўнітазы». Вернутыя Расеяй украінскія караблі прыбываюць у гавань АчакаваНа сайце Крамля факт званка пацьвярджаецца: адзначана, што размова адбылася «з улікам заплянаванага на 9 сьнежня 2019 году ў Парыжы саміту ў „нармандзкім фармаце“» і прайшла «з ініцыятывы ўкраінскага боку».
Караблі, адзначае прэс-служба Пуціна, «былі выкарыстаныя ў ходзе правакацыі» — пра недахоп нейкага абсталяваньня на іх пасьля вяртаньня ня згадваецца.
Газавая праблематыка была абмеркаваная падрабязна, дадаюць у Крамлі; абмяркоўваліся прапановы як транзыту, так і аднаўленьня наўпроставых паставак расейскага газу ва Ўкраіну; «дамоўлена аб працягу кантактаў на розных узроўнях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея вяла кампанію дэзінфармацыі, каб перакласьці адказнасьць на Ўкраіну