«Крэдыт ня трэба, на кампэнсацыю не разьлічваем і „на храна нам такі саюз“». Што заяўлялі беларускія чыноўнікі напярэдадні паглыбленай інтэграцыі.
8 сьнежня Расея і Беларусь маюць падпісаць дакумэнты аб далейшай паглыбленай інтэграцыі. Што гэта за дакумэнты, для большасьці людзей загадка. Паказаць іх чыноўнікі адмаўляюцца, нягледзячы на шматлікія просьбы. Але зь беларускага боку ўсё часьцей гучаць заявы, што ў Саюзнай дзяржаве ўсё ня так добра. Вось некаторыя зь іх.
«Ды ня трэба нам той крэдыт»
Чэрвень 2019-га. Расея празрыста намякае, што «сьпярша будзе інтэграцыя, а потым ужо расейскі крэдыт на 630 мільёнаў для Беларусі». Пра гэта журналістам сказаў міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.
Ужо ў кастрычніку, калі расейскі бок некалькі разоў нагадаў пра інтэграцыю, афіцыйны Менск заявіў, што «крэдыт ня трэба». Пра гэта таксама заявіў кіраўнік Мінфіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмовілася ад «палітычнага» крэдыту Масквы на 600 млн даляраў, хоча 500 млн ад Кітаю«Мы не разглядаем у якасьці крыніцы фінансаваньня крэдыт ураду Расейскай Фэдэрацыі і, уласна, не вядзем перамовы наконт гэтага крэдыту. Запытаў мы расейскаму боку не падавалі. На атрыманьне расейскага крэдыту мы не разьлічваем», — сказаў Ермаловіч.
«Мы самі набылі сабе самалёты»
У лістападзе Беларусь набыла ў Расеі два самалёты Су-30СМ. Тады дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў, што «ў Расеі прасілі дапамагчы».
«Наўзамен атрымалі прапанову аб разьмяшчэньні на нашай тэрыторыі вайскова-паветранай базы Расейскай Фэдэрацыі. Але пагадзіцеся, што гэта не адно і тое ж. Разьмяшчэньне тут, на нашай зямлі, вайскова-паветранай базы не вырашае праблему разьвіцьця нашай уласнай баявой авіяцыі. Таму мы сталі абапірацца на ўласныя магчымасьці», — сказаў Зась.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея прапаноўвала базу ў Беларусі замест самалётаў, — дзяржсакратар Рады бясьпекіРазмовы пра расейскую вайсковую базу ў Беларусі вяліся яшчэ з 2015 году. У лістападзе 2018-га Лукашэнка заявіў, што «ў такой базе няма неабходнасьці».
«На храна патрэбен такі саюз!»
17 лістапада Аляксандар Лукашэнка прыехаў галасаваць на выбары дэпутатаў. Там журналісты запыталіся ў яго пра саюз з Расеяй і далейшую інтэграцыю. Лукашэнка адказаў, што ад гандлю з Расеяй Беларусь страчвае 9 мільярдаў даляраў штогод.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расчараваны Расеяй: «На храна патрэбен такі саюз?»«Гэтыя грошы нам трэба недзе зарабіць, найперш на расейскім рынку. А яны нам выбудавалі бар’еры, не пускаюць туды па цэлым шэрагу тавараў, — абурыўся Лукашэнка. — Бо калі ты ўступаеш у нейкае аб’яднаньне, на што разьлічваеш? Што з кожным месяцам, годам будзе лепей. Што маем? Нам кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем. Прабачце, на храна патрэбен такі саюз? Я адкрыта гэта магу і Пуціну сказаць: дзе нам узяць 9 мільярдаў, каб пакрыць дэфіцыт у гандлі? Мы іх пакрываем за кошт іншых рынкаў!»
«На кампэнсацыю не разьлічваем»
Афіцыйны Менск ня раз казаў, што праз расейскі «падатковы манэўр» (падатковая рэформа ў Расеі) панясе за некалькі гадоў страты да 10,6 мільярда. Толькі ў 2019 годзе, па падліках беларускіх чыноўнікаў, страты дойдуць да 500 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўпершыню за 6 гадоў прынялі дэфіцытны бюджэт. Што гэта значыцьАле ў бюджэце на наступны год на кампэнсацыю ад Расеі гэтых стратаў «не спадзяюцца». Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў сказаў, што «крыж на гэтым не пастаўлены», але бюджэт вярсталі «кансэрватыўна», то бок зыходзячы зь менш пазытыўнага сцэнару.