Упершыню за апошнія пяць гадоў выдаткі дзяржаўнага бюджэту будуць перавышаць прыбыткі.
Сьцісла
- Расейскі падатковы манэўр «падкасіў» беларускі бюджэт.
- Раўнацэннай замены расейскай нафце ўлады пакуль ня бачаць.
- Курс даляра вырасьце, гарэлка і цыгарэты падаражэюць.
- Магло б быць і горш, але стрымліваюць прэзыдэнцкія выбары.
Дэфіцыт бюджэту Беларусі на наступны год складзе каля паўмільярда даляраў. Кіраўнік ураду Сяргей Румас, выступаючы ў Авальнай залі, назваў галоўную прычыну. Гэта страты бюджэту ад расейскага падатковага манэўру. Яны ацэньваюцца больш як у 400 мільёнаў даляраў.
Справа ў тым, што Расея штогод (аж да 2024 году) падвышае на 5% падатак на здабычу карысных выкапняў. Гэты «прыварак» аўтаматычна ўключаецца ў кошт сырой нафты, што і робіць яе даражэйшай. На невялікіх абʼёмах гэта ня так відаць. Але ж Беларусь мае намер у 2020 годзе купіць тыя ж 18 мільёнаў тон нафты, што і сёлета. Вось адкуль і ўзьнікаюць дадатковыя страты. Міністэрства фінансаў ацаніла іх у 423,6 мільёна даляраў.
Экспэрты лічаць, што свой эканамічны ціск на Беларусь Крэмль сфакусаваў на нафце. Гэта ня стала навіной. Яшчэ 1 сакавіка падчас так званай «вялікай размовы» Аляксандар Лувкашэнка заявіў:
«Занадта ж мы перабольшваем ціск усялякіх манэўраў падатковых у Расеі на эканоміку Беларусі. У грашах, я ўжо казаў, гэта каля 400 мільёнаў даляраў сёлета. Пры ВУП, большым за 50 мільярдаў даляраў, я думаю, мы гэта неяк перажывём».
І дадаў: «Мы купім нафту на рынку, на ім нафты хапае, пытаньне ў цане».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румас: Засталіся неўрэгуляваныя пытаньні па рынках газу і нафтыНа ўсясьветным рынку сыравіны сапраўды хапае. Але ж праблема не ў яе колькасьці, а ў цане. Як бы ні храбрыўся Лукашэнка, але купіць нафту па тых жа цэнах, якія вызначыла для Беларусі Расея, немагчыма. Да таго ж цана ўзрастае і за кошт транспартаваньня.
Авантура з закупкамі нафты ў Вэнэсуэле дагэтуль не забылася. Яна стала для Беларусі «залатой», бо і цэны былі высокімі, і адлегласьці, адкуль трэба было везьці нафту, вялікімі. Добра, што яшчэ выручыў прэзыдэнт Азэрбайджану. Аліеў і даляры пазычыў, і, як цьвердзяць адмыслоўцы, даслаў у Беларусь нафту азэрбайджанскага «разьліву». А тая вэнэсуэльская асела ў Азэрбайджане. Вось такі атрымаўся абмен.
Апошнім часам шмат сталі гаварыць пра закупкі нафты ў Казахстане. Я і сам двойчы задаваў пытаньне пра гэта казахстанскаму амбасадару ў Беларусі. Абодва разы адказ быў аднолькавы:
«Так, у нас шмат нафты. І мы зь вялікім задавальненьнем прадалі б яе ў Беларусь. Такім чынам мы выправілі б адмоўнае сальда ў гандлі зь Беларусьсю. Але хачу нагадаць, што супольнай дзяржаўнай мяжы нашы краіны ня маюць. Таму транзыт магчымы толькі праз Расею».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўпершыню за 6 гадоў прынялі дэфіцытны бюджэт. Што гэта значыцьІ тут узьнікаюць адразу дзьве праблемы. Першая — яшчэ не факт, што казахстанскія цэны будуць адрозьнівацца ад усясьветных, бо ў Нур-Султане грошы лічаць добра. Другая — цяжка ўявіць размову Лукашэнкі з Пуціным пра тое, што Беларусь адмаўляецца ад закупаў расейскай нафты на карысьць казахстанскай і пры гэтым просіць Маскву пасадзейнічаць транспартаваньню.
Падобна, што на іншыя рынкі, акрамя расейскага, афіцыйны Менск усё ж не разьлічвае. На карысьць гэтай думкі тое, што прэзыдэнцкія ўказаньні аб прапрацоўцы паставак нафты праз марскія парты Балтыі, якія пэрыядычна агучваліся ў першым квартале сёлета, цяпер спыніліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На храна»? Пра што 11 месяцаў ня могуць дамовіцца Менск і МаскваЯшчэ 5 пэсымістычных адметнасьцяў бюджэту
Выглядае, што чакаць паляпшэньня якасьці жыцьця налета беларусам не выпадае. Гэтую думку, на мой погляд, пацьвярджаюць наступныя лічбы з бюджэту-2020:
- Сярэдні курс даляра заплянаваны ў памеры 2,2447 беларускага рубля. Такім чынам, амэрыканская валюта падрасьце на 10%.
- Прыбытковая частка бюджэту ў параўнаньні з 2019 годам узрасьце на 0,3%. Але калі ўлічыць, што інфляцыя на наступны год заплянаваная 5%, то ў супастаўных цэнах прыбыткі бюджэту даволі істотна паменшацца. Значыць, зьменшацца магчымасьці дапамогі насельніцтву ў сацыяльнай галіне.
- Кампэнсаваць выдаткі ўрад часткова зьбіраецца за кошт падвышэньня акцызаў на алькаголь (6%) і табачныя вырабы (15%). Зразумела, што ад гэтага і гарэлка, і цыгарэты падаражаюць.
- Рост выдаткаў на ахову здароўя і адукацыю вельмі малы. Нават зь улікам таго, што да сумаў дзяржаўнага бюджэту ў гэтых дзьвюх сфэрах дадаюцца і выдаткі мясцовых бюджэтаў (бяром кансалідаваны бюджэт), агульнае павелічэньне складзе ўсяго 0,14% ад ВУП у ахове здароўя і 0,3% у адукацыі.
- Выдаткі на дзяржаўную падтрымку рэальнага сэктару эканомікі скароцяць на 10%. Гэта азначае, што фінансавыя праблемы ўзьнікнуць на шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў.
2020-ы — год прэзыдэнцкіх выбараў
Фінансавыя аналітыкі лічаць, што бюджэт на наступны год можна было зьвярстаць і зь меншым дэфіцытам. І нават зрабіць яго з прафіцытам. Для гэтага давялося б урэзаць некаторыя сацыяльныя выдаткі.
«Але пайсьці на такі крок у год прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка ніколі не дазволіў бы. Думаю, ад гэтага прэмʼер нават не заікаўся пра такі варыянт», — кажа эканаміст Леў Марголін.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь істотна павялічыла пастаўкі бульбы ва Ўкраіну. У Кіеве сьцьвярджаюць, што гэта рээкспарт з Расеі