Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэт на 2020 год сфармаваны з дэфіцытам, з улікам расейскага «падатковага манэўру»


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 19 лістапада прынялі ў першым чытаньні праект рэспубліканскага бюджэту на 2020 год. Праект бюджэту прадставіў першы намесьнік міністра фінансаў Юры Селіверстаў, паведамляе БелТА.

Паводле яго, праект бюджэту на 2020 год прадугледжвае:

  • тэмп рост ВУП 101,9%,
  • рост сярэднегадавой інфляцыі 105%,
  • стаўку рэфінансаваньня на ўзроўні 9,5%,
  • кошт на нафту маркі URALS — 60 даляраў за барэль,
  • перапрацоўку імпартнай нафты з Расеі ў аб’ёме 18 млн тон.

Даходы бюджэту на 2020 год сфармаваныя ў суме 24,4 млрд беларускіх рублёў (прырост на 0,3% да ўзроўню 2019 году), выдаткі — у 25,4 млрд рублёў (111,4% да чаканых у 2019 годзе). Такім чынам, праект бюджэту сфармаваны з дэфіцытам у 995,1 мільёна рублёў.

«Даходная база разьлічана ва ўмовах нарастаньня ўплыву падатковага манэўру, які рэалізуецца ў Расеі. Агульны абʼём страт даходаў бюджэту ў 2020 годзе ацэньваецца ў 1,9 млрд рублёў», — сказаў Юры Селіверстаў.

Паводле яго, на зарплаты бюджэтнікаў у 2020 годзе дадаткова накіруюць каля 1,8 млрд рублёў, што дазволіць утрымаць зарплаты бюджэтнікаў на ўзроўні 80% ад сярэдніх па эканоміцы і выканаць абяцанае павышэньне заробкаў пэдагогам і мэдыкам. Усяго выдаткі на аплату працы складуць больш за трэць ад агульнага абʼёму (з улікам адлічэньняў на сацыяльнае страхаваньне).

Дадатковыя сродкі спатрэбяцца і на тое, каб дацягнуць пэнсіі да 40% ад сярэдняга заробку, што у 2019 годзе зрабіць не ўдалося.

Выдаткі на сацыяльную сфэру павялічацца ня менш чым на 11%.

У праекце бюджэту прадугледжаныя таксама сродкі на падаўжэньне фінансаваньня сямейнага капіталу на сярэднетэрміновы пэрыяд (каля 350 млн рублёў), на аднаразовую дапамогу вэтэранам Вялікай Айчыннай вайны і тым, хто пацярпеў ад яе, да 75-годздзя Перамогі (18 млн рублёў). Прадугледжаныя і пэўныя навацыі ў жыльлёвым будаўніцтве.

Павялічаць падтрымку абласьцям Беларусі: амаль на траціну (да 5,3 млрд рублёў) вырасьце памер сродкаў, якія перадаюцца ў мясцовыя бюджэты з рэспубліканскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG