22 лістапада на могілках Росы ў Вільні будуць пахаваныя парэшткі паўстанцаў 1863–1864 гадоў (глядзіце жывы эфір Свабоды). На адным з найстарэйшых нэкропаляў Літвы пахавана шмат значных для беларускай гісторыі асобаў. Свабода нагадвае некаторыя зь іх.
Назва ўсяго віленскага раёну — Росы — паходзіць ад паганскага сьвята веснавога цыклю, да якога царква прымеркавала Дзень сьвятога Юр’я.
Першыя пахаваньні тут узьніклі ў XV стагодзьдзі. Гісторык Тэадор Нарбут кажа, што з 1436 году на гэтай тэрыторыі хавалі ахвяраў паморку. Тады тэрыторыя называлася Сьвятаюрскімі Росамі — ад пабудаванай тут праваслаўнай царквы Сьвятога Юр’я, якая пазьней стала ўніяцкай і служыла падвіленскім парафіянам. Была яна дашчэнту спаленая вайною ў XVІІ стагодзьдзі і ўжо пазьней не адбудоўвалася.
Фармальна, аднак, заснаваньне могілак як публічнага месца пахаваньня памерлых жыхароў Вільні датуецца 1769 годам, калі тагачасны бурмістар Вільні Базыль Мюлер афіцыйна прызначыў для пахаваньняў гэтую тэрыторыю. 6 траўня 1801 году адбылося асьвячэньне могілак, а ўжо праз два дні на іх знайшоў свой спачын і сам Мюлер.
Сёньня агульная тэрыторыя нэкропаля Росы складае 10,8 га. Помнікі разьмясьціліся на пяці маляўнічых узгорках, кожны зь якіх мае сваю назву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошні прыстанак Каліноўскага: што гэта і як правільна называць
Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862)
(сапраўднае імя Людвік Францішак Уладзіслаў Кандратовіч)
Беларускі і польскі паэт, перакладчык, драматург, літаратурны крытык і краязнаўца.
Зьвяртаўся да гісторыі Беларусі, вераваньняў, звычаяў, вуснай паэзіі беларускага народу. Як добры знаўца фальклёру, вуснай паэзіі беларусаў раскрыўся ў «Кароткім дасьледаваньні мовы і характару паэзіі русінаў Менскай правінцыі» (1856). Вывучэньню Беларусі прысьвяціў гістарычна-краязнаўчыя працы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Менск: беглы агляд сучаснага стану Менску» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусьця» (1861) і інш.
Пісаў па-польску, зь беларускамоўных твораў захаваліся толькі два — верш «Добрыя весьці» (1848, 1861) і лірычная мініятура «Ўжо птушкі пяюць усюды».
Ягонае імя носяць вуліцы ў Менску і Нясьвіжы.
Ануфры Петрашкевіч (1793–1863)
Беларуска-польскі паэт. Сузаснавальнік Таварыства філяматаў.
Працаваў у архіве Радзівілаў у Вільні.
Сябраваў з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам і Ігнатам Дамейкам.
Адам Вайткевіч (1796–1869)
Біскуп Менскай архідыяцэзіі і рэктар Менскай сэмінарыі.
Падчас рэпрэсіяў пасьля паўстаньня, 27 ліпеня 1869 году, менскую дыяцэзію скасавалі і далучылі да віленскай. Вайткевіча накіравалі ў Вільню. Царскія ўлады забаранілі яму вярнуцца ў Менск.
Яўстах Тышкевіч (1814–1873)
Археоляг, гісторык, этнограф
Адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі. Дасьледчык старажытных курганоў. Тэарэтык адзінага паходжаньня беларусаў і літоўцаў, а таксама літвінізму. Складальнік Віленскага музэю старажытнасьцяў. Аўтар шэрагу навуковых кніг, краязнаўчых прац і дасьледаваньняў фальклёру.
Аўтар працаў «Археалёгія ў Літве» (1872), «Апісаньне Барысаўскага павету...» (1847), «Узоры хатняга сумеснага жыцьця ў Літве» (1844), «Наш край», «Археалягічныя дасьледаваньні помнікаў мастацкіх рамёстваў і да т. п. у старажытнай Літве й Літоўскай Русі». З 1847 году працаваў у Менску як чалец камісіі для збору й выданьня старажытных актаў, грамат і прывілеяў XVI–XVIII стагодзьдзяў гарадоў Менскай губэрні. У 1855 годзе арганізаваў і ўзначаліў Віленскую археалягічную камісію.
У 1845 годзе частку сваёй лагойскай калекцыі ён перавёз у Вільню пад выглядам выставы, якую пасьля ператварыў у прыватны музэй, а потым, з дазволу ўладаў, — у музэй, які разьмясьціўся ў старажытнай залі Віленскага ўнівэрсытэту. Яго выбралі старшынём гэтага музэю. За 2 гады калекцыя дасягнула 10 тысяч экспанатаў.
На загад генэрал-губэрнатара Мураўёва Вешальніка музэй быў афіцыйна забаронены ў 1864 годзе. Пазьней, дзякуючы намаганьням беларускага археоляга Івана Луцкевіча, частку збораў Я. Тышкевіча адшукалі, яна апынулася ў фондзе Беларускага музэю ў Вільні (1921–1945).
Аляксандар Аскерка (1830–1911)
Грамадзкі дзеяч, публіцыст, выдавец. Праўнук менскага кашталяна графа Адама-Міхала Францавіча-Антоніевіча Ракіцкага.
Адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў. Паўстанцкі начальнік Вільні.
У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданьне беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элемэнтаж для добрых дзетак-каталікоў». На 40 старонках брашуры зьмяшчаўся алфавіт, азы арытмэтыкі і асноўныя рэлігійныя павучаньні, сярод якіх «Старайся, каб дзеткі твае вучыліся чытаць і пісаць».
Людвіка Ямант (1833–1914)
Удзельніца паўстаньня 1863–1864 гг. Паходзіць з роду Ямантаў і зьяўляецца сястрой Марыі Ямант (каханай Кастуся Каліноўскага).
Уваходзіла ў нелегальны жаночы камітэт у Вільні, які актыўна супрацоўнічаў з рэвалюцыйнай падпольнай арганізацыяй. Яны захоўвалі і распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, нарыхтоўвалі правіянт і зброю для будучых паўстанцаў, хавалі паўстанцкія друкарні, разносілі пошту і клапаціліся аб паўстанцах, якія трапілі ў палон.
У 1865 годзе за ўдзел у паўстаньні была выслана ў Разанскую губэрню.
У глыбокай старасьці напісала ўласныя мэмуары «Жменя ўспамінаў пра 63-і год».
Эма Дмахоўская (1864–1919)
Беларуская фальклярыстка і этнограф.
Запісала 11 сшыткаў беларускіх народных песень, склала два рукапісныя зборнікі: казкі, сабраныя ў Мазырскім, Рэчыцкім і Наваградзкім паветах (62 творы ў рукапісе, выдадзеныя ў 1976 г. пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песьні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч».
Іван Луцкевіч (1881–1919)
Гісторык, археоляг, публіцыст, пачынальнік беларускага нацыянальнага руху.
Адзін са стваральнікаў першай беларускай партыі «Беларуская сацыялістычная грамада» і першай беларускай газэты «Наша Ніва».
Разам з братам Антонам Іван Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ядвігін Ш. (1869–1922)
(сапраўднае імя — Антон Іванавіч Лявіцкі)
Беларускі празаік, драматург і публіцыст, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы.
У 1909–1910 гг. жыў у Вільні, некаторы час працаваў сакратаром, затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай Нівы». Працаваў у рэдакцыі газэты «Беларус». Быў тэхнічным рэдактарам беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Менску.
Аўтар перакладаў на беларускую мову зборнікаў апавяданьняў, шэрагу рэцэнзіяў і літаратурна-крытычных артыкулаў. Застаўся няскончаным ягоны раман «Золата».
Казімір Сваяк (1890–1926)
(сапраўднае імя Канстанцін Стаповіч)
Беларускі каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч, паэт і музыкант.
Скончыў Пецярбургскую духоўную сэмінарыю. Супрацоўнічаў зь беларускімі газэтамі «Наша Ніва», «Беларус». Ініцыятар адкрыцьця беларускіх школ і актыўны прапагандыст беларускамоўных службаў у касьцёле.
Аўтар шматлікіх вершаў, літаратурных эсэ, публіцыстычных апавяданьняў, рэлігійных артыкулаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Казіміра Сваяка
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1869–1927)
Беларускі графік і жывапісец.
Вучыўся ў Вільні, Парыжы, Мюнхэне і Пецярбургу. Ягоная творчасьць зьвязана з мастацкім жыцьцём Літвы і Беларусі. У жанравых творах адлюстроўваў побыт беларускіх і літоўскіх сялян і гараджан.
Фадзей Дмахоўскі (1858–1930)
Жывапісец, пэдагог у Віленскім унівэрсытэце. Вучыўся ў Яна Матэйкі. Яго бацька за ўдзел у паўстаньні 1863 году быў сасланы ў Сібір, маці памерла, будучага мастака выхоўвалі сваякі ў Дзьвінску.
Пісаў кампазыцыі на гістарычныя тэмы i пэйзажы. Аўтар сэрыі малюнкаў гербаў беларускіх гарадоў для «Гербоўніка літоўскага».
Альбін Стаповіч (1895–1934)
Беларускі грамадзка-культурны і рэлігійны дзеяч, кампазытар і музыказнаўца, літаратурны крытык і публіцыст, выдавец.
Кіраваў беларускім хорам у Вільні. Выкладаў музыку і сьпевы ў Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага земляробча-прамысловага банку ў Вільні. Кіраваў віленскай суполкай Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры.
Дэпутат Сэйму Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клюбу.
Дзяяч Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, выдавец «Беларускай крыніцы».
Зыгмунд Нагродзкі (1866–1937)
Культурны дзяяч, мэцэнат
Віленскі прадпрымальнік, які, між іншым, і сам пісаў беларускія вершы, але ўвайшоў у гісторыю як фундатар «Нашае Нівы» і сябра Францішка Багушэвіча. Ягоную «Дудку беларускую» Нагродзкі атрымаў ад Юзафа Пілсудзкага, свайго сябра дзяцінства.
Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (1865–1939)
Паэт, празаік, зьбіральнік беларускага фальклёру. Вядомы пад мянушкай «Стары Ўлас».
Быў кухмістрам, а пасьля нават і эканомам у графа Тышкевіча.
У 1910-м заснаваў школу пісьменнасьці, у якой разам са сваімі дочкамі вучыў дзяцей грамаце.
З 1907-га друкаваўся ў «Нашай Ніве», потым у заходнебеларускіх выданьнях. У беларускіх календарах зьмяшчаў вершы і вершаваныя апавяданьні. Выступаў і як публіцыст.
Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869–1940)
Галоўны ўрадавы архітэктар БНР.
Выпускнік Парыскай архітэктурнай школы, адзін з заснавальнікаў беларускага мадэрну і нэаготыкі ў дойлідзтве. Аўтар паэтычных твораў.
Пабудаваў цэрквы на Смаленшчыне, аднаўляў касьцёлы ў Амсьціславе, Воршы, Крычаве й Смалянах, спраектаваў царкву ў Відзах і мноства іншых пабудоваў на Віленшчыне і ў Вільні.
У беларускім нацыянальным руху актыўна супрацоўнічаў зь Беларускай нацыял-сацыялістычнай партыяй, з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім.
У 1917 годзе быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. Выконваў абавязкі прадстаўніка Беларускай Народнай Рэспублікі ў Варшаве. Напярэдадні ІІ сусьветнай вайны ўдзельнічаў у выданьні газэты «Беларускі фронт».
Уладзіслаў Талочка (1887–1942)
Беларускі каталіцкі сьвятар, культуроляг, гісторык, літаратуразнавец.
Пасьвечаны ў сьвятара ў 1909 годзе. У 1909–1914 вывучаў тэалёгію і філязофію ў Каталіцкім унівэрсытэце ў Інсбруку (Аўстрыя).
З 1914-га Талочка жыў у Вільні, дзе служыў сьвятаром у касьцёле Святога Стафана і ў былым бэрнардынскім касьцёле. Адным зь першых пачаў ужываць беларускую мову ў набажэнствах.
Падтрымліваў выданьне першай беларускай каталіцкай газэты «Bielarus».
У 1915 годзе — адзін з арганізатараў Віленскага камітэту дапамогі пацярпелым ад вайны і беларускага дзіцячага прытулку «Золак».
У 1916–1918 гадах працаваў выкладчыкам рэлігіі ў першых беларускіх школах Вільні і на курсах для непісьменных і для рабочых. У 1916-1918 гг. шмат друкаваўся ў газэце Homan. Часта пісаў пад псэўданімам Адам Саладух. Удзельнік Беларускага зьезду Віленшчыны і Гарадзеншчыны, які адбыўся 25–27 студзеня 1918 году. Уваходзіў у склад Літоўскай дзяржаўнай Тарыбы. З 1917-га супрацоўнічаў з нацыянальна-рэлігійнай арганізацыяй «Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць», рэгулярна выступаў у яе друкаваным органе, газэце Krynica.
З 20-х гадоў ХХ ст. трапляў пад рэпрэсіі польскіх уладаў. З 1938 году загадам віленскага ваяводы прымусова выселены зь Вільні.
Францішак Аляхновіч (1883–1944)
Беларускі драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст, пісьменьнік. Менавіта ён стаў аўтарам першага твора сусьветнай літаратуры пра сталінскія рэпрэсіі — дакумэнтальнай аповесьці «Ў капцюрох ГПУ», які апісвае лягер з погляду арыштанта.
Яго называюць «бацькам найноўшай беларускай драматургіі», адным з заснавальнікам беларускага тэатразнаўства.
У сакавіку 1944 году Аляхновіча застрэлілі ва ўласнай кватэры ў Вільні. Дагэтуль невядома дакладна, хто забіў пісьменьніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Францішка Аляхновіча
Павел Пякарскі (1889–1954)
Рэлігійны і грамадзкі дзеяч, каталіцкі сьвятар.
Старшыня беларускага культурна-асьветнага гуртка ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. У 1925-м прызначаны кіраўніком Ашмянскага дэканата і пробашчам парафіі ў Жупранах.
Уладзіслаў Паўлюкоўскі (1895–1955)
Паэт, празаік, этнограф, мастак і краязнаўца.
Працаваў у канцылярыі маёнтка князя Радзівіла. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расеі. У сярэдзіне 1920-х г. пераехаў у Вільню. Супрацоўнічаў зь «Беларускай рэвалюцыйнай грамадой». Пісаў у часопісы «Маланка», «Шлях моладзі», «Авадзень».
Афармляў мастацкія кніжкі, календары, падручнікі. Быў арыштаваны ў 1926 г. і адбываў зьняволеньне ў Лукіскай турме. Другі раз арыштаваны ў 1939 годзе і накіраваны ў канцлягер Картуз-Бяроза.
Арыштаваны ў 1948 г., этапаваны ў Менск. Быў асуджаны на 10 гадоў лягераў, аднак вызвалены ў 1953 г.
Станіслаў Станкевіч (1886–1964)
Беларускі грамадзка-культурны дзеяч, паэт, выдавец.
Працаваў у кнігарні Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. Зьяўляўся актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху.
У 1926 годзе заснаваў уласную беларускую кнігарню, якая дзейнічала да Другой сусьветнай вайны. Удзельнічаў у выданьні беларускага адрыўнога календара і беларускіх кніг.
Рэпрэсаваны савецкімі ўладамі ў 1945 годзе і высланы на Ўрал. Празь дзесяць гадоў вярнуўся на радзіму і неўзабаве быў рэабілітаваны. Аўтар двух зборнікаў вершаў: «Сьмех ня грэх» і «З майго ваконца».
Лявон Луцкевіч (1922–1997)
Беларускі грамадзкі і культурны дзеяч, пэдагог.
Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Падчас нямецкай акупацыі Вільні працаваў настаўнікам. Удзельнік антыкамуністычнага падпольля. Адбываў пакараньне на Калыме.
Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага адраджэньня ў Вільні ў 1980-х гадах. Адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры ў Літве і Таварыства беларускай школы ў Літве, галоўны рэдактар беларускай культурна-асьветніцкай перадачы на Літоўскім нацыянальным радыё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская Вільня — як нечаканы сон
Галіна Войцік (1927–2007)
Навукоўца, пэдагог, мэмуарыстка, аўтарка ўнікальнай працы — сэрыі «Партрэты віленчукоў», галоўны рэдактар беларускай культурна-асьветніцкай праграмы на Літоўскім нацыянальным радыё.
Перакладала зь літоўскай на беларускую. Дачка Зоські Верас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: <B>Вянок памяці: Галіна Войцік</B>Перапахаваньне паўстанцаў — на Свабодзе
Свабода будзе весьці жывую відэатрансьляцыю з цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага 22 лістапада ў Вільні.
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА