Ён быў адзін зь першых сярод беларускіх ксяндзоў, хто пачаў весьці службу на роднай мове. Быў вялікім прыхільнікам экспрэсіянізму і лічыў, што наша сапраўднае мастацтва — экспрэсіяністычнае. Склаў першую салідную беларускую кніжку да набажэнства «Голас душы».
Антон Луцкевіч пісаў пра яго: «Узгадаваны ў каталіцкім духу, сам прадстаўнік каталіцкае царквы, кс. Стаповіч ува ўсім павінен быў бачыць „Найвышэйшую Волю“. Але тая рэлігія, у якой ён шукаў адказу на ўсе жыцьцёвыя пытаньні, загадвала яму верыць, што гэтая „Найвышэйшая Воля“ разам з тым зьяўляецца і „Найвышэйшай Справядлівасьцяй“. Тым часам жыцьцё яму на кожным кроку паказвала, што не справядлівасьць, а сіла дужэйшага пануе над сьветам... Шчыры беларус... кс. Стаповіч бачыў, што народ беларускі пакутуе ў падвойнай няволі: і сацыяльнай, і нацыянальнай — духовай, а віны гэтага паняволенага народу, якая апраўдала бы „Найвышэйшую Справядлівасьць“, ніяк знайсьці ня мог».
Герой нашых сёньняшніх 20 нечаканых фактаў — Казімір Сваяк.
1) У дзяцінстве сьмяяўся з рэлігіі:
«...маладзяж, з каторай праводзіў я час, была з грунту благая, безыдэйная, хоць гарачая. Яна патрапіла вырваць з душы маёй добрыя зароды веры ў жыцьцё загробнае. (...) Сьветагляд гэны адбіўся... на маральнасьці маіх мысьляў і намераў. Рэлігію пачаў уважаць я за нешта фальшывае ў жыцьці людзкім (...) З рэлігіі калісь я сьмяяўся...»
2) Адным з самых вялікіх сваіх недахопаў лічыў гультайства:
«Слабасьць мая аграмадная, лянівасьць дужая. Мысьлі гэтыя трывожаць мяне (...) Мысьлю ляніва (...) Сонны я і лянівы»; «...Як тут удзяржаць i разбудзіць жыцьцё глыбейшае ў другіх, калі сам павольна на мель асядаю...»
3) У маленстве быў памочнікам пастуха, які палохаў яго страшнымі казкамі і прыпеўкамі
Паводле ксяндза Адама Станкевіча: «Некаторы час бацькі К. Сваяка жылі ў глухім засьценку (як арэндатары), закіненым у глухім лесе. Там прыйшлося яму спаўняць роль памочніка пастыра Марціна, каторы будучага песьняра быў „вучыцялем“. Дзед гэты быў тыпам тырана, але меў і добрую старану: знаў шмат беларускіх казак і вялікі лік прыпевак. Гэтыя Марцінавыя казкі і прыпеўкі былі пераважна такога зьместу, што пужалі і трывожылі маладую душу хлопчыка Сваяка. Затое стройныя казкі-песьні Сваяковай бабулі зусім ужо іншы ўплыў на яго мелі: яны цешылі і ўспакаівалі душу будучага беларускага песьняра».
4) На могілках адчуваў сябе лепей, чым сярод жывых:
«Чаму я так люблю места памёршых? Чаму, прыехаўшы дзе на сьвежае мейсца, перш-найперш знаёмлюся зь нябожчыкамі на магілах? Чаму для мяне голас магільны такі тужліва-сумны і разам блізкі, мілы?... Вера мая! Табе дзякую за тое, што мяне знаёміш з духамі, — мілейшая мне лучнасьць з тымі, што ўжо на тым сьвеце, як з тымі, што тут жывуць яшчэ ў змаганьні, удалечыні ад Бога (...) Як сьмерць прыгожа лучыць усіх. Якая стройная унія! Адно тут грамадзянства, адна вера, адна міласьць!»
5) Цярпець ня мог паху тытуню:
«...проста цярпець не магу тытуню: зьвялічвае ён боль галавы і вочы грызе да сьлёз. (...) Ад дыму смуродлівага я чуў, як пульс пачаў сільней біць у віскох маіх. «Чаму ж, — думаю я, — звычка курыць так робіць людзей самалюбнымі?»
6) Радаваўся, што ў параўнаньні з польскай мовай у беларускай ня так шмат запазычаньняў, але і крытыкаваў нашых пісьменьнікаў за моўную недакладнасьць:
«Які б дасканальны ні быў язык, мусіць ён, аднак, пазычаць дужа-многа слоў чужаземных. Польскі язык... хоць высока культурны, налічвае болей дваццаці тысяч слоў „обшчых“ — чужых. Мы яшчэ маем такіх слоў нямнога»; «Што датычыцца стварэньня новых слоў і формаў, патрэбна тут знаёмства славянскіх языкоў і духу нашай мовы. Аглядацца трэба пільна, каб не пазычаць нічога, пад пакрыўкай новага, ад суседаў, калі ж іначай быць ня можа — трэ рахавацца з псыхікай і характарам нашых людцаў. Многа хто ня хоча лёгка выбачыць нашым пісьменьнікам, што ўвялі словы: Спас (замест Збаўца), Найсьвяцейшая (Найсьвятшая — сьвяты, сьвятшы), Анёл Стораж (Ан. Страж), сьвяты Галаварэз (?), на хрысьце (на крыжы), Сьвятое Пісаньне (Сьвят. Пісьмо) і г.д.»
7) Быў вялікім прыхільнікам «аканьня» ў беларускай мове
«Паводле мяне, пробы нашых пісьменьнікаў зьменшыць акаваньне, устаўляючы е або о (бялее мест бялея, грамадзянство мест грамадзянства, цярпеньне мест цярпеньня) — ня дойдзе сваёй мэты. (...) Няма дзіва, што... нашы сялянцы ставяць інстынктам нейкім акцэнт на о і э. Літары о і э ня вельмі любяцца, але годзяцца часамі ў адным слове, толькі э заўсёды ідзе ў канец і ўступае акцэнт для о: Божэ, прозьвішчэ... сакочэ, слонцэ, аконцэ і г. д. Можна, аднак, сказаць, што тутака ёсьць трохі штучнасьці, бо беларус у гэтых разах вымаўляў бы словы, верны акаваньню: Божа, прозьвішча і г. д. З прачытанага відаць, што акаваньне вымагае, каб а асталося ў канцы такіх слоў, як — піва, крэсла, гультайства, бо літара о або э прымае заўсёды акцэнт».
8) Лічыў, што Адам Міцкевіч, у адрозьненьне ад Сыракомлі, ня мае нічога супольнага зь Беларусьсю:
«Міцкевіч хоць сам, як кажуць, любіў пяяць беларускія песьні, нічога супольнага зь Беларусьсю ня мае, — можа, толькі свайго дзеда-беларуса... Другая рэч з Кандратовічам (Сыракомля). Гэты духам і зьместам сваіх песьняў быў бы чыстым беларусам, калі б ён ды пісаў па-беларуску. На жаль, мусіў ён „зарабляць“ вершамі на пражыцьцё».
9) Не прымаў Тараса Шаўчэнку:
«Шаўчэнка стануў на аснове бязбожжа і даў падклад матэрыялістычны блізу для ўсяго ўкраінскага духу. Ня ведаю, ці такі погляд можа мець падатны грунт у душы народа, — хіба не, бо бязбожнасьць родзіць самалюбства і забівае ў душы адказнасьць за свае паступкі. (...) Шаўчэнка паэт вялікі, але песьня ягоная вызывае прыкрае чуцьцё
10) Крытычна выказваўся пра беларускае старадаўняе пісьменства:
«...сваё пісьменства мы ўжо мелі. Але тое пісьменства мела нейкі фальшывы падклад, калі прайшло бязь сьледу. Пісьменства тое хаваецца ў гроб разам са сваімі творцамі. А творцамі яго былі акурат тыя людзі, патомкі каторых пайшлі ў прымакі да чужацкай культуры. Была гэта перш-наперш беларуская шляхта, каторая, перастаючы быць беларускай, схавала і тое пісьменства ў архівы. (...) Вось ляжыць тое старое пісьменства ў архівах і ніхто яго ня кратае — хіба мыш або які праз пару цікавы вучоны. (...) Тое старое беларускае пісьменства ня мела падкладу ў т. з. простым народзе — у яго паглядзе, поўным фантазіі, на прыроду, — у яго той простай філасофіі: і за тое згінула».
11) Гарачы прыхільнік Уніі, лічыў, што праваслаўе аджыло свой век, а ўніяцтва дасьць нам новы кірунак у літаратуры:
«...Я тут не гавару ні аб расейскім праваслаўі (аджыло свой век!), ані аб польскім каталіцызьме, каторы ўступіў у нас на шлях казёншчыны. Я гавару аб Беларускім Уніянізьме (...) Якую карысьць дасьць нам Унія? А вось якую. Возьмем хоць бы нашае новае пісьменства. Маем шляхоцка-народнае пісьменства Баршчэўскага і Марцінкевіча, маем дэмакратычна-ідэйную літаратуру найнавейшых пісьменьнікаў, але з творамі рэлігійнай мысьлі лепш нам схаваціся. Народ наш, праўду кажучы, ня мог вытварыць ані песьні рэлігійнай, ані легенды, бо чужацкая заборчасьць, адбіраючы ад яго родныя формы, скруціла лёт яго фантазіі. У касьцёлах і цэрквах Беларусі пануе чужая мова (...) Змаганьне за рэлігійнае аб’яднаньне Беларусі дасьць нам цэлю галузіну літаратуры».
12) Іранічна казаў, што слова «крывічы» паходзіць ад крыўляньня:
«Дзіўныя мы, аднак, людзі, крывічы. Ці часам не ад крыўляньня нас так празвалі! От, так сабе падумаеш: столькі нас вучылася здаўна, столькі адукавалася ці абразавалася, а ў рэзультаце ўсё ж такі беларускай інтэлігенцыі ў нас мала, як мала...»
13) Меў выдатны тэнар
Паводле ўспамінаў Альфіча [Адольфа Клімовіча, грамадзка-палітычнага дзеяча. — В. Дэ Эм]): «Сам Сваяк меў нахіл да сьпеваў і да ўсяго зь імі зьвязанага. Меў да гэтага добры слых і проста цудны лірычны голас, тэнар. Іграць добра ня меў часу навучыцца ні на чым. Цяжка гэта нёс. Штука дырыгаваньня яму чужой не была і таму, дзе толькі знайшоўся, плылі звонкія гукі „Гусей“, „Чырвонай калінанькі“, „Салавейкі“, „Зялёнага дубочка“... Пеючы апошнюю, любіў падкрэсьліць, што гэта песьня ягонай маці»; Вінцук Адважны [ксёндз Язэп Германовіч — В. Дэ Эм] дадае: «Іграў на скрыпцы; а голас меў такі прыемны, далікатны першы тэнар, што, здавалася, выб’ецца на сапраўднага артысту!»
14) Быў ня згодны са словамі Хрыста, што калі цябе ўдарылі па шчацэ, трэба падставіць другую
Паводле Ірыны Багдановіч, Казімір Сваяк даволі часта «прапаведаваў не грамадзкі мір і згоду, але ваяўнічае жаданьне змагацца за справядлівасьць». У вершы «Байкатаваным ксяндзам-беларусам» знаходзім такія радкі:
Байкотам на байкот! Няма тут што хістацца, Калі агонь яны распачалі: Ты перш рукі ня дай... Кінь, браце, цалавацца Зь людзьмі, што пыхай абрасьлі.15) Пад яго псэўданімам друкаваліся легкадумныя фэльетоны
Бязь ведама Казіміра Сваяка ў газэце «Грамадзкі голас» (27.06.1924 г., № 2) былі зьмешчаны два гульлівыя фэльетоны «Чэсны Оскар» і «Шлюб на моры», падпісаныя «Сваяк». Абураны паэт напісаў у газэце «Крыніца» (16.07.1924 г., № 18): «Грамадзянін Рэдактар! Гэтым падаю да ведама заінтэрэсаваных, што аўтор фэльетону ў „Грамадзкім голасе“ № 2 з псэўдонімам „Сваяк“ ня мае са мной нічога супольнага. Іншыя беларускія газэты прашу пісьмо гэта перадрукаваць». Пасьля гэтага ліста фэльетонаў пад такім псэўданімам больш не друкавалі.
16) Нягледзячы на тое, што быў каталіцкім сьвятаром, любіў насычаць сваю паэзію паганскімі матывамі.
У шмат якіх вершах Казіміра Сваяка «галоўнымі героямі» выступаюць паганскія багі:
«Славян абрад маніўся я прыняць, I роднай моваю Дажбога праслаўляць...»; «Няма ўжо князёў і — дзякаваць Дажбогу — паноў гібее валадарства. А крывічоў абраду сьвятары агонь Зьніча параскладалі йзноў»; «Сварог, Дажбог, Стрыбог — асобы Бога...»
17) Бараніў касьцёлы ад абяртаньня на сьвецкія патрэбы
У апавяданьні «Што Юрка на вечы бачыў і што казаў» ад імя галоўнага героя гаварылася: «Зямлі нам трэба, гэта кожнаму ведама. Замест палацаў — школы гаспадарскія, і гэта праўда. Далоў пузачоў! Няхай сабе. Але вось, што замест касьцёлаў тэатры, так годзе! Быў я ў тэатры ў Вільні і бачыў кепства, на якое глядзіць праз модныя акуляры мяшчанства. „Панскае ігрышча“ — вот і ўсё! Касьцёлы нашы, а зямля пры касьцёле належыць да ўсёй парафіі. Нічога тут касаваць ня трэба. (...) ...што царква, то не тэатар, а што забава, то не малітва. Мы, сяляне, найлепш ведаем, ці нам ксяндзы і папы патрэбны, ці не, і колькі ім плаціць, і за што. А іншыя ад гэтай справы — прэч!»
18) Любіў Язэпа Драздовіча за экспрэсіянізм
Казімір Сваяк марыў купіць яго карціну «Пагоня» і хацеў, каб мастак праілюстраваў ягоную кнігу «Мая ліра». У артыкуле «Зь нівы беларускага мастацтва» знаходзім: «Драздовіч знае напрамкі найнавейшых малярскіх школ. Бярэ зь іх найбольш характэрную для беларусаў: экспрэсіяністычную сымболіку. Пры яе помачы стварае цэлыя кампазыцыі, што абымаюць ледзь ня ўсю ідэалёгію сучаснай Беларусі. Хто ўгледзіцца ў яго абраз Пагоні, знойдзе там і мэту, і церні, і злыдні мучэньня душы беларускай, — душы адважнай з разгонам Прамэтэя і з мукай Тантала». У адным зь лістоў да мастака паэт пісаў: «Грамадзянін Драздовіч! Я вельмі цікаўлюся Вашымі малюнкамі і рысункамі. (...) Абраз «Пагоні» я хацеў купіць, але па азначанай цане кнігар баяўся прадаць, бо танна. Я на восень думаю аб выдавецтве вершаў. Буду Вас прасіць ілюстрацыі ў духу «Пагоні». На вялікі жаль, мастак ілюстрацыяў не стварыў.
19) Галоўная прычына сухотаў у Казіміра Сваяка, на думку Вінцука Адважнага, — клерыкальнае адзеньне
Вінцук Адважны ўспамінаў: «I вось пасьля дыяканату К. Стэповіч... упаў у сухоты. А прычынаў было некалькі: і тое, што заўзята вучыўся, і што памяшканьні ў сэмінарыі трапляліся неадпаведныя (так зв. „цэлі“), бо муры былі старыя. Найгорш, аднак, што ў сэмінарыі была ўведзеная клерыцкая форма: зімой насілі плашчы з палярынамі, якія трэ было здымаць у катэдры, і падчас набажэнства (нядзелямі) трэ было трываць у адных сутанах і комжах. Катэдра была неаграваная... Гэтая мода вялася здаўна — мода вельмі шкодная для здароўя».
20) Паводле Антона Луцкевіча, Казімір Сваяк пакутаваў ня столькі ад сухотаў, колькі таму, што страціў веру
У творчасьці Сваяка, пісаў Луцкевіч, «мы бачым усюды крык роспачы „душы збалелай, з мук ашалелай“, бачым страшэнную духовую драму паэты-ксяндза, утраціўшага веру ў Найвышэйшую Справядлівасьць (...) Вось у гэтым і трагедыя сваяка, якая пэўне ж ня ў меншай меры, чым сухоты, нішчыла яго кволы арганізм. Душна і цесна было яму ў тых путах, якімі скаваў яго духоўны стан. А разарваць гэтыя путы не было ўжо сілы: ані фізычнай, бо цела ўсьцяж слабела, ані духовай, бо патрэба верыць, вытвараная ў ім усенькім узгадаваньнем, не пазваляла яму фармальна адкінуць тое, што фактычна ў ім замерла (...) І адзінай аддушынай, адзінай пацехай у ягоным жыцьці, поўным трагізму, была тая новая вера, якая патроху пачала замяняць Сваяку старую веру ў Бога: гэта — вера ў свой народ».
Пры падрыхтоўцы артыкула, сярод іншага, былі выкарыстаны кнігі «Казімір Сваяк. Выбраныя творы», 2010 г. (сэрыя «Беларускі кнігазбор»); Дзёньнік Казіміра Сваяка «Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі», узяты з сайту http://pawet.net; «Антон Луцкевіч. Выбраныя творы», 2006 г.; газэты «Грамадзкі голас», «Сын Беларуса», «Крыніца», (электронны рэсурс Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх).