Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны архітэктар БНР. 150 гадоў таму нарадзіўся «беларускі Гаўдзі»


Касьцёл у Відзах. Самы высокі касьцёл Беларусі. Яго вышыня - амаль 61 мэтар.
Касьцёл у Відзах. Самы высокі касьцёл Беларусі. Яго вышыня - амаль 61 мэтар.

Бацька марыў, каб сын стаў пісарам, але насуперак яго волі той выправіўся за тысячу кілямэтраў, каб вучыцца на будаўніка. У 27 ён заснаваў уласную кампанію, адкрыў завод, адвучыўся ў Парыскай архітэктурнай школе і стаў адным з заснавальнікаў беларускага мадэрну і нэаготыкі ў дойлідзтве. 150 гадоў таму нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі.

Калі б наш герой прыйшоў на сьвет у ЗША, то яго жыцьцё магло б стаць сюжэтам мастацкага фільму пра «амэрыканскую мару». Яго гісторыя — гэта натхняльны прыклад таго, як чалавек зрабіў сябе сам і свой талент прысьвяціў справе, якая не давала ніякіх дывідэндаў — будаўніцтву Беларусі.

Лявон Дубейкаўскі (сядзіць справа) з сябрам падчас адпачынку ад паездкі на ровары. 1914 г.
Лявон Дубейкаўскі (сядзіць справа) з сябрам падчас адпачынку ад паездкі на ровары. 1914 г.

Падпрацоўваў на будоўлі, каб стаць архітэктарам

Лявон Дубейкаўскі мог дамагчыся ўсяго, а нават больш, не варухнуўшы нават пальцам. Старажытны род Дубейкаўскіх быў вядомы на Мсьціслаўшчыне яшчэ з XIV стагодзьдзя. Але пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай Дубейкаўскія страцілі сваё багацьце.

Бацькі марылі, каб сын атрымаў грашовую працу і настойвалі, каб ён пайшоў у пісары. Лявон ад гэтай ідэі шарахаўся. Ад рэстаўратараў касьцёла ў мястэчку ён пачуў пра школу будаўнічых рамёстваў у Варшаве. Спакаваўся і насуперак бацькам паехаў вучыцца амаль за тысячу кілямэтраў. Грошай на жыцьцё і навуку не ставала, таму вечарамі ён падпрацоўваў на будоўлі.

Праз два гады, у 1889 годзе, Вітан-Дубейкаўскі вярнуўся на Магілёўшчыну з дыплёмам будаўніка. Спачатку ён працаваў пры аднаўленьні старых будынкаў, а пасьля пачаў узводзіць і ўласныя. Падчас працы ў адным з касьцёлаў ён знайшоў зборнік вершаў Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Менавіта гэтая кніжка стала бацылай беларушчыны, якая не адпусьціла Лявона Вітан-Дубейкаўскага ажно да сьмерці.

У 1894 годзе ён атрымаў першыя буйныя праекты, і праз тры гады будучы архітэктар засноўвае сваё прыватнае інжынэрнае «Таварыства Л. Дубейкаўскі і Ко». Ён будуе касьцёл у Смаленску, цэрквы ў Манастыршчыне і Ярцаве (сёньня ў Смаленскай вобласьці), скарбніцу ў Вязьме. Аднаўляе касьцёлы ў Воршы, Мсьціславе, Крычаве, Смалянах, Сьвіслачы.

Каталіцкі касьцёл у Смаленску
Каталіцкі касьцёл у Смаленску

Празь некалькі гадоў ён пакідае фірму на сябра, а сам едзе вучыцца на архітэктара ў Пецярбург. Вось як той пэрыяд апісвала ў сваіх успамінах ягоная жонка Юліяна:

«Ён цэлы год, ня робячы перарыву ні на нядзелю, ні на сьвяты, дзень у дзень сьпіць толькі 6 гадзінаў, астачу часу праводзіць або на выкладах прафэсараў, або за кнігамі, або рысункамі праектаў, апрача гэтае работы ён нічога ня бачыць і ня ведае».

У траўні 1903 году ён здае экзамэны экстэрнам і атрымлівае права на праекты і будоўлю ўсіх будынкаў, дарог і мастоў. Ён вяртаецца ў Смаленск і пачынае грэбці грошы рыдлёўкай. Але неўзабаве выбухае японска-расейская вайна, у прадпрымальніцтве пачынаецца заняпад. Лявон Вітан-Дубейкаўскі кладзе ўсе ашчаднасьці ў банк і едзе вучыцца на архітэктара ў Парыскую архітэктурную школу.

Яму 38 гадоў, ён ня ведае ані слова па-француску. Але нішто не замінае яму ў 1910 годзе атрымаць дыплём мастака-архітэктара. На кароткі час ён вяртаецца на радзіму, а затым выяжджае ў Варшаву, дзе працуе спачатку ў розных кампаніях, а потым засноўвае ўласнае архітэктурнае бюро.

Дыплём Лявона Вітан–Дубейкаўскага з Парыскай архітэктурнай школы
Дыплём Лявона Вітан–Дубейкаўскага з Парыскай архітэктурнай школы

Мэцэнат, дыплямат, аўтар эскізаў дзяржаўных узнагародаў

Багушэвічава «Дудка беларуская» нагадала пра сябе ў 1914-м. Вітан-Дубейкаўскі пачынае дапамагаць выдавецкай суполцы «Загляне сонца ў наша ваконца», знаёміцца зь лідэрамі нацыянальнага руху: братамі Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім, Браніславам Тарашкевічам і ўдзельнічае ў дзейнасьці беларускіх арганізацыяў. У 1917 годзе ён быў чальцом Беларускага нацыянальнага камітэту, а праз год яго прызначаюць галоўным урадавым архітэктарам БНР. Ён ня толькі пасьпеў распрацаваць эскізы дзяржаўных узнагародаў, але і пачаў будаваць Першую беларускую нацыянальную гімназію ў Будславе.

Праект беларускага нацыянальнага сьцяга, выкананага Дубейкаўскім у Петраградзе ўзімку 1916
Праект беларускага нацыянальнага сьцяга, выкананага Дубейкаўскім у Петраградзе ўзімку 1916

​Пасьля эміграцыі кіраўнікоў БНР ён сам выехаў у Варшаву і стаў беларускім консулам.

У 20-я гады мінулага стагодзьдзя Лявон Вітан-Дубейкаўскі канчаткова асеў у Вільні. Дэвальвацыя злотага зьела ўсе ягоныя ашчаднасьці. Ён вяртаецца да працы архітэктара.

У наступныя гады ён праектуе сьвятыні ў Дрысьвятах і Відзах (Найвышэйшы касьцёл у Беларусі. Яго вышыня - амаль 61 мэтар).

Касьцёл у Відзах пасьля І сусьветнай вайны
Касьцёл у Відзах пасьля І сусьветнай вайны

Касьцёл у Відзах сёньня
Касьцёл у Відзах сёньня

​Будуе кляштар пад Варшавай і квартал на Антокалі ў Вільні, кіруе перабудовай пабэрнардынскіх муроў факультэту мастацтва ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні. Некаторы час ён выкладае архітэктуру ў будаўнічых школах Вільні і Ліды.

(Квартал на Антокалі ў Вільні)

Сад, пчолы і «Беларускі фронт»

У 30-я гады ягоныя пляны перакрэсьліла хвароба кішак. Лявон Вітан-Дубейкаўскі сыходзіць на пэнсію і ўвесь вольны час аддае беларускай актыўнасьці: кіруе беларускай каталіцкай парафіяй пры касьцёле сьв. Мікалая ў Вільні, становіцца супрацоўнікам Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры, апякуецца беларускімі студэнтамі, сам дае і зьбірае для іх грошы. Ягоны дом у Вільні ператвараецца ў месца сустрэчы рэдакцыі газэты «Беларускі фронт».

Але нават сыход на пэнсію не перашкодзіў Вітан-Дубейкаўскаму займацца ўлюбёнай справай. Ён кіруе аднаўленьнем Францішканскіх муроў і касьцёла ля Троцкай вуліцы ў Вільні, аднаўляе кляштар айцоў-марыянаў у Друі, на чале якога стаіць кс. Андрэй Цікота, вядомы беларускі сьвятар і дзяяч. У вольны час, як узгадвала ягоная жонка, ён працуе ў сваім садзе, даглядае пчолаў і піша працу пра будаўніцтва па-беларуску.

Касьцёл у Дрысьвятах. Раман Маісееў, radzima.org
Касьцёл у Дрысьвятах. Раман Маісееў, radzima.org

У 1938 годзе, пасьля чарговай апэрацыі, ён становіцца інвалідам і наступныя два гады ў цяжкой хваробе жыве або ў шпіталі, або дома. Лявон Вітан-Дубейкаўскі памірае 6 лістапада, і праз два дні яго хаваюць на могілках Росы.

Згодна з воляю нябожчыка, усе ягоныя кнігі па гісторыі Беларусі і мастацтва, ягоныя праекты і сшыткі з прыказкамі, перадалі Беларускаму музэю Івана Луцкевіча. Сёньня большасьць экспанатаў знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музэю Літвы. Уся маёмасьць Дубейкаўскіх была нацыяналізаваная савецкай уладай.

На помніку Лявона Вітана-Дубейкаўскага віднее надпіс «Ня сумуйце, як тыя, што надзеі ня маюць.»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG