19 лістапада кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў праводзяць чарговы раўнд перамоваў наконт праграмы далейшай інтэграцыі. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін плянуюць падпісаць гэтую праграму 8 сьнежня, у 20-ю гадавіну падпісаньня дамовы аб утварэньні саюзнай дзяржавы.
Ужо амаль год Крэмль падштурхоўвае Беларусь да больш шчыльнага саюзу. Пачалося ўсё з прыняцьцем у Расеі так званага «падаткавага манэўру».
Пачатак напружаньня
- 24 ліпеня 2018
У Расеі быў прыняты закон аб зьмене падаткаабкладаньня нафтавай галіны. Гэтыя зьмены прадугледжвалі паступовае, да 2024 году, зьніжэньне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты да нуля. Дагэтуль Беларусь атрымлівала ад Расеі нафту бяз мыта і залічвала спагнанае мыта ад экспарту нафтапрадуктаў у свой бюджэт. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, у 2019 годзе страты Беларусі ад падатковага манэўру ў Расеі склалі 400 мільёнаў даляраў, у наступным годзе — яшчэ 400 мільёнаў даляраў. Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю ад Расеі за «падаткавы манэўр», аднак перамовы зайшлі ў тупік.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
«Ультыматум Мядзьведзева»
- 13 сьнежня 2018
Расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў: «Расея гатовая праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб саюзнай дзяржаве 1999 году».
- 14 сьнежня 2018
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка: «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
Шквал расейскіх заяваў
- 15 чэрвеня 2019
Максім Арэшкін, міністар эканамічнага разьвіцьця РФ: «Расея і Беларусь ўзгаднілі каля 90% праграмы інтэграцыі дзьвюх краін».
- 21 чэрвеня 2019
Прэм’ер Расеі Мядзьведзеў: «Дзесьці да лістапада можна было б выйсьці на падпісаньне дарожных мапаў па рэалізацыі ўсіх гэтых ініцыятываў».
- 19 ліпеня 2019
МЗС Расеі: «Падатковы манэўр — сувэрэннае права дзяржавы, Беларусі патрабаваць кампэнсацыі некарэктна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэм’ер распавёў, на якую кампэнсацыю ад Расеі разьлічвала БеларусьУцечка «Коммерсанта»
- 16 верасьня 2019
Расейскай газэце «Коммерсант» сталі вядомыя дэталі праграмы інтэграцыі Беларусі і Расеі: «Праграма прадугледжвае частковае аб’яднаньне дзьвюх эканамічных сыстэм са студзеня 2021 году. Гаворка ідзе як мінімум аб адзіным Падатковым кодэксе, зьнешнегандлёвым рэжыме і Грамадзянскім кодэксе, уніфікаваным ўліку ўласнасьці, амаль аб’яднаным банкаўскім наглядзе, але з двума цэнтрабанкамі, адзіным рэгулятары рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі. Такая ступень інтэграцыі — вышэй, чым у ЭЗ, фактычна на ўзроўні эканомік гаворка ідзе аб стварэньні з 2022 году канфэдэратыўнай дзяржавы».
- 16 верасьня 2019
Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант пра публікацыю у «Коммерсанте»: «Ніякіх сумесных органаў не ствараецца — да гэтага краіны не гатовыя. Усе гучныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў прыведзеным артыкуле, — канфэдэрацыя, фэдэрацыя і г. д. — мы б прапанавалі ацэньваць як пустыя журналісцкія штампы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прадаваць сувэрэнітэт ніхто ня будзе». Вялікае інтэрвію зь міністрам Макеем«Непрымальныя прапановы»
- 1 кастрычніка 2019
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімір Макей: «Расея выстаўляла абсалютна непрымальныя прапановы ў інтэграцыі».
- 25 кастрычніка 2019
Міністэрства фінансаў Расеі прапанавала беларускаму боку ўжываць нормы расейскага Падатковага кодэксу, каб прэтэндаваць на кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея прапанавала Беларусі перайсьці на ейны Падатковы кодэкс, — «Інтэрфакс»- 13 лістапада 2019
Прэм’ер міністар Беларусі Румас наконт стану падрыхтоўкі праграмы інтэграцыі:
— Неўрэгуляваныя пазыцыі" ёсьць у пытаньнях:
- энэргетыкі,
- нафты і газу,
- падаткаў.
— Мы падпішам дарожныя мапы толькі ў тым выпадку, калі інтарэсы Беларусі будуць улічаныя
— Ставіцца задача не перайсьці на беларускі ці расейскі кодэкс, а «ўніфікаваць падыходы»
— У выпадку адсутнасьці кампрамісу на ўзроўні ўрадаў дзьвюх краін гэтыя пытаньні будуць перададзеныя на разгляд прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі.
- 17 лістапада 2019
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка: «Ніводзін дакумэнт мною ня будзе зацьверджаны і падпісаны, калі ён будзе супярэчыць Канстытуцыі і фундамэнтальным прынцыпам нашага грамадзтва. А самы галоўны прынцып — гэта сувэрэнітэт і незалежнасьць дзяржавы. І калі ня будуць вырашаныя прынцыповыя моманты — пастаўка вуглевадародаў, адкрыцьцё рынкаў для нашых тавараў, зьняцьцё гандлёвых бар’ераў — ніякія дарожныя мапы ня могуць быць падпісаныя.
... Нам кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем. Прабачце, на храна патрэбен такі саюз?»
- 18 лістапада 2019
Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Пуціна: «Лукашэнка задаўся гіпатэтычным пытаньнем аб мэтазгоднасьці саюзу Масквы і Менску. Але мы па-ранейшаму пасьлядоўна зыходзім з таго, што ў гэтым выпадку ўзаемавыгаднасьць гэтага саюзу, узаемавыгаднасьць саюзнай дзяржавы ёсьць абсалютна непарушнай».