Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прапанавала Беларусі перайсьці на ейны Падатковы кодэкс, — «Інтэрфакс»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Раней гучала прапанова пра распрацоўку супольнага Падатковага кодэксу ў межах «паглыбленьня інтэграцыі». Цяперашняя прапанова — у кантэксьце кампэнсацыі расейскага падатковага манэўру.

Як сьцьвярджае Інтэрфакс, Міністэрства фінансаў Расеі прапанавала беларускаму боку ўжываць нормы расейскага Падатковага кодэксу з адзінкавымі выключэньнямі, каб прэтэндаваць на кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр.

Ход думкі такі:

  1. Расейскі падатковы манэўр — сувэрэннае права Расеі, якое не парушае міжнародныя дамовы.
  2. Калі Беларусь просіць кампэнсацыю падатковага манэўру, то абмяжоўвае гэтае сувэрэннае права, хоць у дамове аб Эўразійскім эканамічным саюзе пагадзілася кіравацца прынцыпам сувэрэннай роўнасьці дзяржаваў.
  3. Вырашыць пытаньне падатковага манэўру можна, калі ўніфікаваць падатковае заканадаўства Беларусі і Расеі ў межах «паглыбленьня інтэграцыі».
  4. Такі праект ужо распрацаваны. Вынікам мае стаць ужываньне нормаў расейскага падатковага заканадаўства ў Беларусі — тады суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасьці будуць у роўных умовах.

Ці разглядалі ў Расеі варыянт пераходу на беларускі Падатковы кодэкс або стварэньне новага кодэксу як камбінацыі беларускага і расейскага, не ўдакладняецца.

Ідэя аб’яднаньня падатковых сыстэмаў і стварэньня адзінага Падатковага кодэксу была згаданая ў «зьліве» расейскай газэты «Коммерсантъ». Пасьля гэтай публікацыі беларускае Міністэрства фінансаў заяўляла, што працоўная група па такой прапанове яшчэ ня створаная, але яе стварэньне плянуецца.

Чакаецца, што «паглыбленьне інтэграцыі» абмяркуюць асабіста Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з нагоды 20-годзьдзя «саюзнай дзяржавы» ў пачатку сьнежня. Тым часам беларускія ўлады адмаўляюцца публікаваць праекты дамоваў і «дарожных мапаў».

Беларускі ўрад, аднак, у бюджэце на 2020 год не разьлічвае на згаданую кампэнсацыю. А менавіта зь яе пачаліся размовы пра «паглыбленьне інтэграцыі».

У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.

Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў: «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».

Беларусь не адмовілася ад «паглыбленьня інтэграцыі», але выкананьне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася. Самі дамовы яшчэ не падпісаныя — плянуецца, што праграму інтэграцыі кіраўнікі Беларусі і Расеі падпішуць у сьнежні.

Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расеі кампэнсацыі за брудную нафту, а расейскі бок не пагаджаецца зь беларускімі разьлікамі н шкоды.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG