Учора ў Беларусі адбыліся парлямэнцкія выбары. Уначы ЦВК апублікавала сьпіс дэпутатаў абноўленай Палаты прадстаўнікоў. Гэтым разам у яе не ўвайшоў ніводзін прадстаўнік апазыцыі.
Сёлета праўладныя кандыдаты стварылі акаўнты ў сацыяльных сетках і агітавалі там, чаго раней не здаралася. Сярод кандыдатаў былі вядомыя фігуры — намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Валерый Міцкевіч, супрацоўнік МЗС Андрэй Савіных.
Адметныя асобы гэтай кампаніі — і кандыдаты, і назіральнікі, і студэнты. Свабода прыгадала іх гісторыі.
«Моладзевы блёк» і Стас Шашок зь Пятром Маркелавым, якія патрабавалі пераліку галасоў
У гэтым годзе моладзь вырашыла абʼяднацца і стварыць свой блёк дзеля ўдзелу ў парлямэнцкай кампаніі. Спачатку ў ім было 8 кандыдатаў, але потым Уладзя Сыса, які балятаваўся ў Брэсьце, пазбавілі рэгістрацыі за замежны дыплём.
Прэс-канфэрэнцыю «Моладзевы блёк» зладзіў у бары «Карма», а іх пікеты былі больш падобныя да рэйваў. У вечар перад выбарамі яны зладзілі цэлы мітынг-канцэрт на Зыбіцкай вуліцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня хочам быць рабамі». Моладзь зладзіла пікет на ЗыбіцкайМоладзь абʼядналася вакол трох праблемаў: прымусовае разьмеркаваньне, закон «аб адтэрміноўках» ды жорсткае антынаркатычнае заканадаўства.
Ніхто з кандыдатаў не ўвайшоў у новаабраную Палату прадстаўнікоў. У ёй будзе ўсяго два чалавекі да 30 гадоў, у тым ліку 22-гадовая «Міс Беларусь» Марыя Васілевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба ўсіх саслаць у лягеры!» Як галасавалі на ўчастках дзьвюх самых маладых кандыдатак17 лістапада, калі галасаваньне ўжо скончылася, кандыдат Стас Шашок прыйшоў на падлік галасоў на адзін з участкаў акругі, дзе балятаваўся. Там жа быў назіральнікам яго паплечнік Пётар Маркелаў. Калі Шашок убачыў, што за яго па пратаколе камісіі агулам прагаласавала толькі 46 чалавек, ён абурыўся і пачаў спрачацца.
«Галасаваньне праходзіць у інтэрнаце, дзе я добра ведаю, як да мяне ставяцца, — сказаў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Стас Шашок. — Я на свае вочы бачыў, што ня менш як у трох сябраў камісіі, якія вялі падлік, за мяне было пададзена больш як 30 галасоў у кожнага. Гэта агулам каля ста галасоў. І раптам абвяшчаюць, што за мяне толькі 46».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі назіральніка за патрабаваньне пераліку галасоў. Павезьлі ў кайданках. ВІДЭАСтас Шашок і Пётар Маркелаў патрабавалі пералічыць галасы ў прысутнасьці міліцыі. Але атрымалі ад міліцыянта адказ: «Я падобны да Канстытуцыйнага суду?»
Пасьля гэтага Шашка і Маркелава адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну. Празь некаторы час актывістаў адпусьцілі, але на Маркелава склалі пратакол за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП).
Студэнтка БДЭУ Аліна Шмігель, якая зьняла відэа аб прымусе галасаваць датэрмінова
Першакурсьніца БДЭУ Аліна Шмігель даслала ў рэдакцыю Радыё Свабода відэазапіс, на якім у інстытуцкай аўдыторыі куратарка групы гаворыць студэнтам пра важнасьць удзелу ў выбарах.
«Слухайце ўважліва, гэта сурʼёзнае пытаньне, — кажа выкладчыца. — Пачалося датэрміновае галасаваньне. 250-я аўдыторыя, 3-і корпус. Вы бераце пашпарты, паўналетнія, і ідзяце туды. З 2 да 4 там перапынак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўсё адсочваецца». Як куратарка БДЭУ прымушае студэнтаў да датэрміновага галасаваньня. ВІДЭАПасьля таго як стала вядома, што відэа зьняла і адправіла журналістам менавіта Аліна Шмігель, аднагрупнікі пачалі яе цкаваць.
«Аднагрупнікі называюць мяне цяпер „крысай“, — казала дзяўчына Свабодзе. — Якая ж я „крыса“? Я ж выканала свой грамадзянскі абавязак, у адрозьненьне ад іх. Узлаваліся на мяне. Кажуць, што калі ў іх празь мяне ўзьнікнуць праблемы, то праблемы буду мець і я. Кажуць, што я падставіла чалавека. Я згодная, што гэта добрая выкладчыца, яна шмат для групы робіць. На яе проста ціснуць, і гэта жахліва. Я толькі гэта хацела сказаць. Я абураная тым, што так адбываецца. Не хачу, каб некага звальнялі з унівэрсытэту цяпер. Справа не ў выкладчыках, справа ў сыстэме».
Назіральніца Ганна Толчыкава, якая абурылася фальсыфікацыямі
Айцішніца Ганна Толчыкава назірала за ходам датэрміновага галасаваньня на ўчастку № 589 Усходняй выбарчай акругі № 107 у Менску. За 12 лістапада яна налічыла 30 выбарнікаў, але ў выніковым пратаколе напісалі лічбу 130. 100 чалавек нібыта прыйшлі галасаваць у той час, калі Толчыкава на 2 хвіліны выйшла ў прыбіральню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральніца: На 2 хвіліны выйшла ў туалет, а ў пратаколе зьявіліся 100 выбарнікаў«Я ўпэўненая, што за дзьвюххвілінны паход 100 чалавек міма мяне не прайшло б. Да таго ж людзі рэальна ідуць не наплывам. Было б дзіўна, каб нават 10 чалавек разам прыйшло. У першы дзень у нас 30 чалавек прыйшло, у другі — 35. І я сачу, што паведамляюць іншыя назіральнікі. Гэта сярэднія лічбы».
Назіральнік Кірыла Гарошка, які задаў пытаньне Лукашэнку
17 лістапада, перад тым як Аляксандар Лукашэнка атрымаў бюлетэнь на выбарчым участку № 506 Старавіленскай акругі, яго спыніў назіральнік Кірыла Гарошка. Хлопец задаў кіраўніку дзяржавы пытаньне — навошта ў Беларусі выбары?
Лукашэнка не адразу адказаў, бо не зразумеў пытаньня. Але празь некаторы час вярнуўся да стала назіральнікаў і пагаварыў з Гарошкам.
Па словах назіральніка, Лукашэнка сказаў, што «выбары — гэта не абавязкова зьмена ўлады».
«І прывёў прыклад Расеі, прывёў прыклад Штатаў, што Трамп захоча застацца на другі тэрмін. А па-другое, ён кажа, што ў Беларусі выбары — гэта ня зьмена ўлады, а выбар кірунку. І гэты выбар робім мы», — цытаваў Свабодзе словы Аляксандра Лукашэнкі назіральнік.
Кіраўнік дзяржавы, са слоў Кірыла, сказаў яму, што выбар робіць народ, але «ўлада тут грае ключавую ролю».
У выніку за 50 хвілін да канца галасаваньня назіральніка пазбавілі акрэдытацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральніка, які пытаўся ў Лукашэнкі, навошта ў Беларусі выбары, пазбавілі акрэдытацыіЮры Вашчанчук, які зьняў на відэа дзяўчыну са стосам бюлетэняў
13 лістапада назіральнік Юры Вашчанчук зьняў рэзананснае відэа на ўчастку № 37 Берасцейскай-Усходняй акругі № 3. На ім відаць, як дзяўчына выходзіць з кабінкі для галасаваньня і рухаецца ў бок урны, каб кінуць бюлетэнь. І раптам у дзяўчыны ў руках аказваецца не адзін бюлетэнь, а цэлы стос.
«Я бачыў стос бюлетэняў, калі яна не прыціскала іх да грудзей, а трымала перад сабой. Гэта нельга зблытаць. Я бачыў подпісы на іх адваротным баку. Было відаць, што гэта не адзін бюлетэнь, а больш за дзесяць, магчыма, каля дваццаці. Для мяне гэта быў шок, як і для любога, хто бачыў відэа. Я пачаў пытаць, адкуль у яе гэтыя бюлетэні, хто ёй іх даў? І калі яна разгубілася, яна глядзела ў бок старшыні, якая была занятая іншым выбаршчыкам у гэты момант. Яна шукала падтрымкі ад знаёмага чалавека. А старшыні нічога не заставалася, як сказаць, каб яна выйшла вон», — казаў назіральнік.
Дзяўчыну зь відэа завуць Анастасія К. У камэнтары парталу «БрестСИТИ» яна сказала, што гэта быў ня стос бюлетэняў, а адзін утрая складзены бюлетэнь.
У хуткім часе пра назіральніка Вашчанчука выказалася кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і заявіла, што яго трэба пазбавіць акрэдытацыі. Так і сталася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ: Выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Укід быў? Укіду не было» — аблвыбаркам пра «скандал на роўным месцы» ў Берасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар скандальнага відэа са спробай укіду бюлетэняў: «Для мяне гэта быў шок» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары дэпутатаў — што гэта было. У лічбах