Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары дэпутатаў — што гэта было. У лічбах


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

0 апазыцыйных дэпутатаў, адна «Міс Беларусь», адзін кандыдат у міліцыі. Як праходзілі выбары ў Палату прадстаўнікоў.

17 лістапада адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў. Ужо ў гадзіну ночы на сайце ЦВК зьявілася інфармацыя пра выбраных дэпутатаў.

ВЫБАРЫ

4 — столькі гадзінаў спатрэбілася ЦВК, каб падлічыць галасы ўсіх выбарнікаў і агучыць вынікі.

60 — мінімум столькі незалежных назіральнікаў выдалілі з выбарчых участкаў да падліку галасоў ці падчас яго. Гэта назіральнікі кампаніяў «Права выбару» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Некаторых назіральнікаў, як напрыклад Андрэя Стрыжака ў Гомлі, з выбарчага ўчастку выводзілі з дапамогай міліцыі.

Каля 700 — столькі парушэньняў зафіксавалі на выбарах незалежныя назіральнікі. Ім не давалі назіраць за падлікам галасоў, не сыходзілася колькасьць тых, хто прагаласаваў (паводле падлікаў назіральнікаў і выбарчай камісіі).

1 — столькі кандыдатаў у дэпутаты ў часе падліку галасоў апынуліся ў міліцыі. Пятра Маркелава, давераную асобу кандыдата Станіслава Шашка, вывелі з участку ў кайданках, бо той папрасіў пералічыць галасы. Разам зь ім у аддзел міліцыі трапіў і сам кандыдат. Бліжэй да ночы абодвух адпусьцілі, галасы не пералічвалі.

14 рублёў 80 капеек — столькі каштавалі фаршаваныя перапёлкі на ўчастку, куды прыехаў галасаваць Аляксандар Лукашэнка. Ён 1 раз жорстка выказаўся пра саюз з Расеяй і 1 раз прапанаваў «адкруціць галаву і павыкручваць рукі» незалежнаму назіральніку.

5 — прынамсі такой колькасьці журналістаў не далі выконваць свае прафэсійныя абавязкі падчас выбараў і напярэдадні. У Гомлі журналістку выгналі з участку за «польскі акцэнт», а ў Менску не далі здымаць на відэа падлік галасоў апэратару БелаПАН Сяргею Сацюку. Здымачную групу «Белсату» не пусьцілі на сустрэчу з Ігарам Марзалюком у Магілёве. На здымачную групу Свабоды напалі невядомыя падчас акцыі апазыцыі ў цэнтры Менску і пашкодзілі камэру.

ВЫНІКІ

11 — столькі камуністаў трапілі ў Палату прадстаўнікоў 7-га скліканьня. Гэта чальцы Камуністычнай партыі Беларусі.

0 — столькі кандыдатаў ад апазыцыі сталі дэпутатамі

30 — столькі дзейсных дэпутатаў пераабраліся ў Палату прадстаўнікоў.

У новай Палаце прадстаўнікоў 66 мужчын і 44 жанчыны.

77,22% — пра такую яўку выбарнікаў у асноўны дзень галасаваньня паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

1 — столькі дзяўчат, якія маюць тытул «Міс Беларусь», сталі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаткай, паводле ЦВК, абралі Марыю Васілевіч, якая часам суправаджае Аляксандра Лукашэнку ў рабочых паездках.

2 — столькі новаабраных дэпутатаў малодшыя за 30 гадоў.

У новай Палаце прадстаўнікоў будзе 1 прадстаўнік ад ЛДПБ — гэта Алег Гайдукевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG