Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар скандальнага відэа са спробай укіду бюлетэняў: «Для мяне гэта быў шок»


Юры Вашчанчук падчас назіраньня, 14 лістапада
Юры Вашчанчук падчас назіраньня, 14 лістапада

Назіральнік ад незалежнай кампаніі «Права выбару» Юры Вашчанчук, які 13 лістапада зьняў рэзананснае відэа на берасьцейскім участку для галасаваньня № 37 Берасцейскай-Усходняй акругі №3, расказаў Свабодзе, што вельмі добра бачыў, як дзяўчына трымала менавіта стос бюлетэняў.

14 лістапада Юры Вашчанчук працягваў назіраць на ўчастку № 37. Ён сказаў, што падаў скаргу ў акруговую камісію пра спробу ўкіду бюлетэняў, якую ён зьняў на відэа.​

«Я бачыў стос бюлетэняў, калі яна не прыціскала іх да грудзей, а трымала перад сабой. Гэта нельга зблытаць. Я бачыў подпісы на іх адваротным баку. Было відаць, што гэта не адзін бюлетэнь, а больш за дзесяць, магчыма, каля дваццаці. Для мяне гэта быў шок, як і для любога, хто бачыў відэа. Я пачаў пытаць, адкуль у яе гэтыя бюлетэні, хто ёй іх даў? І калі яна разгубілася, яна глядзела ў бок старшыні, якая была занятая іншым выбаршчыкам у гэты момант. Яна шукала падтрымкі ад знаёмага чалавека. А старшыні нічога не заставалася, як сказаць, каб яна выйшла вон», — расказаў назіральнік.

Пасьля спробы ўкіду Вашчанчук паразмаўляў са старшынёй выбарчай камісіі Тацянай Мосінай. Пазьней выявілася, што яна ёсьць дырэктаркай дзіцячага садка — пачатковай школы №1, дзе працуе выхавацелькай фігурантка відэа з бюлетэнямі Анастасія Кулічкова.

Тацяна Мосіна
Тацяна Мосіна

«Яна сказала, што да гэтага ня мае дачыненьня і ня ведае, што адбываецца. Потым высьветлілася, што яны супрацоўніцы. Калі мы кажам пра парушэньне, то, магчыма, яны неяк зьвязаныя. Але тое, што старшыня выгнала дзяўчыну і не дала прагаласаваць, гэта няправільна. Ёй трэба было непасрэдна разабрацца ў сытуацыі і запрасіць міліцыянта. Але міліцыянта яна запрашае толькі ў тым выпадку, калі я ёй „надакучаю“ пытаньнямі адносна парушэньня, пратаколу, парушэньня апячатваньня скрыні», — кажа Юры Вашчанчук.

Старшыня камісіі Тацяна Мосіна скардзілася ў размове з карэспандэнтам Свабоды, што назіральнік нібыта хапаў яе сёньня за рукі.

«Я спрабаваў паказаць ёй пратакол, які знаходзіцца з адваротнага боку дзьвярэй. І калі дзьверы на ўчастак адчыненыя, то пратакол аказваецца нябачны. Каб яго паказаць, трэба дзьверы прычыніць. Я хацеў ёй паказаць, што там у пратаколе лічбы некарэктныя. Яна гэта расцаніла, што я нібыта спрабую трымаць яе тут у закладніках. Калі міліцыянт прыйшоў, яна чамусьці сышла. Яна адмаўляецца са мной размаўляць, просіць, каб падышоў міліцыянт. Нібыта спрабуе мяне на нешта справакаваць».

Юры Вашчанчук кажа, што з боку старшыні камісіі на яго аказваецца псыхалягічны ціск: «Але гэта ня першыя выбары, калі я назіраю, я ўсё стараюся рабіць у рамках заканадаўства».

Назіральнік кажа, што гэта быў не адзіны выпадак укідваньня бюлетэняў.

Гераіня відэа і яе начальніца ўсё адмаўляюць

У камэнтары мясцоваму парталу «БрестСИТИ» Анастасія Кулічкова сказала, што «прыйшла прагаласаваць датэрмінова» і «зусім не чакала, што нехта будзе размаўляць са мной такім тонам».

«Я сапраўды спалохалася, таму і пайшла. Непрыемна вельмі, што мяне абвінавачваюць у тым, чаго я не рабіла», — запэўніла яна.

14 лістапада яна ня выйшла на працу.

Выбарчы ўчастак №37 Берасцейскай-Усходняй акругі №3
Выбарчы ўчастак №37 Берасцейскай-Усходняй акругі №3

Кіраўніца выбарчай камісіі і начальніца Кулічковай Тацяна Мосіна таксама перакананая ў яе невінаватасьці. У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды яна заявіла, што тую ніхто «не злавіў за рукі».

«Ну а ён яе злавіў за руку? Ён цяпер сьцьвярджае, што там яшчэ ўкідваліся бюлетэні. Калі і хто ўкідваў? Калі ты бачыў, трэба было фіксаваць. А не казаць проста так і цяпер на ўсю краіну нагнятаць абстаноўку і ўводзіць у зман», — сказала Мосіна.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG