Рэстаран каля «Лебядзінага» здалі ў эксплюатацыю. Хто будзе яго гаспадаром?

Рэстаран каля заказьніка «Лебядзіны»

Рэстаран каля заказьніка «Лебядзіны», які збудавала кампанія «Тапас» і які выклікаў нэгатыўную рэакцыю эколягаў, перададуць у эксплюатацыю Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў галоўны інжынэр падраднай кампаніі «Тапас плюс» Дзьмітры Чарапнёў.

«Перадача рэстарацыі адбудзецца цягам месяца. Такое рашэньне ўжо прынятае. Ён будзе ва ўласнасьці Нацыянальнага алімпійскага камітэту», — сказаў Дзьмітры Чарапнёў.

Рэстаран каля заказьніка «Лебядзіны»

На якой падставе гэта адбудзецца, прадстаўнік падраднай кампаніі «Тапас плюс» не патлумачыў, параіўшы зьвярнуцца з гэтым пытаньнем да заказчыка — ААТ «Тапас».

У ААТ «Тапас» карэспандэнту Свабоды паведамілі, што пытаньне адносна «аб'екта грамадзкага харчаваньня» будзе канчаткова вырашана на наступным тыдні. Афіцыйны адрас і назву рэстарана там не назвалі. Аднак ужо падпісаны акт уводу ў эксплёатацыю гэтага аб’екта. Будаўніцтва пляцоўкі для назіраньня за птушкамі ў заказьніку завяршаецца.

У прэс-службе НАК карэспандэнту Свабоды заявілі, што рэстаран «не знаходзіцца ва ўласнасьці НАК». А ў эксплюатацыі? «Мы ня маем адносін да гэтага аб’екта», — сказалі ў прэс-службе НАК.

Што адбывалася з будаўніцтвам каля «Лебядзінага»

Раней эколягі выступілі супраць будаўніцтва рэстарана каля заказьніка «Лебядзіны». Грамадзкія абмеркаваньні справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе былі прызначаныя, калі аб’ект ужо амаль збудавалі.

Паводле менскай гарадзкой пракуратуры, «Тапас» «дапусьціў факты самавольнага будаўніцтва» гэтага аб’екта грамадзкага харчаваньня з добраўпарадкаваньнем прылеглай ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў раёне праспэкту Пераможцаў і Ратамскай вуліцы.

Адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску ў лістападзе 2018 году выявіла, што «Тапас» выконваў будаўніча-мантажныя працы «без дазвольнай і праектнай дакумэнтацыі». За гэта суд аштрафаваў забудоўшчыка.

Заказьнік «Лебядзіны»

Аднак указам Лукашэнкі ад 5 сьнежня 2018 году № 468 у генплян Менску тэрмінова ўнесьлі зьмены — будоўлю выключылі з зоны прыродных тэрыторый пад асаблівай аховай.

Пасьля гэтага Менгарвыканкам 26 ліпеня 2019 году зацьвердзіў праект дэталёвага плянаваньня на гэтую тэрыторыю з улікам разьмяшчэньня аб’екта кампаніі «Тапас». Станоўчае заключэньне на яго таксама выдала «Галоўдзяржбудэкспэртыза».

Рэстаран

Паводле гарадзкой пракуратуры, цяпер адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску падрыхтавала матэрыялы пра аб’ект, каб прыняць рашэньне «па самавольным будаўніцтве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура вырашыла не рэагаваць на незаконнае будаўніцтва ў менскім заказьніку «Лебядзіны»

Канчатковае рашэньне павінен быў прыняць Менгарвыканкам. У адказе з пракуратуры гаворыцца, што Менгарвыканкам такога рашэньня яшчэ не прыняў.

Раней старшыня «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандар Вінчэўскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што аптымальны варыянт для заказьніка — знос незаконных пабудоваў.

Заказьнік «Лебядзіны»

За апошнія гады плошчу заказьніка «Лебядзіны» зьменшылі на 8,0335 га. Таксама зьмяншалі ляндшафтна-рэкрэацыйную зону заказьніка і аддавалі яе пад забудову. Паводле новага праекту ўказу прэзыдэнта, 25,5 га зямлі зь ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны прыродных (леса- і лугапаркавых) тэрыторый паміж МКАД і заказьнікам «Лебядзіны» плянуецца перадаць у зону жылой зьмяшанай забудовы. Тут узьвядуць новы жылы комплекс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад заказьніка «Лебядзіны» зноў адразаюць зямлю пад будаўніцтва

Кампанія «Тапас», уладальнік якой — форвард хакейнай каманды прэзыдэнта Павал Белы, будуе шматфункцыянальны комплекс «Алімпік парк» каля заказьніка «Лебядзіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз ахоўную зону Курапатаў зьбіраюцца весьці камунікацыі для «Новай Баравой»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Птушкі будуць урэзвацца ў шкляныя сьцены і гінуць». Што пагражае заказьніку «Лебядзіны»