Школьнік Іларыён Т. папярэджаны камісіяй па справах непаўналетніх Маскоўскага раёну Менску за ўдзел у акцыі, якая прайшла на плошчы Свабоды 6 кастрычніка. Тады ў цэнтры Менску Мікалай Статкевіч правёў у межах перадвыбарчага пікета сустрэчу ў абарону незалежнасьці. За ўдзел у пікеце пакуль ніхто ня быў пакараны.
Іларыён Т. вучыцца ў 10 клясе. Для непаўналетняга актывіста гэта другое за год пакараньне. Разгляду чакае яшчэ адзін складзены на яго пратакол, ад 3 лістапада, нібыта за хуліганства каля рэстарацыі ў Курапатах. Калі камісія па справах непаўналетніх будзе разглядаць гэты пратакол, Іларыёну Т. пакуль не паведамілі.
«Мяне палохаюць, што калі ня выпраўлюся, забяруць зь сям’і і адправяць у спэцшколу ў Магілёў. Колькі для гэтага трэба „назьбіраць“ пакараньняў, ня кажуць, што яшчэ горш, бо ўвесь час пачуцьцё, нібыта вісіш на валаску. Новае папярэджаньне буду абскарджваць, як і ранейшыя», — сказаў Свабодзе Іларыён Т.
Пры разглядзе пратаколу Іларыён Т. даводзіў камісіі, што ўдзельнічаў ня ў масавай акцыі, на якую патрэбны дазвол гарадзкіх уладаў, а ў сустрэчы з выбарцамі.
«Паводле выбарчага кодэксу такія пікеты не патрабуюць узгадненьня, калі праводзяцца ў месцах, згодных з законам. На пікеце ніхто зь міліцыянтаў не папярэджваў, што мы бяром удзел у нечым незаконным, нікога не затрымлівалі і не складалі пратаколаў. Пратакол на мяне даслалі пазьней», — сказаў юнак выканаўцы абавязкаў старшыні камісіі Сьвятлане Кудзінай ды іншым сябрам камісіі. У выніку камісія па справах непаўналетніх Маскоўскага раёну вынесла Іларыёну Т. папярэджаньне менавіта за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.
«Чаму абралі для пакараньня менавіта мяне? На іншых не націсьнеш, а мяне спадзяюцца яшчэ адштурхнуць ад «актывізму». Гэтак і казалі: „Навошта табе Курапаты? Яны табе непатрэбныя“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Клоўнамі быць ня хочам» — як прайшоў мітынг Статкевіча ў цэнтры МенскуРазам зь юнаком на паседжаньне камісіі па справах непаўналетніх была выкліканая маці Іларыёна Вольга Т. На жанчыну быў складзены пратакол за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў. Пасьля вывучэньня справы і пярэчаньняў адваката справу маці актывіста камісія адправіла ў міліцыю на дапрацоўку.
Што такое камісія па справах непаўналетніх?
Такія камісіі дзейнічаюць пры выканаўчых органах мясцовай улады, звычайна іх узначальваюць намесьнікі старшыняў райвыканкамаў, а ўваходзяць у камісіі чыноўнікі, пэдагогі, міліцыянты, прадстаўнікі праўладных грамадзкіх арганізацый. У кампэтэнцыі камісіі па справах непаўналетніх — разглядаць справы непаўналетніх парушальнікаў Адміністрацыйнага кодэксу, выносіць папярэджаньні, штрафаваць і нават хадайнічаць перад судом аб накіраваньні юнакоў у спэцустанову. Паседжаньні камісій павінны праходзіць адкрыта.
На паседжаньне, дзе разглядалася справа абаронцы Курапат Іларыёна Т., назіральнікаў пусьцілі, але забаранілі фота- і відэаздымку, спрабавалі забараніць аўдыёзапіс.
Наколькі камісіі па справах непаўналетніх адпавядаюць міжнароднай практыцы?
Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч назваў такія камісіі «рудымэнтам савецкай сыстэмы права» і сказаў, што іх наяўнасьць відавочна сьведчыць пра тое, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі патрабуе карэннага рэфармаваньня.
«У нас шмат якія органы могуць разглядаць адміністрацыйныя справы грамадзян, калі гэта не пагражае ім арыштам: лесьнікі могуць караць за парушэньні ў лесе, дарожнікі — за парушэньне на сваёй тэрыторыі, і гэтак далей. Камісіі па справах непаўналетніх — такі ж прыклад органа зь вельмі сумнеўнымі паўнамоцтвамі з пункту гледжаньня правоў чалавека. Канечне, і ў судзе беларускі грамадзянін не застрахаваны ад парушэньня сваіх правоў, але там хоць працуюць прафэсіяналы, а тут — спрэс некампэтэнтныя людзі прымаюць некампэтэнтныя пастановы, наўпрост умешваюцца ў лёсы іншых людзей», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.
Паводле праваабаронцы, справамі непаўналетніх парушальнікаў павінны займацца адмысловыя судзьдзі, як у большасьці цывілізаваных краін сьвету.
«У нас у канцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя была спыненая судовая рэформа, якая прадугледжвала ўвядзеньне судоў прысяжных і ўвядзеньне ювэнальнай, то бок падлеткавай, юстыцыі. Улады сьвядома не ідуць на такое карэннае рэфармаваньне», — адзначыў праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакінуць 5 гадоў строгага рэжыму? Пракурор апратэставаў прысуд анархісту Зьмітру Паліенку