Падсудныя скардзіліся на ціск з боку КДБ і СК. Але пракурорская праверка гэтага не пацьвердзіла.
14 лістапада ў Баранавічах аднавіўся судовы працэс па справе аб крадзяжы зброі і гандлі ёю. На папярэднім паседжаньні судзьдзя пастанавіла прыпыніць разгляд справы праз тое, што шэраг абвінавачаных заявілі пра зьбіцьцё і псыхалягічны ціск з боку супрацоўнікаў КДБ, контравыведкі, Сьледчага камітэту, а таксама вайсковай часткі 29969, адкуль, паводле сьледзтва, выкрадалі зброю. У выніку пракуратура пастанавіла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы паводле заяваў абвінавачаных адмовіць, бо агучаныя імі факты фізычнага і псыхалягічнага ціску не знайшлі пацьверджаньня. Амаль адразу пасьля гэтага судзьдзя Літвінчык абвясьціла пра завяршэньне судовага разбору і пераход да спрэчак бакоў.
Толькі пералік даказаных, на думку дзяржаўнага абвінавачваньня, злачынстваў абвінавачаных заняў у пракурораў больш за 2,5 гадзіны. Яны лічаць віну ўсіх дзесяці абвінавачаных даказанай і адзначылі, што шэраг зь іх актыўна супрацоўнічалі са сьледзтвам, расказвалі пра акалічнасьці ўчыненьня злачынстваў, называлі імёны іншых удзельнікаў, паказвалі месцы захоўваньня скрадзенай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баюся, сына зробяць пешкай». Маці прапаршчыка, абвінавачанага ў крадзяжы зброі, чакае судуУ выніку дзяржаўны абвінаваўца пасьпеў абвясьціць, што просіць пакараць асноўнага фігуранта справы, прапаршчыка Дзьмітрыя Кульжыка, 11 гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 60 базавых велічынь, а таксама пазбаўленьнем вайсковага званьня.
Менавіта Дзьмітры Кульжык, паводле матэрыялаў сьледзтва, быў ключавой асобай у злачыннай схеме выкраданьня і продажу зброі. Ён ня толькі быў загадчыкам складу, адкуль краў пісталеты Макарава і аўтаматы Калашнікава, а таксама боепрыпасы да іх, але і асабіста выносіў і вывозіў скрадзенае за межы вайсковай часткі.
З абвяшчэньнем магчымага пакараньня для іншых абвінавачаных у пракурораў узьніклі тэхнічныя складанасьці. На працэсе абвешчаны чарговы перапынак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісталет Макарава за 250 даляраў, «калашнікавы», артылерыйскі снарад. У Баранавічах судзяць за крадзеж і гандаль зброяйСьцісла пра справу
10 верасьня ў Баранавіцкім раённым судзе пачалі разглядаць справы аб крадзяжы, незаконным захоўваньні, перамяшчэньні і продажы зброі. На лаве падсудных 10 чалавек. Гэта былыя вайскоўцы, адзін опэрупаўнаважаны, беспрацоўныя і супрацоўнікі транспартных фірмаў. Крымінальная справа займае 63 тамы, яе вядуць тры дзяржаўныя абвінаваўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зброю вывезьлі ў Расею. Новыя падрабязнасьці справы аб крадзяжы аўтаматаў у БаранавічахЗатрыманьні ў справе аб крадзяжы зброі з баранавіцкай вайсковай часткі № 29969 адбыліся ў ліпені 2018 году. У СМІ гэтая інфармацыя трапіла на пачатку жніўня. Тады ж стала вядома імя аднаго з затрыманых, Дзьмітрыя Кульжыка. Летам 2018 году ён служыў па кантракце і займаў пасаду кіраўніка вайсковага складу. Разам зь ім на лаве падсудных — Юры Марчанка, які да сярэдзіны лета мінулага году быў кіраўніком аддзелу матэрыяльнага забесьпячэньня той самай вайсковай часткі. Паводле матэрыялаў папярэдняга сьледзтва, агучаных у першы дзень працэсу, менавіта гэтыя два чалавекі кралі і прадавалі зброю.
560 даляраў за чатыры пісталеты Макарава
29 кастрычніка на працэсе агучылі паказаньні аднаго з абвінавачаных, які не прысутнічае ў залі суду. Гэта грамадзянін Беларусі па прозьвішчы Хмяльніцкі. Летам 2018 году яго затрымалі на тэрыторыі Расеі, дзе ён знаходзіцца пад вартай дагэтуль. Беларусь афіцыйна папрасіла экстрадыцыі Хмяльніцкага, аднак расейскі бок адмовіў. На гэты момант Хмяльніцкі атрымаў адтэрміноўку ў экстрадыцыі. У залі суду зачытвалі матэрыялы допытаў, якія праводзілі з Хмяльніцкім на тэрыторыі Расеі супрацоўнікі ФСБ.
Паводле гэтых дакумэнтаў, абвінавачаны Хмяльніцкі восеньню і зімой 2017 году набыў у іншага фігуранта справы, Дзямідава, чатыры пісталеты Макарава і патроны да іх, за што заплаціў агулам 46 тысяч расейскіх рублёў (каля 1400 беларускіх рублёў. — РС).
«Я жыву ў Расеі даўно, прыяжджаю часам у Баранавічы, Дзямідава ведаю даўно, — агучыў пракурор паказаньні затрыманага расейскім ФСБ фігуранта. — Спачатку ён прапанаваў мне набыць два пісталеты і патроны да іх. Я заплаціў за гэта 23 тысячы расейскіх рублёў. Потым яшчэ два пісталеты. Зброю я забіраў падчас сустрэч зь Дзямідавым у Баранавічах, затым адвёз на сваім аўтамабілі ў Расею. Усе пісталеты былі ў мяне, я не перапрадаваў іх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у справе аб гандлі зброяй у Баранавічах. Расея не выдае аднаго з абвінавачаных