Якія беларускія амбасады маюць сайты на беларускай мове? Дыпляматычныя прадстаўніцтвы якіх дзяржаваў у Беларусі маюць беларускамоўныя інтэрнэт-старонкі? Палічылі і зьвярнуліся па камэнтар да Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Якія амбасады Беларусі вядуць інтэрнэт-старонкі па-беларуску
Беларусь мае блізу 60 дыпляматычных прадстаўніцтваў у розных дзяржавах сьвету. Пераважная большасьць зь іх мае сайт на расейскай мове і на мове краіны знаходжаньня. І толькі 13 беларускіх амбасадаў маюць беларускамоўныя вэрсіі сваіх сайтаў.
- У Азіі толькі амбасада Беларусі ў Інданэзіі мае беларускамоўную старонку.
- У Афрыцы і Паўночнай Амэрыцы беларускамоўнай старонкі ня мае ніводнае дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі.
- У Паўднёвай Амэрыцы беларускамоўную інтэрнэт-старонку мае амбасада Беларусі ў Эквадоры.
- У Эўропе беларускамоўныя старонкі маюць амбасады Беларусі ў Аўстрыі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Вугоршчыне, Латвіі, Літве, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Францыі і Эстоніі.
Якія дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Беларусі маюць беларускамоўныя вэрсіі сваіх сайтаў
Беларускамоўныя старонкі маюць амбасады Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Казахстану, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Славаччыны, ЗША і Чэхіі.
Цікавыя факты
- Амбасада Беларусі ў Польшчы і амбасада Беларусі ў Францыі ня маюць расейскамоўных старонак, а толькі беларускамоўную і адпаведна па-польску і па-француску. Праўдападобна, гэта было зроблена з ініцыятывы былога амбасадара ў гэтых дзяржавах у розныя часы беларускамоўнага Паўла Латушкі.
- Амбасады ЗША, Вялікай Брытаніі і Славаччыны ў Беларусі маюць беларускамоўныя і старонкі па-ангельску і па-славацку адпаведна.
- Сайт амбасады Беларусі ў Казахстане — расейскамоўны, тады як сайт амбасады Казахстану ў Беларусі мае чатыры вэрсіі — на казаскай, расейскай, беларускай і ангельскай мове.
- Сайт амбасады Беларусі ў Расеі мае расейскамоўную і беларускамоўную вэрсію, тады як сайт амбасады Расеі ў Беларусі — на расейскай мове.
МЗС Беларусі: Актыўна працуем над выпраўленьнем сытуацыі
Чаму ня ўсе прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой маюць беларускамоўныя вэрсіі сваіх сайтаў? Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз патлумачыў Свабодзе, што такая сытуацыя ўтварылася з тэхнічных прычынаў:
— Міністэрства замежных справаў і дыпляматы ў сваёй працы актыўна карыстаюцца дзьвюма дзяржаўнымі мовамі, старонка міністэрства ў інтэрнэце вядзецца на трох мовах. Наша старонка — гэта ўзор для іншых дзяржаўных установаў. Гэтак жа і брыфінгі прэс-сакратара МЗС мы стараемся даваць на дзьвюх дзяржаўных мовах. Гэты недахоп з асобнымі старонкамі некаторых нашых установаў за мяжой нам вядомы. Прычыны маюць выключна тэхнічны характар. І мы зараз актыўна працуем над выпраўленьнем сытуацыі.
Паводле Анатоля Глаза, дыпляматычныя прадстаўніцтвы робяць беларускамоўныя старонкі сайтаў самі, бо працаўнікі добра валодаюць беларускай мовай: «Паступова над гэтым працуем, адзін за другім мы будзем уводзіць беларускую мову на тых сайтах, дзе яе яшчэ не хапае».
Уладзімер Макей: Наша мова характарызуе нас як сталую нацыю
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей неаднаразова выказваўся ў падтрымку беларускай мовы:
— Наша мова шчыра характарызуе нас як сталую нацыю са сваім сьветапоглядам і мэнталітэтам, адлюстроўвае досьвед, каштоўнасьці, традыцыі беларускага народу. Яна зьяўляецца важнай прыметай этнічнай самасьвядомасьці беларусаў і істотным падмуркам дзяржаўнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: «Калі хочам захаваць нацыю, трэба больш увагі ўдзяляць беларускай мове»Уладзімер Макей адзначае, што на беларускай мове ў Беларусі гавораць менш людзей, чым на расейскай, і таму беларускай трэба надаваць больш увагі:
— Калі мы хочам захаваць нацыю, народ, дзяржаву, то гэта само сабой разумеецца.