Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта верыць уладзе, калі яна гаворыць па-беларуску? Гурневіч супраць Дракахруста


Уладзімер Макей, міністар замежных справаў Беларусі
Уладзімер Макей, міністар замежных справаў Беларусі

У суботу міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей узяў удзел у 7-м зьезьдзе беларусаў сьвету, выступіў перад дэлегатамі па-беларуску і заклікаў да нацыянальнай еднасьці. Ён гаварыў гэта на фоне бел-чырвона-белага сьцягу, хаця дзяржаўныя тэлеканалы не паказалі гэтага ў выніковых рэпартажах.

Ці варта верыць уладзе, калі яна гаворыць па-беларуску? Ці азначае выступ Макея паварот да беларусізацыі?

Юры Дракахруст лічыць, што варта верыць, бо....

  • Мяккая беларусізацыя пачалася ня з выступу Макея ў мінулую суботу, гэта новая пасьлякрымская рэальнасьць. Збольшага гэта хутчэй дазвол прыватным беларускім ініцыятывам (якога, аднак, раней не было). Хаця ёсьць і прыклады ня толькі дазволу, але і акцэптацыі ўладай падобных ініцыятываў, найбольш яскравы прыклад — вышыванкі.
  • У беларускім грамадзтве ёсьць людзі, апантаныя беларушчынай. Як ёсьць і людзі, апантаныя ідэямі «рускага сьвету». І ёсьць беларускі мэйнстрым, збольшага рускамоўны, але які мае беларускі сантымэнт. Улада спрабуе знайсьці балянс паміж імпульсамі ад гэтых розных групаў грамадзтва.
  • Ці ёсьць Макей шчырым дэмакратам? А ці быў у нейкім 1985 годзе шчырым дэмакратам Гарбачоў? Ня быў. Тады, дык пэўна, хацеў адно крыху палепшыць сацыялізм. Але вынік атрымаўся значны.
  • Лукашэнка ў 94-м абяцаў вярнуць СССР, зараз кажа, што незалежнасьць — сьвятыня. А калі памянялася? Гэтак жа і з беларусізацыяй будзе.
  • «Мяккая беларусізацыя» падобная на вяртаньне Сталіным пагонаў у 1943 годзе. Гэта было прадаўжэньнем у мінулае сваёй легітымнасьці, усьведамленьнем сябе нашчадкам ня толькі Леніна, але і рускіх цароў.
  • У кароткатэрміновай пэрспэктыве дыктатар, які сёньня перайшоў з расейскай на беларускую, ня робіцца лепшым. Але калі нават цяперашняя аўтарытарная ўлада пачынае прымаць нейкія нацыянальныя рэчы, то гістарычна гэта станоўчая зьява.

Дзьмітры Гурневіч лічыць, што ня варта верыць, бо...

  • Усе крокі «мяккай беларусізацыі» — касьмэтычныя і ўмоўныя.
  • Вышыванкі — форма, якая паклікана замяніць зьмест.
  • Часта беларуская мова робіцца індульгенцыяй, калі чыноўнік гаворыць па-беларуску, яму даруюць усе правіны.
  • Беларуская ўлада 10 гадоў марудзіць з «картай беларуса». Макей на зьезьдзе адказаў: «По Дерибасовской гуляют постепенно». 10 гадоў яны «гуляюць», ня могуць увесьці.
  • Калі я бачу палітыка, які кажа па-беларуску, гэта ў маіх вачах яму плюс, але я ацэньваю яго паводле яго каштоўнасьцяў і дзеяньняў. Калі заўтра Лукашэнка і яго міністры загавораць па-беларуску, для мяне гэта не паўплывае на тое, што было да таго. Я супраць дыктатуры.
  • Няважна, на якой мове адсутнічае дэмакратыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG