Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова і вобраз улады. Чаму Анісім схадзіла дарма


Алена Анісім
Алена Анісім

Алена Анісім вынесла дваістае ўражаньне ад сустрэчы з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Дэпутатка прынесла чыноўніку 15 канкрэтных прапановаў пашырэньня беларускай мовы, а ў адказ пачула: «няма дакладнага ўяўленьня, што і як рабіць».

Няма дакладнага ўяўленьня таксама і пра шыльду да 100-годзьдзя БНР, пра рэстаран у Курапатах, пра дзяржаўную ідэалёгію, пра сыстэму адукацыі… Што ні вазьмі, дакладнага ўяўленьня няма. Быццам выклікі, якія ўсё часьцей робіць час тут і цяпер, маюць месца ня тут і не цяпер, прынамсі, не для гэтае ўлады, якая існуе на нейкай сваёй хвалі ў нейкай паралельнай прасторы. І менавіта моўная праблема дазваляе ўбачыць, што так яно і ёсьць.

Давайце на хвіліну забудзем традыцыйныя заклінаньні пра русіфікацыю, дыскрымінацыю беларускай мовы і патрэбу яе адраджэньня… Гэта ўсё не задачы дзейнае ўлады, бо супярэчаць яе прыродзе. Яна такіх задач ня ставіць і ў прынцыпе не разумее. Чаму?

Беларуская мова, як і кожная іншая, ужо ўтрымлівае ў сабе вобраз улады. Па-беларуску можна толькі так, а не інакш. Каб пераканацца ў гэтым, варта перачытаць Статут ВКЛ, устаўныя граматы Рады БНР альбо паслухаць сёньняшніх прадстаўнікоў МЗС, калі яны гавораць па-беларуску — тон іх робіцца іншым, не характэрным для чыноўнікаў Лукашэнкі, а зьмест выказваньняў — сэнсоўным, пазбаўленым ваяўнічасьці і абсурду.

Але гэта прыватныя выпадкі. У цэлым жа ўлада сфармаваная ня тым вобразам улады, які нясе беларуская мова. На першы погляд, улада цалкам рускамоўная. Але яна не сфармаваная і тым вобразам улады, які нясе руская мова. Мова гэтае ўлады — канцылярыт. Ён і фармуе яе вобраз.

Канцылярыт у судах, дзе прымаюцца нічым не абгрунтаваныя рашэньні, у міліцыі, у сыстэме адукацыі, ня кажучы ўжо пра ўсю зьверху да нізу вэртыкаль. Канцылярыт можа выціскаць беларускую мову ў прасторы, па гарызанталі, але ня можа падмяніць яе ў вышынях і глыбінях жыцьця — у культуры. Таму ўсё жывое, усё высокае і глыбокае, што робіцца ў Беларусі, робіцца па-беларуску і ня мае дачыненьня да ўлады.

Па вялікім рахунку, зусім ня руская ў Беларусі — другая (першая і адзіная) дзяржаўная мова, а гэты самы канцылярыт. І так было з часоў губэрнатара Мураўёва і бальшавіка Мясьнікова. Крыніца гэтае ўлады не ў беларускім народзе, як сказана ў даўно адкінутай Канстытуцыі, а ў Крамлі. За 200 гадоў улада ня здолела канчаткова выкараніць беларускую мову менавіта таму, што змагалася зь ёй у розных вымярэньнях, маючы за зброю ня рускую мову, а канцылярыт.

Каб уявіць сабе як гэта працуе калі працуе, варта зірнуць, напрыклад, на палянізацыю беларусаў, дзе ў якасьці зброі выкарастоўваецца польская мова, а не канцылярыт. Гэтае змаганьне амаль заўсёды прыводзіла і прыводзіць да перамогі, бо адбываецца ў адной плоскасьці. Многія беларусы ахвотна станавіліся і становяцца палякамі, але рускімі масава — не.

Што зьмянілася за 200 гадоў у характары і вобразе ўлады ў Беларусі? Нічога. Мы ведаем, што ўсё нацыянальнае будзе жыць і разьвівацца па-за дзяржавай і што ўлада ніколі не расправіцца з нацыянальным да канца. Інакш кажучы, нішто не памрэ. Але і разьлічваць на разварот гэтае ўлады да нацыянальнага — марна.

У прапановах Алены Анісім да дзейнае ўлады мусіў быць толькі адзін пункт: каб па-беларуску загаварыў прэзыдэнт. Тады ва ўсіх чыноўнікаў усіх узроўняў імгненна зьявіцца дакладнае ўяўленьне, што і як рабіць. Але, зразумела, гэта быў бы ўжо зусім іншы прэзыдэнт.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG