Балівійскі прэзыдэнт Маралес абвясьціў аб адстаўцы 10 лістапада — праз два тыдні пасьля таго, як заявіў пра чацьвёртую перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у Балівіі. На наступны дзень стала вядома, што затрымалі старшыню Цэнтравыбаркаму, якая ўцякала з краіны, пераапранутая мужчынам.
Міністэрства замежных спраў Беларусі апублікавала 11 лістапада афіцыйны камэнтар да падзей у Балівіі. Каго падтрымліваюць беларускія дыпляматы — ці экс-прэзыдэнта Эва Маралеса, ці ягоных апанэнтаў, з камэнтару незразумела.
Беларусь, паводле МЗС, выступае «за наладжваньне агульнанацыянальнага дыялёгу ў мэтах пераадоленьня ўсіх наяўных супярэчнасьцяў у Балівіі» — «выключна мірным шляхам» і «ў межах прававога поля».
«Нязгода ў балівійскім грамадзтве не павінна станавіцца нагодай для супрацьпраўных дзеяньняў, якія вядуць да непрадказальных наступстваў, — піша МЗС Беларусі. — Выказваем падтрымку ўсім намаганьням, накіраваным на аднаўленьне агульнанацыянальнай згоды ў Балівіі, і спадзяёмся, што ў самыя кароткія тэрміны там усталююцца мір і стабільнасьць.
Пацьвярджаем нашую зацікаўленасьць у разьвіцьці адносін з Балівіяй як з пэрспэктыўным партнэрам у дадзеным рэгіёне Лацінскай Амэрыкі ва ўсіх сфэрах, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіна, дзе праваліўся беларускі сцэнар. Што адбываецца ў БалівііТры тыдні таму Аляксандар Лукашэнка накіраваў Эва Маралесу тэлеграму ў сувязі з 60-годзьдзем.
«Гэтая дата ня толькі падкрэсьлівае Ваш багаты жыцьцёвы досьвед і мудрасьць, але і адкрывае шырокія пэрспэктывы для новых зьдзяйсьненьняў, — гаварылася ў віншаваньні. — За гады плённай працы Вы заслужылі рэпутацыю адказнага і ініцыятыўнага палітыка, які неаднаразова пацьвярджаў здольнасьць эфэктыўна вырашаць найбольш складаныя і маштабныя задачы».