Маралес паведаміў пра гэта ў тэлевізійным звароце.
«Мы падаем у адстаўку, каб нашы браты і сёстры, дзяржаўныя службоўцы, не падвяргаліся нападкам і пагрозам», — сказаў ён у звароце, які трансьляваўася ў сацыяльных сетках.
Сьледам за Маралесам пра сваю адстаўку абвясьціў віцэ-прэзыдэнт Балівіі Альвара Гарсія Лінэра.
Балівійскі тэлеканал Unitel у нядзелю паказаў кадры вылету самалёта прэзыдэнта краіны Эва Маралеса Аймы з аэрапорту «Эль-Альта», разьмешчанага ў прадмесьці Ла-Пасу.
Пры гэтым балівійская радыёстанцыя Pio Doce праінфармавала, што экіпаж самалёта запытаў дазволу ў Аргентыны на пралёт праз тэрыторыю гэтай краіны, але ў гэтым было адмоўлена.
Паводле некаторых зьвестак, самалёт прызямліўся ў аэрапорце гораду Чыморэ ў балівійскім дэпартамэнце Качабамба.
Незадоўга да гэтага камандуючы арміяй Балівіі Ўільямс Каліман заклікаў прэзыдэнта падаць у адстаўку.
Маралес і Лукашэнка
Эва Маралеса лічыць сваім сябрам прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Сустрэўшыся зь ім у 2013 годзе на пахаваньні прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса, Лукашэнка сказаў:
«Я ніколі ня думаў, што сустрэнемся тут пры падобных абставінах. Мы вельмі шмат з Уга Чавэсам размаўлялі аб тваёй краіне. Мы нават выпрацавалі плян сумесных дзеяньняў, і цяпер нам прыйдзецца з табой працягнуць гэтую справу. Хачу цябе запэўніць у тым, што Беларусь зробіць усё для таго, каб наладзіць з Балівіяй такія ж адносіны, як з Вэнэсуэлай»