Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Балівіі Марыя Эўхенсія Чоке і яе намесьнік Антоніё Костас былі арыштаваныя за махлярства на падчас прэзыдэнцкіх выбараў 20 кастрычніка, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Абодва спрабавалі ўцячы з Ла-Пасу, пры гэтым Марыя Эўхенсія Чоке была пераапранулая як мужчына, спрабуючы схавацца ад паліцыі, паведаміў начальнік паліцыі Балівіі Юры Кальдэрон.
Паводле Кальдэрона, акрамя іх, па падазрэньні ў фальсыфікацыі і іншых злачынствах на выбарах былі затрыманыя яшчэ 36 іншых службовых асобаў выбарчага органа, піша Washington Post.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балівійскі прэзыдэнт Маралес абвясьціў аб сваёй адстаўцы10 лістапада прэзыдэнт Балівіі Эва Маралес абвясьціў пра сваю адстаўку ў тэлевізійным звароце. Сьледам за Маралесам пра сваю адстаўку абвясьціў віцэ-прэзыдэнт Балівіі Альвара Гарсія Лінэра.
Балівійскі тэлеканал Unitel у нядзелю паказаў кадры вылету самалёта Маралеса з аэрапорту «Эль-Альта», разьмешчанага ў прадмесьці Ла-Пасу. Пры гэтым балівійская радыёстанцыя Pio Doce праінфармавала, што экіпаж самалёта запытаў дазволу ў Аргентыны на пралёт праз тэрыторыю гэтай краіны, але ў гэтым было адмоўлена.
Пасьля адстаўкі Маралес заявіў, што існуе ордэр на ягоны арышт, і назваў гэта незаконным. Камандзір паліцыі Юры Кальдэрон заявіў у эфіры Unitel television, што такога ордэра няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балівія: сфальсыфікаваў выбары — пайшоў у адстаўкуКрыху раней, да абвяшчэньня адстаўкі, Маралес пагадзіўся ануляваць афіцыйныя вынікі першага тура прэзыдэнцкіх выбараў і правесьці новае галасаваньне. Гэтага патрабавалі ад Балівіі ў Эўразьвязе і ў ААН. Камандуючы арміяй Балівіі Ўільямс Каліман заклікаў прэзыдэнта падаць у адстаўку.
Пасьля перамогі Маралеса на чарговых выбарах 20 кастрычніка ў Балівіі пачаліся масавыя пратэсты апазыцыі, якая не прызнала яго перамогу, заявіўшы пра фальсыфікацыі. Паводле афіцыйных вынікаў, Эва Маралес, які балятуецца ў прэзыдэнты ўжо чацьвёрты раз, атрымаў крыху больш за 47% галасоў, а яго галоўны апанэнт, былы журналіст Карлас Мэса, — 36,5%.
Пасьля пачатку пратэстаў, якія перарасьлі ў сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй, Маралес абвясьціў рэжым надзвычайнага становішча і абвінаваціў апазыцыю ў спробе арганізаваць дзяржаўны пераварот. Пазьней ён прапанаваў пратэстоўцам сесьці за стол перамоваў.