Пасьля візыту ў Арабскія Эміраты Аляксандар Лукашэнка выпраўляецца ў Аўстрыю. Кіраўнік Беларусі ўпершыню з 2016 году наведае краіну Эўрапейскага зьвязу.
Візыт Лукашэнкі ў Аўстрыю пройдзе 11–12 лістапада, пацьвярджае ягоная прэс-служба. Паведамляецца, што падчас візыту Лукашэнка абмяркуе з аўстрыйскім кіраўніцтвам «эканамічныя і гуманітарныя стасункі дзьвюх краінаў».
Плянуецца, што 12 лістапада ў Вене ў вузкім і пашыраным складах пройдуць перамовы Лукашэнкі з Фэдэральным прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам.
Лукашэнка ў Вене таксама правядзе перамовы са старшынём Нацыянальнага савета Аўстрыі Вольфгангам Собаткам і наведае рабочую вячэру са старшынём Аўстрыйскай народнай партыі, дэпутатам Нацыянальнай рады Аўстрыі Сэбастыянам Курцам, які раней наведваў Беларусь у якасьці фэдэральнага міністра.
Адначасова з візытам Лукашэнкі ў Вене будзе праходзіць аўстрыйска-беларускі бізнэс-форум, у якім возьмуць удзел дзелавыя колы дзьвюх краін, у тым ліку прадстаўнікоў буйнога бізнэсу.
***
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўстрыйскі шанец для афіцыйнага МенскуАўстрыя належыць да тых дзяржаваў ЭЗ, якія ляяльна ставяцца да афіцыйнага Менску, незалежна ад таго, якія партыі ці кааліцыі знаходзяцца ва ўрадзе.
Візавыя санкцыі Эўразьвязу з Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня былі зьнятыя ў 2016 годзе, аднак з тых часоў ён не скарыстаўся магчымасьцю рабочых паездак і афіцыйных візытаў у краіны ЭЗ, нягледзячы на запрашэньне.
Фактычна за 25 гадоў кіраваньня першы афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў краіну ЭЗ быў у 1996 годзе — тады ён наведаў Францыю. Акрамя таго, у 2012 годзе ён неафіцыйна езьдзіў у Аўстрыю, адпачываў у гарах, і двойчы быў у Ватыкане (у 2009 і 2016 гадах), дзе сустракаўся з Папам Рымскім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стракатая гісторыя беларуска-аўстрыйскіх дачыненьняўКалі гаворка ідзе па беларуска-аўстрыйскія адносіны, згадваецца і скандальны адпачынак Аляксандра Лукашэнкі на горналыжным курорце ў 2002 годзе.
У сакавіка 2002 году Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся пад заходнімі санкцыямі і ня мог наведваць краіны ЭЗ. Тым ня менш ён адпачыў на гарналыжным курорце ў аўстрыйскім Тыролі. Паездку ў абыход санкцыяў арганізаваў уладальнік сеткі казыно Casinos Austria Леа Вальнэр, які ў той час узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт Аўстрыі.
Аўстрыйскія СМІ высьветлілі, што адпачынак Лукашэнкі з асобамі, што яго суправаджалі, каштаваў амаль 200 тысяч эўра. Гэтак, прыватны самалёт з Вены ў Інсбрук абышоўся ў 30 тысяч эўра, пяцізоркавы гатэль Klosterbräu — 47 тысяч. Акрамя таго, грошы пайшлі на вечарыну, гульні ў казыно, гарналыжны адпачынак, алькагольныя напоі, а таксама мэдычныя паслугі, бо падчас катаньня на лыжах Лукашэнка атрымаў траўму сьцягна і на верталёце паляцеў у шпіталь. Праўда, плаціў за гэты прымаючы бок — усё той жа Леа Вальнэр.
Разам з Лукашэнкам курорт тады наведалі ягоныя сыны Віктар і Дзьмітрый; Ірына Абельская, Уладзімер Макей, Уладзімір Канаплёў ды іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пстрычка з Брусэлю перад візытам Лукашэнкі ў Аўстрыю. Чаму эўракамісар згадаў пра БелАЭС