Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Вену 12 лістапада пацьвердзіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, піша Deutsche Welle.
Што сказаў Макей?
- Зараз беларускі і аўстрыйскі бакі прапрацоўваюць эканамічную частку праграмы.
- Падчас візыту Аляксандар Лукашэнка плянуе сустрэцца з прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Бэленам.
Ван дэр Бэлен запрасіў Лукашэнку ў Аўстрыю ў сёлетнім віншаваньні да Дня Рэспублікі.
Лукашэнка рэдка езьдзіць у краіны Эўразьвязу. Доўгі час гэта было зьвязана з санкцыямі супраць яго і шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Першым пасьля скасаваньня санкцыяў — і апошнім на сёньня — візытам Лукашэнкі ў Эўразьвяз была паездка ў Рым і Ватыкан у траўні 2016 году.
Пасьля яго ня раз запрашалі ў краіны Эўразьвязу, але ён адмаўляўся — напрыклад, прамяняў Брусэль на Буда-Кашалёва.