Трэцяя царква прызнала Праваслаўную царкву Ўкраіны

Патрыярх Александрыйскі Феадор ІІ. Архіўнае фота

Прадстаяцель Александрыйскай праваслаўнай царквы патрыярх Феадор II абвясьціў пра прызнаньне незалежнай ад Маскоўскага патрыярхату Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ).

Пра гэта ён заявіў 8 лістапада ў Каіры. Ён ужо памянуў прадстаяцеля ПЦУ мітрапаліта Епіфанія падчас літургіі.

Александрыйская царква — трэцяя з 14 агульнапрызнаных праваслаўных цэркваў, якія прызналі незалежнасьць ўкраінскай. Раней гэта зрабілі Канстантынопальская праваслаўная царква (студзень 2019) і Грэцкая праваслаўная царква (кастрычнік 2019).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: РПЦ прыпыніла кантакты з царквой Грэцыі праз прызнаньне ўкраінскай аўтакефаліі

Александрыйскі патрыярхат — адзін з чатырох найстарэйшых гістарычных праваслаўных патрыярхатаў і адзін з самых паважаных у праваслаўным сьвеце, ён займае другое месца пасьля Ўсяленскага патрыярхату ў дыптыху — традыцыйным сьпісе памесных праваслаўных цэркваў.