Беларусы ў палітычным канфлікце адзін у аднаго не страляюць

Дэманстрацыя працоўных у Менску, люты, 1917 год

У 1991 годзе ў Беларусі адбылося прыкладна тое ж самае, што і ў кастрычніку-лістападзе 1917 году, толькі з пераменай роляў.

Сьцісла:

  • У Менску палітычны крызіс кастрычніку-лістапада 1917 году вырашыўся без узброенага сутыкненьня
  • На беларускіх землях было тады троеўладзьдзе
  • Перамога бальшавікоў была забясьпечаная псыхалягічнай, а не сілавой перавагай
  • У 1991 годзе ў Беларусі адбылося прыкладна тое ж самае, што і ў кастрычніку-лістападзе 1917 году, толькі з пераменай роляў

Напярэдадні чарговай гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі (ці перавароту) давялося пачытаць сёе-тое, што адбывалася ў Менску 102 гады таму. Я не гісторык, знаўцам ня стаў. Адмыслоўцы мяне паправяць, калі я памыляюся.

Але ўбачыў у тых падзеях некаторыя моманты, павучальныя, магчыма, і для цяперашняга часу. І, магчыма, пэўны нацыянальны архетып, які не мяняецца і за стагодзьдзе.

Вельмі важны момант — у Менску, у адрозьненьні ад Петраграду, не дайшло да стральбы. Было на мяжы, нейкія ўзброеныя сілы былі на абодвух баках — і ў бальшавікоў і ў іх апанэнтаў, але да страляніны не дайшло.

Не, гвалту хапала, і маёнткі палілі, асабліва калі вязьняў дэзэрцірскага лягеру вызвалілі пасьля петраградзкага перавароту.

Але ад уласна палітычнага гвалту ўстрымаліся ўсе. Можа, таму што беларусы?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імпартныя бальшавікі і Заходняя камуна. 9 фактаў і 3 цытаты пра «рэвалюцыю» у Беларусі

Менскае троеўладзьдзе

Тым цікавей, як адбылася зьмена. Адразу пасьля перавароту ў Піцеры абазначылася ў Менску двоеўладзьдзе, нават троеўладзьдзе: Савет, дзе рэй вялі бальшавікі, Менская гарадзкая дума, і войска, Заходні фронт.

Савет, бальшавікі, адразу ж падтрымалі Леніна і Троцкага, адразу абвясьцілі сябе ўладай, хуценька стварылі ўжо зусім закрытую структуру, чыста бальшавіцкую — Вайскова-рэвалюцыйны камітэт.

Дума, дзе рэй вялі эсэры і Бунд, пераварот у Петраградзе асудзіла, назвала злачынствам, утварыла свой Камітэт абароны рэвалюцыі, антыбальшавіцкі па сутнасьці.

Тады рэвалюцыяй кляліся ўсе, левыя ідэі былі абсалютна дамінуючыя.

І пэўны пат — назапашваньне сілаў, псыхалягічнае дужаньне. На якое глядзіць зьбянтэжанае войска. Яно ўжо ў лютым адвярнулася ад свайго галоўнакамандуючага, ад цара, цяпер і наступную ўладу ў Петраградзе нібыта скінулі. А хто ж цяпер сапраўдная ўлада? Пры гэтым у войску напоўніцу ідзе бальшавіцкая агітацыя.

«Вінтоўка спараджае ўладу»

Гэтую максіму выказаў Мао Цзэдун значна пазьней за кастрычнік 1917 году. Але менскія бальшавікі тады, нібыта, ёй і кіраваліся. Але не гэта ці, прынамсі, ня толькі гэта, вырашыла сытуацыю. Тут з клясыкам камунізму можна і паспрачацца.

У Менску адразу пасьля перавароту ў Петраградзе бальшавікі фармуюць баявыя злучэньні, міліцыю ў яе першасным, гістарычным значэньні — парамілітарныя злучэньні пэўнай палітычнай сілы. З тых жа вызваленых дэзэрціраў, вязьняў, хуценька ствараюць полк імя Менсавету.

Многія адзначаюць, што лідэры беларускіх, менскіх бальшавікоў былі немясцовыя людзі. Так, немясцовыя. Але менскія атрады Чырвонай гвардыі ствараюцца зь мясцовых. Ды і дэзэрціры зь мясцовых у тым ліку.

А супрацьпаставіць гэтай навале сваю міліцыю, сфармаваць сваю вайсковую сілу зь іншых мясцовых, Камітэт па ўратаваньні рэвалюцыі ня ў стане. А скарыстацца легітымнай, законнай вайсковай сілай... А чый закон, каму мусіць падпарадкоўвацца армія? Ёсьць вайсковыя злучэньні, якія антыбальшавіцкаму камітэту сымпатызуюць, але іх вельмі мала. Камітэт зьвяртаецца да камандаваньня Заходнім фронтам — дайце войскі.

Камандаваньне цягне, а Камітэт атрымлівае ўдар у сьпіну, яго пакідаюць прафсаюзы, прадстаўнікі войска ў камітэце выступаюць супраць ужываньня сілы (якой няма).

Бальшавікі тым часам захопліваюць зброю для сваіх байцоў. На патрабаваньне думскага Камітэту яе вярнуць адказваюць — «Мы зьнішчым Менск артылерыяй».

Артылерыі ў іх асабліва няма, гэта ў значнай ступені блеф, але ёсьць воля, ёсьць рашучасьць, ёсьць кураж.

І пры гэтым ніхто не страляе.

Нарэшце замест дапамогі Камітэту Думы з фронту прыбывае на Менскі вакзал бранепоезд з камандай бальшавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менск будзе зьмецены артылерыяй»: Што адбывалася ў Менску ў кастрычніку-лістападзе 1917 году?

Менская «Аўрора»

Такая сабе менская «Аўрора». Якая, аднак, пры гэтым усё яшчэ не страляе. А ўжо і ня трэба. У рэвалюцыйных падзеях галоўнае — дасягненьне псыхалягічнай перавагі, дэмаралізацыя праціўніка. «Аўрора» у Петраградзе, праўда, таксама стрэліла халастым, таксама быў больш псыхалягічны ўплыў. Ну а ў Менску і таго не спатрэбілася.

Той бранепоезд стаў вырашальнай менавіта псыхалягічнай зброяй. Камітэт па ўратаваньні рэвалюцыі, які яшчэ некалькі дзён таму здаваўся магутнай, прынамсі значнай сілай — здзьмуўся, яго вага выпусташылася, як пясок скрозь пальцы.

І тая самая Дума, якая зусім нядаўна ўтварыла Камітэт па ўратаваньні рэвалюцыі зь лепшых людзей гораду, сама аддала ўладу бальшавіцкаму Вайскова-рэвалюцыйнаму камітэту. Ну і апошнюю кропку паставіла кіраўніцтва Заходняга фронту, прызнаўшы ўладу бальшавікоў.

І ўсё без стральбы. Вайсковыя сілы мелі, зразумела, значэньне, але як псыхалягічны фактар. Але перамог той бок, які меў уласна псыхалягічную перавагу.

Эстафэта часоў: 1917-1991

Варта сказаць, што праз шмат гадоў Менск, Беларусь, бачылі тое самае, толькі з пераменай роляў. У 1991 годзе ў Вярхоўным Савеце БССР камуністы складалі пераважную большасьць, а апазыцыя — жменьку. Але гэты самы Вярхоўны Савет распусьціў партыю, да якой належала большасьць яго дэпутатаў.

Менск, 1991

Тут у апазыцыі і зброі не было, не было чым пагражаць. Зброя, армія, КДБ былі як бы ва ўлады, ва ўраду, у ЦК КПБ. Але і не было. Ні ў каго не было сілы яе ўжыць, не было нават думкі такой, асабліва калі ў сталіцы, гэтым разам у Маскве, перамаглі антыкамуністы.

Ускосныя, зразумела, высновы. Можа памылковыя.

— Беларусы ў палітычным канфлікце адзін у аднаго не страляюць

— У рэвалюцыі, прынамсі ў беларускіх рэвалюцыях, усё вырашае моц духу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.