Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск будзе зьмецены артылерыяй»: Што адбывалася ў Менску ў кастрычніку-лістападзе 1917 году?


Выстава Менск-1917
Выстава Менск-1917

Прапануем хроніку падзеяў на тэрыторыі сучаснай Беларусі падчас кастрычніцкага перавароту 1917 году. У той час празь Беларусь праходзіла лінія фронту Першай Усясьветнай вайны.

25 кастрычніка (7 лістапада)

Выканаўчы камітэт Менскага савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў выдаў загад № 1 аб прызнаньні новай улады ў Петраградзе.

У Менску вызваленыя з губэрнскай турмы і дэзэртэрскага лягера ў Серабранцы некалькіх тысяч салдат-бунтаўнікоў, а таксама марадзёраў і пагромшчыкаў. Зь іх пачалося фармаваньне Першага рэвалюцыйнага палку імя Менскага Савету.

26 кастрычніка (8 лістапада)

У газэце Таварыства беларускай культуры «Вольная Беларусь» надрукаваны верш Якуба Коласа «Да працы»

Дапомаж Бог нам у прыгодзi!..

Ні царскі біч, ні прышлы хам, —

Хай будзе лад у сваёй гасподзе

Ствараць народ-ўладарац сам

27 кастрычніка (9 лістапада)

Менская гарадзкая дума ўтварыла Камітэт выратаваньня рэвалюцыі з палітычнай плятформай — непрызнаньне ўлады, усталяванай бальшавікамі ў Петраградзе, прадухіленьне грамадзянскай вайны. У Камітэт уваходзяць і прадстаўнікі Менскага Савету.

З пастановы Камітэту: «Дума лічыць выступ бальшавікоў відавочным злачынствам... Нармальным зыходам з гэтага крызісу быў бы пераход улады на месцах да органаў дэмакратычнага самакіраваньня».

27 кастрычніка (9 лістапада)

Бальшавікі, чальцы Менскага савету, ствараюць Вайскова-рэвалюцыйны камітэт.

31 кастрычніка (12 лістапада)

Камітэт уратаваньня рэвалюцыі накіроўвае сваіх прадстаўнікоў у Петраград для выкладаньня пазыцыі Камітэту.

31 кастрычніка (12 лістапада)

Менскі савет разрывае адносіны з Камітэтам выратаваньня рэвалюцыі.

Камітэт выратаваньня рэвалюцыі зьвяртаецца да камандаваньня Заходнім фронтам з просьбай прыслаць у Менск войскі, каб прадухіліць магчымыя сутыкненьні

2 лістапада (15 лістапада)

У Менск прыбывае бронецягнік, камандзірам якога быў бальшавік Васіль Пралыгін. Камітэт выратаваньня рэвалюцыі аддае распараджэньне затрымаць бронецягнік па дарозе, але яно не было выкананае.

Цэнтральнае бюро прафэсійных саюзаў выходзіць са складу Камітэту выратаваньня рэвалюцыі. Прадстаўнікі вайсковых і франтавых камітэтаў выступаюць супраць ужываньня сілы.

Вільгельм Кнорын, адзін зь лідэраў бальшавікоў Беларусі (з успамінаў): «Прыезд у Менск гэтага бронецягніка азначаў сьмерць Камітэту выратаваньня Рэвалюцыі. Пытаньне аб прызнаньні савецкай улады ў Заходняй вобласьці і на фронце было прадвызначанае. Савет стаў фактычнай уладай, Рэвалюцыйны камітэт пачаў дзейнічаць».

Менская газэта «Вольная Беларусь»: «Бальшавікі, захапіўшы ўладу, забралі гэтаксама і зброю і нягледзячы на патрабаваньні Камітэту выратаваньня рэвалюцыі, адмовіліся вярнуць яе назад. Бальшавікі заявілі, што калі хто паспрабуе прымусам забраць у іх зброю, дык Менск будзе зьмецены артылерыяй»

6 лістапада (19 лістапада)

На пасяджэньні Менскай гарадзкой думы прыхільнікі бальшавікоў атрымліваюць перамогу. Камандаваньне Заходняга фронту абвяшчае, што падпарадкоўваецца бальшавіцкаму Вайскова-Рэвалюцыйнаму камітэту.

12 лістапада (25 лістапада)

На выбарах ва Ўсерасейскі ўстаноўчы сход у беларускіх губэрнях і на Заходнім фронце перамагла партыя бальшавікоў (30 мандатаў з 56-ці).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG