7 лістапада ў Беларусі павінны назваць імёны 56 так званых «сэнатараў» — чальцоў Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага скліканьня. Па 8 чалавек ад кожнай з шасьці абласьцей і ад Менску.
Статус і заробкі
«Сэнатары» карыстаюцца недатыкальнасьцю, пакуль Савет Рэспублікі іх яе не пазбавіць. Ім даецца службовае жыльлё, міністэрскі заробак, яны могуць мець памочнікаў. Зрэшты, заробкі ў беларускіх міністраў розныя: напрыклад, у кіраўнікоў МЗС і Мінабароны яны вышэйшыя, чым у міністраў культуры і сельскай гаспадаркі.
Выдаткі на ўтрыманьне абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу сёлета павінны скласьці 17,49 мільёна рублёў. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падлічыла:
«Кожную гадзіну, уключаючы выходныя і сьвяточныя днi, а таксама начны час, на Нацсход траціцца з нашых кішэняў дзьве тысячы беларускіх рублёў».
27% гэтай сумы выдаткуюць на Савет Рэспублікі. Зь яе на заробкі чальцам верхняй палаты прадугледжана 668,41 тысяч рублёў. І гэта пры тым, што «сэнатары» могуць ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць без адрыву ад асноўнай працы. Сакратарыят Савету каштуе падаткаплатнікам 1,56 мільёна рублёў. Дадайце да гэтага складкі на сацыяльнае страхаваньне, грошы на набыцьцё розных матэрыялаў, камандзіроўкі, службовыя разьезды, аплату паслуг, выплату пэнсіяў, дапамог і іншае.
Агулам набярэцца 4,7 мільёна рублёў. Калі падзяліць гэтую суму на 64, то выйдзе, што адзін «сэнатар» каштуе краіне 73 тысячы рублёў, ці больш як 35 тысяч даляраў, на год.
На 2020 год выдаткі Нацыянальнага сходу плянуецца павялічыць. У праекце бюджэту пазначаная лічба — 19,53 мільёна рублёў.
Хто яны, сэнатары?
У цяперашнім складзе Савету Рэспублікі, як і ў ранейшых скліканьнях, шмат вядомых у краіне асобаў.
Старшынюе тут Міхаіл Мясьніковіч, які пабываў і кіраўніком прэзыдэнцкай Адміністрацыі, і старшынём Нацыянальнай акадэміі навук, і прэмʼер-міністрам. Да нядаўняга часу ягонай намесьніцай была Марʼяна Шчоткіна, экс-міністар працы і сацыяльнай абароны. Астатнія — кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў, буйныя былыя і дзейныя чыноўнікі.
Сярод іх, напрыклад,
- генэральны дырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты,
- генэральны дырэктар «Марка» Мікалай Мартынаў,
- кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў Міхаіл Орда,
- былы віцэ-прэмʼер і намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі Аляксандар Папкоў,
- былы амбасадар у Карэі Сяргей Рахманаў.
У папярэдніх скліканьнях можна згадаць такіх «сэнатараў», як Мікалай Чаргінец, Анатоль Малафееў, Людміла Пастаялка, Вадзім Папоў, Уладзімер Сянько.
Атрымліваецца, што верхняя палата — гэта структура, куды многіх былых і цяперашніх высокапастаўленых асобаў накіроўваюць сьпісавым прызначэньнем, часта — на «заслужаную пэнсію». Адным словам, сінэкура.
На 56 месцаў — 56 кандыдатаў
Нават выгляду, што тут існуе хоць нейкае падабенства выбараў, улады ня робяць. На 56 крэслаў абсалютна столькі ж кандыдатаў. Звычайныя грамадзяне ў гэтай справе ніякім чынам ня ўдзельнічаюць. Імёны «сэнатараў» зацьвердзяць на дэпутацкіх сходах саветаў базавага ўзроўню на безальтэрнатыўнай аснове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Конкурсу ня будзе. Хто ў Беларусі ідзе ў «сэнатары». Факты і лічбыТэарэтычна кандыдатаў можа быць вылучана колькі заўгодна, а мясцовыя дэпутаты могуць выбраць з гэтага сьпісу восем прозьвішчаў. На практыцы атрымліваецца, што ў бюлетэнях ужо запісаныя толькі тыя восем чалавек, якія атрымалі ўхваленьне мясцовых і цэнтральных уладаў. Хоць, зразумела, да таго як трапіць у запаветны бюлетэнь, вылучэнцы шмат сілаў аддаюць «паддываннай» валтузьні. Бо ахвотных трапіць на «салодкае месца» болей, чым крэслаў.
Агульная колькасьць чальцоў у Савеце Рэспублікі — 64. 8 у дадатак да 56 — гэта асабістая квота Лукашэнкі. Ён можа прызначыць свайго чалавека ў любы момант, нават ня лічачыся з пэрыядам выбараў. А можа і трымаць сваю квоту незапоўненай цалкам. Напрыклад, у дзейным Савеце толькі два асабістыя вылучэнцы кіраўніка дзяржавы — Генадзь Давыдзька і Аляксандар Папкоў.
Чым займаюцца «сэнатары»
Асноўная функцыя верхняй палаты — быць яшчэ адным фільтрам на шляху законапраектаў, якія паступаюць з Палаты прадстаўнікоў на подпіс прэзыдэнту. Прычым нават калі «сэнатарам» не падабаецца творчасьць іх малодшых (паводле статусу) калег, яны самі дакумэнты не ўдасканальваюць, а зноў адсылаюць у ніжнюю палату на дапрацоўку. Такія выпадкі здараюцца, але ня больш як адзін-два разы на кадэнцыю.
Таксама Савет Рэспублікі ўдзельнічае ў фармаваньні шэрагу дзяржаўных органаў і зацьвярджэньні важных рашэньняў.
У прыватнасьці, «сэнатары»:
- прызначаюць 6 судзьдзяў Канстытуцыйнага суду (яшчэ 6 — кіраўнік дзяржавы);
- зацьвярджаюць паўнамоцтвы прызначаных прэзыдэнтам кіраўнікоў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, Генэральнага пракурора, старшыні праўленьня Нацыянальнага банку;
- дзьвюма трацінамі галасоў зацьвярджаюць імпічмэнт прэзыдэнта;
- у трохдзённы тэрмін ухваляюць або адмяняюць указы прэзыдэнта аб надзвычайным ці ваенным становішчы і мабілізацыі.
Па факце ж Савет Рэспублікі пакуль толькі ўхваляе абсалютна ўсе рашэньні прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі каштуюць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Адной карцінкайЯк узьнік Савет Рэспублікі
Да так званага лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году ў Беларусі існаваў аднапалатны парлямэнт — Вярхоўны Савет. Лукашэнка, як вядома, змагаўся і зь Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня, і 13-га. Спроба імпічмэнту кіраўніку дзяржавы патрабавала ад яго нейкіх кардынальных зьменаў. Так і зьявіўся Савет Рэспублікі, як своеасаблівая пракладка паміж парлямэнтам і прэзыдэнтам, як вынік канкрэтных гістарычных падзей сярэдзіны 1990-х гадоў. Верхняя палата стала гарантыяй для блякаваньня непажаданых для Лукашэнкі рашэньняў Палаты прадстаўнікоў. У Савет Рэспублікі адбываецца прызначэньне пад выглядам выбараў.
Шмат хто з адмыслоўцаў у галіне дзяржаўнага будаўніцтва лічыць — у такой унітарнай дзяржаве, як Беларусь, дзьвюхпалатны парлямэнт не патрэбны наагул.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «2 балы з 10». Наколькі цікавяць беларусаў выбары ў дэпутаты