«Улада зрабіла ўсё для дэпалітызацыі любых выбараў». Апазыцыйныя кандыдаты і палітолягі вінавацяць уладу ў палітычнай апатыі грамадзян.
17 лістапада ў Беларусі пройдуць выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, пакуль на тэлевізіі ідуць дэбаты і выступы, а па Менску стаяць пікеты, Свабода пацікавілася ў кандыдатаў, палітолягаў і праваабаронцаў, а ці зьвяртаюць увагу на гэтыя выбары людзі. Мы папрасілі ацаніць цікавасьць да выбараў па шкале ад 0 да 10 балаў. І амаль усе апытаныя сышліся ў ацэнцы.
Кандыдат Ігар Барысаў: «2 з 10»
Кандыдат у дэпутаты і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў ацэньвае цікавасьць людзей да выбараў на 2 балы з 10. На адну зь ягоных сустрэчаў з выбарцамі не прыйшоў ніхто, нягледзячы на абвесткі.
«Цікавасьць вельмі нізкая. 20–30% па Менску дойдзе да выбарчых участкаў. За 25 гадоў улада зрабіла ўсё магчымае, каб адбіць ахвоту ў людзей хадзіць на выбары. Для ўлады выбары — гэта мабілізацыйны рэсурс. Ня важна, як людзі галасуюць, важна, каб яны дайшлі да выбарчых участкаў», — мяркуе Ігар Барысаў.
Праваабаронцы: «2 з 10»
Аналягічную ацэнку ажыятажу — ці, дакладней, яго адсутнасьці — перад выбарамі дае каардынатар кампаніі «За свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч. На ягоную думку, усе выбарчыя працэсы ў краіне «дэпалітызавала ўлада». Бо кандыдатаў, якія агучваюць рэальныя праблемы, проста здымаюць з выбараў.
Палітоляг: «2 з 10»
Аляксандар Класкоўскі адзначае, што «грамадзтва апатычнае, а цікавасьці да выбараў амаль няма». На ягоную думку, зацікаўленая ў іх толькі частка палітызаванага, апазыцыйнага грамадзтва. Ягоная ацэнка цікавасьці — 1–2 з 10 балаў.
«У сацыяльных сетках яшчэ віруюць нейкія меркаваньні, і публіка, якая падпісаная на пэўныя суполкі, можа лічыць, што ідуць палітычныя працэсы. Маю эмпірычнае назіраньне, што выступы па радыё і тэлевізіі таксама мала хто глядзіць».
«Гэтая татальная апатыя — вынік мэтанакіраванай палітыкі ўладаў, бо яны шмат гадоў адбівалі цікавасьць да палітыкі — зьнішчэньнем самой палітыкі, рэпрэсіямі. І ўладам гэта зручна, хіба што ім трэба нейкім чынам забясьпечваць яўку на ўчасткі», — кажа Аляксандар Класкоўскі.
ЦВК: «Мы цікавасьць да выбараў не ацэньваем»
Свабода зьвярнулася да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, каб тая ацаніла цікавасьць да выбараў. Але шматгадовая кіраўніца выбарчай камісіі пакінула гэта сацыёлягам.
«Гэта ня справа Цэнтральнай выбарчай камісіі ацэньваць цікавасьць да выбараў. Няхай гэтым займаюцца сацыёлягі», — адказала Лідзія Ярмошына.