Нацыянальны банк Беларусі абвясьціў аб зьніжэньні стаўкі рэфінансаваньня з 9,5% да 9% ад 20 лістапада 2019 году.
Таксама зьніжаюцца стаўкі крэдытаў і дэпазытаў «овэрнайт» (якія вяртаюцца на наступны дзень) — адпаведна з 10,75% да 10% і з 8,25% да 8%.
Нацбанк адзначае, што ў трэцім квартале «інтэнсіўнасьць інфляцыйных працэсаў працягнула запавольвацца», інфляцыя трымаецца ў межах прагнозу (гадавая ў верасьні — 5,3%).
У 2019 годзе ўжо аднойчы зьніжалі стаўку рэфінансаваньня — на тыя ж 0,5 адсоткавага пункту ў сярэдзіне жніўня. Летась такіх зьніжэньняў было два, а ў 2017-м — аж восем.
9%, што будуць цяпер, гэта рэкордна нізкая стаўка рэфінансаваньня за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Агулам стаўка рэфінансаваньня паступова зьніжаецца з 2015 году і тагачасных 25% (гэта не рэкорд — зімой 1994–95 гадоў было 480%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У праекце бюджэту заплянавалі меншы рост эканомікі, чым прагназаваў урадПры тым папярэдні праект бюджэту на 2020 год, што паступіў у Палату прадстаўнікоў, разьлічвалі са стаўкай рэфінансаваньня, роўнай 9,5%.
Стаўка рэфінансаваньня — паказьнік, што вызначае адсоткі, якія трэба выплаціць галоўнаму банку краіны за крэдыты. Ад гэтай стаўкі залежыць, наколькі дарагія ці танныя крэдыты могуць даваць банкі. Чым больш надзейная фінансавая сытуацыя ў дзяржаве, тым меншая стаўка і тым больш даступныя грошы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румас расказаў, што ня так зь беларускай эканомікай