Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас 5 лістапада запрасіў апазыцыйную дэпутатку Ганну Канапацкую «на працу ва ўрадзе», каб «дапамагчы» з ростам эканомікі. Дэпутатка расказала Свабодзе, што думае аб прапанове.
Гісторыя з прапановай пайсьці ва ўрад пачалася, як пісаў Tut.by, з пытаньня самой Канапацкай да прэм’ера пра тое, як урад плянуе дасягнуць пастаўленай задачы павелічэньня валавога ўнутранага прадукту да 100 млрд даляраў.
Сяргей Румас прызнаўся, што ўрад «кепска працуе над гэтай задачай», і сказаў, што ў пытаньні дэпутаткі чуе «падтэкст, што вы ведаеце, як вырашыць гэтую задачу». Але адзначыў, што і Канапацкая «ня вельмі добра зрабіла сваю працу збору подпісаў» (сама яна пра нядопуск да выбараў казала, што ўлады «прыбіраюць моцных праціўнікаў»), і, раз яна ня трапіць у наступнае скліканьне Палаты прадстаўнікоў, то запрашаецца на працу ва ўрад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румас расказаў, што ня так зь беларускай эканомікайГанна Канапацкая расказала Свабодзе, што яны з Румасам сапраўды дамовіліся на сустрэчу. Але асноўнае ў гэтай сустрэчы не «пытаньне працаўладкаваньня», а магчымасьць абмеркаваць і рэалізаваць прапановы «структурнай перабудовы эканомікі, падатковай сыстэмы, сацыяльнай палітыкі дзяржавы», якія, сьцьвярджае яна, могуць дапамагчы дасягнуць тых 100 млрд даляраў ВУП.
Пра тое, ці такі лёс для яе ўлады задумвалі ад пачатку, ці так кампэнсуюць нядопуск на выбары, Канапацкая цяпер ня думае — кажа, працуе над тым, каб завяршыць праекты, якія пачала ў Палаце.
«Гэта можа быць ацэнкай маёй працы ў Палаце прадстаўнікоў за тры гады, — разважае Канапацкая аб прычынах прапановы Румаса. — Я была сапраўды канструктыўнай, удзельнічала ў працы ня толькі Палаты, але і ўраду, уносіла рэальныя прапановы, накіраваныя на стварэньне ўмоваў для інвэстыцыяў, для разьвіцьця бізнэсу, большая частка якіх была прынятая».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая і Анісім пракамэнтавалі свой нядопуск да выбараў