Як беларуская рэжысэрка прайшла шляхам сьвятога Якуба. Знакамітая пілігрымка ў 10 пытаньнях і адказах

Першы дзень падарожжа Вольгі Абрамчык

Беларуская рэжысэрка-дакумэнталістка Вольга Абрамчык, чый фільм «Трэнэр» пра каманду невідушчых віцебскіх футбалістаў дэманстраваўся на шэрагу міжнародных кінафэстываляў, у тым ліку і на «Лістападзе» ў Менску, гэтай восеньню прайшла пешкі знакамітым шляхам сьвятога Якуба. Такім чынам Вольга вырашыла выпрабаваць сябе і зьмяніць жыцьцёвы ракурс пасьля цяжкай працы над фільмам пра людзей, якія робяць, падавалася б, немагчымае.

Што такое шлях сьвятога Якуба?

Сант’яга-дэ-Кампастэля, фінальная кропка падарожжа

Гэта знакаміты шлях пілігрымаў да меркаванай магілы апостала Якуба ў гішпанскім горадзе Сант’яга-дэ-Кампастэля, галоўная частка якой праходзіць па паўночнай Гішпаніі. Дзякуючы сваёй папулярнасьці і разгалінаванасьці гэты маршрут аказаў вялікі ўплыў на распаўсюджваньне культурных дасягненьняў у эпоху Сярэднявечча. Шлях сьвятога Якуба ўваходзіць у лік помнікаў сусьветнай спадчыны UNESCO. У 2009 годзе ім прайшлі больш за 145 тысяч чалавек. Сьвяты Якуб стаў лічыцца заступнікам падарожнікаў.

Колькі заняло падарожжа ў днях і кілямэтрах?

31-гадовая рэжысэрка Вольга Абрамчык жыве ў Празе, працуе на тэлеканале «Настоящее время». У падарожжа яна выправілася зь дзьвюма сяброўкамі. Яны паляцелі ў Лісабон, адтуль у Порта, і далей пешкі да сабору сьвятога Якуба ў Сант’яга-дэ-Кампастэля.

Пачатак падарожжа

«Гэта лічыцца шляхам паломнікаў, але людзі бачаць у гэтым і турыстычную мэту, хтосьці хоча пабыць адзін на адзін з прыродай, каб адказаць на пытаньні, якая назапасіліся ўнутры, — кажа Вольга. — Я хацела пабыць сама з сабой. Мы нядаўна закончылі фільм, было шмат працы, трэба было адпачыць і правесьці час у філязофскіх роздумах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гульня ў цемры». Як беларуская рэжысэрка зьняла фільм пра невідушчых футбалістаў

Па дарозе сустракалі самых розных людзей розных узростаў зь дзясяткаў краінаў сьвету.

Разам з 80-гадовым падарожнікам

Пазнаёміліся з 80-гадовым мужчынам, які некалькі гадоў таму прайшоў пешкі 1000 кілямэтраў. Пілігрымы расказвалі, што ў гэты час таксама ішла шляхам сьвятога Якуба дзяўчына зь Беларусі, але мы зь ёй не перасекліся».

Вольга прайшла 260 кілямэтраў за 12 дзён.

Дзе начуюць пілігрымы?

Уваход у альбэрге

Вольга Абрамчык ішла праз маленькія гарадкі і вёскі Партугаліі і Гішпаніі. Пілігрымы звычайна спыняюцца ў спэцыяльных месцах для начлегу, муніцыпальных ці прыватных альбэрге. Вольга ўдакладняе, што муніцыпальныя альбэрге загадзя забраніраваць нельга:

«Усё павінна быць сумленна, прыходзіш, пытаесься, ці ёсьць вольныя месцы, а там ужо як пашанцуе. Прыватныя альбэрге можна браніраваць, але яны даражэй каштуюць — каля 12 эўра, а муніцыпальныя — 5 эўра. Першы дзень нам было дастаткова цяжка ісьці, да канца не разумелі, што чакае. Прайшлі больш, чым плянавалі, стаміліся. Пайшоў дождж, пачыналася ноч, а месцаў у альбэрге не было. Што рабіць? У выніку ўсё ж знайшлі нейкі начлег, усталі на сьвітанку і пайшлі далей».

Што трэба мець з сабой?

Падчас дажджу

«Выбіраючы вопратку, трэба арыентавацца на надвор’е, але ўсё роўна не ўгадаеш, — кажа падарожніца. — Мы ішлі ў верасьні-кастрычніку, было то горача, то холадна, часта ішоў дождж. Трэба браць і цёплыя, і лёгкія рэчы. Калі холадна, рэчы ня сохнуць, а калі горача, яны ўсё роўна застаюцца вільготныя. Заплечнік не павінен быць цяжэй за 5-7 кіляграмаў. Мой заплечнік быў каля 10 кіляграмаў, і першы дзень я магла думаць толькі пра тое, што выкінуць. Трэба браць адны шорты, адны штаны, дзьве майкі. Калі начуеш у муніцыпальных альбэрге, патрэбны ручнік, калі ў прыватных — не. Я ішла ў трэкінгавых красоўках. Важна, каб абутак быў разношаны і камфортны. Бялізну прала ў альбэрге (брала з сабой мыла), а заплечнік быў „вешалкай“, якую насіла на сабе».

Што самае складанае ў падарожжы?

У дарозе

За дзень Вольга праходзіла мінімальна 17 кілямэтраў, максымальна — 32, што лічыцца добрым вынікам для першага паходу:

«Ісьці было дастаткова лёгка. Самае цяжкае было — спыняцца ў альбэрге, дзе магло быць да 30 чалавек у адным пакоі. Чакаеш, што табе будзе цікава зь людзьмі з розных краінаў, але калі прыходзіш стомлены, і ўсе вакол таксама стомленыя, то не заўсёды атрымліваецца казачная атмасфэра. Ні зь кім ня хочаш гаварыць. Аднаўляцца трэба, і гэта не заўсёды атрымлівалася, бо побач нехта размаўляе, нехта рана ўстае, камусьці холадна, камусьці душна, адкрываюць ці закрываюць акно».

Як сілкавацца ў дарозе?

«Па дарозе ёсьць шмат кавярняў і закусачных, дзе заўсёды ёсьць спэцыяльнае мэню для пілігрымаў, — распавядае рэжысэрка. — За 5-6 эўра можна ўзяць суп, рыбу, рыс і каву. Вельмі сытна і смачна. Прыдарожныя кавярні вельмі атмасфэрныя, усе табе жадаюць добрай дарогі, вакол шмат пілігрымаў. Там сапраўды можна разгаварыцца, запытацца пра наступны прыпынак, як праходзіць маршрут, ці ўсё ў парадку. З вадой таксама праблем не было. Шмат фантанчыкаў было па дарозе. У мяне была 0.5 бутэлька, якую я ўвесь час напаўняла вадой».

Калі пачынаеш атрымліваць задавальненьне ў дарозе?

Вольга згадвае, што першыя пяць дзён ісьці было вельмі цяжка не фізычна, а маральна:

«Я думала, што я тут раблю, навошта я пайшла. Толькі на пяты дзень я пачала атрымліваць задавальненьне, заўважаць людзей і прыроду больш тонка. Вельмі спадабаліся мясцовыя людзі ў Партугаліі, якія жадалі добрай дарогі, усьміхаліся. Шмат успамінала Беларусь, бо пахі партугальскіх вёсак нагадвалі мне дзяцінства ў бабулі ў вёсцы. Гэта было нібы пагружэньне ў дзяцінства».

Якія небясьпекі чакаюць у падарожжы?

Вольга Абрамчык

«Мы выйшлі ўтрох, але на чацьверты дзень адна дзяўчына была вымушаная сысьці з дарогі праз старую траўму нагі, бо ў яе пачалося запаленьне зьвязак. Можна рыхтавацца, хадзіць у трэнажорную залю, але што насамрэч будзе, пакажа падарожжа, — перакананая Вольга Абрамчык. — Я захварэла ў сярэдзіне дарогі, бо немагчыма было высушыць рэчы. З кашлем і тэмпэратурай ісьці было цяжка, але атрымалася хутка аднавіцца».

Ці лепей ісьці адной?

«Вельмі шмат людзей ідуць самі дарогай сьвятога Якуба. У кожнага свой рытм. Зь сяброўкай мы выходзілі ў адзін час, але вельмі хутка праз тое, што ў нас быў розны рытм, разыходзіліся. Мы паважалі адна адну. Павольна мне было нязручна ісьці, а ёй было цяжка ісьці хутка. І гэта нармальна. Мы сустракаліся ўжо ў горадзе і разам выбіралі, дзе будзем спыняцца. Наступным разам я б наважылася пайсьці адна», — лічыць падарожніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ёсьць футбольная каманда невідушчых. І пра гэта зьнялі дакумэнтальны фільм


Якая самая галоўная выснова з падарожжа?

«Калі жывеш і працуеш, то прывыкаеш да пэўнай рутыны. Празь некалькі дзён падарожжа думаеш толькі пра тое, як знайсьці ежу і начлег. Заходзіш у бар ці рэстарацыю і пытаесься, дзе ў гэтых мясьцінах можна пераначаваць, і ўсім абсалютна пляваць, як ты выглядаеш і дзе ты працуеш. Усе людзі разумеюць, што ты едзеш дарогай сьвятога Якуба, і табе патрэбная дапамога. Я не сустрэла ніводнага чалавека, хто б праігнараваў просьбу ці пытаньне, усе жадалі добрай дарогі, хацелі дапамагчы, накарміць», — згадвае Вольга.

У наступнае падарожжа Вольга Абрамчык выправіцца адна. Яна вырашыла выбраць больш дзікія мясьціны, дзе будзе вельмі мала людзей. Каб яшчэ раз выпрабаваць сябе.