Муніцыпальная рада Дрэздэна ва ўсходняй Нямеччыне ўхваліла рэзалюцыю аб «нацысцкай надзвычайнай сытуацыі», заявіўшы, што праблема ўльтраправых у горадзе стаіць вельмі сур’ёзна.
Хрысьціянскія дэмакраты — прадстаўнікі партыі Ангелы Мэркель — галасавалі супраць. Паводле іх, такі выраз у дакумэнце па сутнасьці зьяўляецца маўленчай памылкай, паведамляе ВВС.
Дрэздэн, сталіца Саксоніі і кандыдат на атрыманьне статусу Эўрапейскай культурнай сталіцы 2025 году, лічыцца своеасаблівым апірышчам ультраправых.
Сябры гарадзкой рады ўхвалілі рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што трэба рабіць больш, каб вырашыць праблему. Крытыкі мяркуюць, што гарадзкія ўлады зайшлі занадта далёка.
Што значыць «нацысцкая надзвычайная сытуацыя»
«Нацысцкая надзвычайная сытуацыя (Nazinotstand па-нямецку) азначае — па аналёгіі з кліматычнай надзвычайнай сытуацыяй — што ў нас сурʼёзныя праблемы. Адкрытае дэмакратычнае грамадзтва пад пагрозай», — заявіў BBC сябра мясцовай рады Макс Ашэнбах, які і ўнёс рэзалюцыю.
Аўтары рэзалюцыі сьцьвярджаюць, што «правыя экстрэмісцкія погляды і дзеяньні сустракаюцца ўсё часьцей», і заклікаюць горад дапамагчы ахвярам гвалту з боку ўльтраправых, абараняць меншасьці і ўмацоўваць дэмакратыю.
Ашэнбах заявіў, што гэты крок прадэманстраваў прыхільнасьць гарадзкой рады разьвіцьцю «вольнага, лібэральнага, дэмакратычнага грамадзтва, якое абараняе меншасьці і рашуча выступае супраць нацыстаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню з 1945-га. Як галасавалі нямецкія рэгіёны за правых і чамуРэзалюцыя Ашэнбаха была вынесена на галасаваньне ў гарадзкой радзе ў сераду ўвечары. Яна была ўхвалена 39 галасамі супраць 29. Сярод праціўнікаў рэзалюцыі былі і члены Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС), які ўзначальвае на фэдэральным узроўні кіруючую кааліцыю, паведамляюць мясцовыя СМІ.
У ХДС рэзалюцыю апісалі як «выключна палітычную сымболіку» і назвалі грозныя выразы ў дакумэнце — «маўленчай памылкай», піша нямецкае агенцтва DPA.
Кай Арцхаймэр, нямецкі прафэсар паліталёгіі, які шмат пісаў пра ўльтраправы экстрэмізм, заявіў, што галоўны вынік рэзалюцыі — сымбалічны, аднак у выніку гэта можа прывесьці да вылучэньня вялікіх сродкаў на праграмы па барацьбе з экстрэмізмам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне прайшла шматтысячная акцыя супраць расізму і дыскрымінацыіУ пачатку 1990-х нэанацысцкія групы ладзілі ў Дрэздэне мітынгі, каб нагадаць пра «бамбавальны галакост» (разбуральныя бамбаваньні Дрэздэна авіяцыяй саюзьнікаў у 1945 году), нагадвае Арцхаймэр. Гэтыя групы затым распаўсюдзілі свой уплыў у бліжэйшых раёнах і ў паўднёвай Саксоніі.
Фэдэральная зямля Саксонія доўгі час была галоўнай базай падтрымкі ультраправай Нацыянальнай дэмакратычнай партыі, а зараз і ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». На выбарах у верасьні яна заняла другое месца і набрала 27,5% галасоў — на 17,8% больш, чым у 2014 годзе.
У Дрэздэне ў 2014 годзе зьявіўся антыісламскі рух PEGIDA (Патрыятычныя эўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду»), тут жа ён праводзіць свае мітынгі.